Несут культуру в массы

Культура

Работнікі культуры раёна падвялі вынікі работы за 2010 год і акрэслілі планы на бягучы.

Прызнаюся, што ні на кожнае справаздачнае мерапрыемства ёсць ахвота ісці. Адразу ўспамінаецца Жванецкі з яго “слухач засынае хутчэй за аратара, бо больш стамляецца”… З-за трыбуны лавінай ідзе інфармацыя пра працэнтны рост, абяцанні далейшай эфектыўнасці агульнага працэсу і павышэнне патэнцыялу кожнага. Журналіст, падобна паляўнічаму ў засадзе, сочыць за гэтым слоўным патокам і не перастае спадзявацца – вось зараз блісне золатам цікавая думка. Часам спадзяванні аказваюцца марнымі.

Але работнікі культуры раёна не падводзяць нідзе і ніколі. Так было і на гэты раз. Усе 57 разнапрофільных устаноў (6 ДМШ і 6 ДШМ, 23 установы клубнага тыпу, 27 бібліятэк, 1 раённы музей) мелі чым вызначыцца, таму нарада аказалася цікавай і змястоўнай.

Несці культуру ў масы – справа выключна адказная і нялёгкая, да таго ж яна патрабуе наяўнасці старання і божай іскры – таленту. І па гэтых параметрах Валожыншчына сёння ў авангардзе. Нам могуць пазайздросціць іншыя рэгіёны. У раёне 6 калектываў маюць званне “народны” і 6 – “узорны”. А ў мінулым годзе з’явіўся і “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь” фальклорны калектыў “Гасцінец”. Расце майстэрства і іншых калектываў, выканаўцаў. Дастойна выглядаюць на сцэне побач са знакамітасцямі і мастак Уладзімір Сайко, спявак Аляксандр Сабалеўскі, ансамбль старадаўняй музыкі “Рарог” Івянецкай ДМШ (кіраўнік Кацярына Радзівілава), малады калектыў выкладчыкаў Ракаўскай ДМШ “Арс Лонга” (кіраўнік Аляксандр Корзюк).

Зараз акцэнт робіцца на развіццё самабытнасці: мясцовыя абрады, рэгіянальнае прыкладное мастацтва, аўтэнтычныя спевы. Як зазначыла ў сваім выступленні дырэктар Ракаўскага цэнтра фальклору Крысціна Лямбовіч, “…народная спадчына не здрадзіць. Людзі “наеліся” Інтэрнэту, ужо адчуваецца голад па “жывому” правядзенню вольнага часу. І мы павінны прапагандаваць фальклорны прадукт, чысты, выкрышталізаваны часам…”.

З «абдымкаў» віртуальных канцэртаў, гульняў, электронных публікацый вырывацца неабходна. Як альтэрнатыва ім – мабільныя аўтаклуб, бібліёбус, выязныя выступленні ў школах, вёсках, працоўных калектывах, работа гурткоў па інтарэсах, інтэрактыўныя прадстаўленні. Сёння паслугі культработнікаў запатрабаваны і ў тых, хто займаецца агратурызмам. Напрыклад, з артыстамі Сакаўшчынскага сельскага Дома культуры ахвотна супрацоўнічаюць гаспадары мясцовых аграсядзіб.

Культура, як высакаякасны тавар, запатрабаваная на рынку. І гэты камерцыйны накірунак культработнікі паспяхова асвойваюць, імі аказваецца 37 відаў платных паслуг насельніцтву, ад якіх за год атрымана 365,9 мільёна рублёў прыбытку.

Па выніках работы за мінулы год самыя паспяховыя і таленавітыя атрымалі ўзнагароды і падарункі. Сярод іх дырэктар раённага музея Н. П. Лоўчая (грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь), настаўніца Валожынскай ДМШ А. М. Лаўрыновіч, бібліятэкар Вішнеўскай сельскай бібліятэкі А. Г. Жвірко, дырэктар Ракаўскай ДМШ Ю. А. Мякінка (граматы ўпраўлення культуры аблвыканкама). Ганаровае званне ў намінацыі “Лепшы культработнік года” атрымала настаўніца выяўленчага мастацтва Івянецкай ДМШ Л. І. Капуста, лепшымі ў сваіх галінах творчасці названы таксама бібліятэкар Забрэзскай сельскай бібліятэкі М. Э. Сярэдзіч, кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец” Л. С. Пятроўская, дырэктар Ракаўскай ДМШ Ю. А. Мякінка.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *