Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Ансамбль польскай песні “Івянчанка” і салісты Івянецкага Дома культуры бралі ўдзел у ХII Фестывалі нацыянальных культур, які праходзіў у Гродне ў першыя дні чэрвеня.

Івянчане прадстаўляюць польскую дыяспару Беларусі практычна з першых фестываляў. На гэты раз польскі падворак быў размешчаны ля дома-музея пісьменніцы Э. Ажэшкі. Жыхары Гродна цёпла віталі нашых землякоў – салістаў Аляксандра Сабалеўскага і Ірыну Урбан, удзельніц ансамбля – і аднадушна сцвярджалі, што ім месца на галоўнай сцэне свята.

 

     6 чэрвеня ў рамках раённай бібліятэчнай акцыі “З днём нараджэння, Аляксандр Сяргеевіч!” аддзел бібліятэчнага маркетынгу раённай бібліятэкі разам з работнікамі дзіцячай бібліятэкі правялі бібліяквэст “Па дарогах казак Пушкіна”.

У гульні прынялі ўдзел вучні 4-5 класаў гімназіі № 1 і СШ № 1, што наведваюць летнікі пры сваіх установах. У кожную каманду адабралі па 10 чалавек, якія хутка і правільна разгадвалі красворды і рэбусы, адказвалі на пытанні віктарыны. Увогуле, школьнікі прадэманстравалі добрае веданне казак класіка рускай літаратуры. За гэта напрыканцы гульні былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі.

     У пункце пракату салона “Міласэрнасць” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’явіліся новыя сродкі рэабілітацыі, што дапамогуць пры хадзьбе. Яны паступілі ад Міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “Праект дапамогі дзецям Чарнобылю”.

У наяўнасці 25 калясак на калёсіках розных мадыфікацый і 25 мыліц з падлакотнікамі. Ёсць таксама 7 туалетаў для хворых. Усе сродкі выдаюцца тым, хто мае патрэбу, на бязвыплатнай аснове.

 

      Міністэрства юстыцыі рэспублікі праводзіла конкурс малюнкаў “Права на жыццё”, у якім удзельнічалі работы юных мастакоў ад 3 да 17 гадоў.

У конкурсе прымалі ўдзел работы вучняў гімназіі № 1 Валожына, цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці “Расінка”, дзіцячага сада “Вясёлы вулей” райцэнтра, а таксама ясляў-сада “Сонейка” з Ракава і 15 работ вучняў Ракаўскай ДШМ.

 

      91-гадовая жыхарка Валожына Вера Перапеча (у дзявоцтве Зянько) ніколі не чакала, што стане гераіняй Інтэрнэту і ўразіць сацыяльныя сеткі строямі са сваёй шафы, якія захоўвае літаральна з юначых гадоў.

“Сезоны Веры” – так назвала сваю работу мінская журналістка Таццяна Ткачова. Праз іх яна прасачыла не толькі доўгі жыццёвы шлях самой гераіні, але і змены ў нашым грамадстве. “Сезоны…” ўбачылі і былыя жыхары нашага горада, яго ўраджэнцы. Яны былі прыемна здзіўлены такой віртуальнай сустрэчай у сацыяльных сетках. Многія ўспомнілі і саму цётку Веру, якая жыве ў цэнтры горада па вуліцы Савецкай, і яе траіх дзяцей. А нядаўна стала вядома, што класныя «лукі» фотамайстра трапілі ў шорт-ліст міжнароднага конкурсу фотажурналістаў імя Андрэя Сценіна.

 

     1 чэрвеня работнікі аддзялення тэрміновай сацыяльнай дапамогі тэрытарыяльнага цэнтра традыцыйна наведалі радзільнае аддзяленне раённай бальніцы, дзе на той момант знаходзіліся 5 нованароджаных.

Іх матулям уручылі падгузнікі, цацкі і гелі для душа. У той дзень падарункі ў выглядзе цацак і геляў атрымалі таксама ўдзельнікі святочнай праграмы, прысвечанай Дню абароны дзяцей. 620 падгузнікаў даставілі работнікі аддзялення на мінулым тыдні ў Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат і на нейкі час зрабілі больш камфортным жыццё выхаванцаў. Усе 59 дзяцей атрымалі ў падарунак па два гелі для душа швейцарскай фірмы.

 

      Жыхароў Валожына цікавіць, што будзе ў былым магазіне “Асарці” (“Гародніна”) у цэнтры горада. Некалькі гадоў ён быў закрыты. А зараз актыўна вядуцца рамонтныя работы.

Як стала вядома, райспажыўтаварыства нарэшце знайшло арандатараў. Неўзабаве там адчыніцца прыватны магазін “Дзверы”, дзе можна будзе набыць і заказаць самыя розныя дзверы, а таксама неабходную фурнітуру да іх.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars