Місія – міласэрнасць

Нядаўна раённай структурай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа падведзены вынікі месячніка, які па даўняй традыцыі праводзіцца ў маі (прымеркаваны да дня самай аўтарытэтнай дабрачыннай арганізацыі ў свеце).

Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская ўжо 3-і год узначальвае Валожынскую арганізацыю. Яна ўпэўнена, што актыўнае валанцёрства, якое ажыццяўляюць прыхільнікі і члены Чырвонага Крыжа, дапамагае не разгубіцца ў віры праблем многім людзям, у першую чаргу тым, што сутыкнуліся з цяжкімі захворваннямі, страцілі родных, перасяліліся з месцаў, ахопленых ваеннымі дзеяннямі, сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды і прыёмныя дзеці, шматдзетным сем’ям, ветэранам вайны і працы.

За перыяд з 8 мая па 1 чэрвеня актывістамі праведзены цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падтрымку дадзеных катэгорый грамадзян.

У раёне 32 пярвічкі Чырвонага Крыжа. Асноўныя грашовыя сродкі атрыманы ў выглядзе членскіх узносаў. Усяго прадпрыемствамі раёна пералічана больш за 7718 рублёў (даведзены на год план – 11600). Лідары па зборы ўзносаў – упраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, райбальніца. У час месячніка многія арганізацыі, акрамя ўзносаў, ахвяравалі дадатковыя сродкі. Значныя сумы пералічылі райаграпрамтэхніка, РКБА, філіял ВУ “Дзяржынскгаз”.

Трэба адзначыць, сярод жыхароў Валожыншчыны шмат тых, хто чужую бяду ўмее адчуваць, як сваю. На працягу года грамадзяне прыносяць у офіс райструктуры (вул. Партызанская, 6б) адзенне, абутак, кнігі, школьныя прылады – усё, што можа стаць камусьці неабходным. І на гэты раз валожынцы адгукнуліся на заклік. Найбольшую частку рэчаў даставілі Ала Ракавец, Уладзімір Пачаеў, Вольга Ленская, Віктар Падгайскі, Валянціна Кавалеўская, Алена Гедроіць, Святлана Бушланава. Усяго 26 сямей з райцэнтра і раёна зрабілі ахвяраванні. З іх дапамогай сабрана 670 адзінак адзення, 29 пар абутку, 34 прадметы хатняга быту. Увесь гэты скарб перададзены тым, хто адчуваў у ім патрэбу. Большасць рэчаў (480 адзінак) дасталіся пацыентам пяршайскай бальніцы.

Кампанія пад назвай “Дабро  дару” стала адным з ключавых пунктаў плана месячніка. Падчас яе фінансавыя сродкі і рэчы прадаставілі прадпрымальнікі. У напаўненне скарбонкі атрада “Добрае сэрца” ўнеслі значны ўклад Святлана Бычкоўская, Максім Бень, Ніна Ціхановіч, Жанна Доўнар, Надзея Вярбіцкая, Раіса Дубоўская, Людміла Скляповіч, Таццяна Жохавец, Назакат Пяканава. Усе яны адзначаны падзякамі райарганізацыі. Агульнымі намаганнямі ўдалося сабраць амаль 65 рублёў, 39 пар абутку і 80 адзінак адзення, гаспадарчыя прадметы.

Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа “падарылі дабро” і выхаванцам сацыяльнага прытулка. Хлопчыкам і дзяўчынкам, якія часова пражываюць тут, перададзена 29 пар абутку і 49 адзінак адзення. Як адзначыла загадчыца ўстановы Святлана Іванаўна Мучынская, Чырвоны Крыж на працягу многіх гадоў з’яўляецца сябрам сацыяльнай установы. Уклад у яе функцыянаванне цяжка пераацаніць. Найбольш каштоўным з’яўляецца тое, што актывісты арганізацыі не толькі дапамагаюць з забеспячэннем неабходнымі рэчамі, але і дораць дзецям, што пазбаўлены сямейнага цяпла, дабрыню і радасць, арганізоўваюць святочныя мерапрыемствы.

Дзейнасць дабрачыннай арганізацыі немагчыма без добраахвотных памочнікаў. Валанцёрскі рух падтрымліваюць настаўнікі і вучні школ, научэнцы ліцэя. Сярод найбольш яркіх падзей на працягу года – акцыі з іх удзелам: “Калядная ёлка жаданняў”, “Дабро дару”, “У школу разам”, “Клопат”, вясенні тыдзень дабра. Пры Дорскай школе дзейнічае валанцёрскі атрад “Прымула” пад кіраўніцтвам Таццяны Кулік-Панарад, якая з’яўляецца памочнікам старшыні раённай арганізацыі. 18 мая вучань названай установы адукацыі Артур Харлінскі – валанцёр арганізацыі – правёў навучальныя інфасесіі па ўводным курсе валанцёрства сярод школьнікаў. Адбылася таксама агітацыйная кампанія “Я – валанцёр Чырвонага Крыжа і гэтым ганаруся”. Праведзены ўводны курс па фандрэзінгу (збор сродкаў для правядзення дабрачынных мерапрыемстваў) для пачынаючых валанцёраў з сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. У гэтай установе вучацца 15 сірот. Кожны з іх таксама атрымаў дапамогу. Пры падтрымцы прадпрымальнікаў для іх набыты абутак і адзенне.

У час месячніка ад Мінскай абласной арганізацыі атрымана гуманітарная дапамога: 58 харчовых набораў, 58 гігіенічных набораў, 3 коўдры і 4 камплекты пасцельнай бялізны. Усё гэта перададзена інвалідам, сіротам і шматдзетным сем’ям.

Унікальны статус і пазнавальная эмблема таварыства ва ўсе часы прываблівалі ўвагу да чужой бяды людзей са шчырай душой і спагадлівым сэрцам. Хацелася б, каб жыхары раёна, у першую чаргу працоўныя калектывы, і па-за рамкамі месячніка працягвалі падтрымліваць арганізацыю. Дзверы Чырвонага Крыжа штодзённа адчынены для тых, хто імкнецца рабіць добрыя справы.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars