Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

    Летнія канікулы пачалі свой трохмесячны марафон. Па рашэнні Мінскага аблвыканкама ў нашым раёне за гэты час павінны аздаравіцца 860 школьнікаў у лагерах з дзённым знаходжаннем і 625 – з кругласутачным. У першую чаргу пуцёўкі прадастаўляюцца дзецям з апякунскіх і прыёмных сем’яў і тым, якія па розных прычынах маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне.

Першыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо вярнуліся дадому. 20 дзяцей адпачывалі з 1 чэрвеня ў летніку “Вілія”, што знаходзіцца ў ДРАЦ “Надзея”, і столькі ж заехалі на змену 3 чэрвеня ў стацыянарны лагер “Лясная казка” ў Вілейскім раёне. На базе сямі ўстаноў адукацыі з 4 чэрвеня адкрыліся лагеры працы і адпачынку. Змена працягваецца да 23 чэрвеня. Вучні ад 14 гадоў і старэйшыя сумяшчаюць працу з актыўным адпачынкам. Вучні СШ № 1 і СШ № 2 ездзяць штодня на праполку цукровых буракоў у КСУП “Сакаўшчына-Агра”, гімназіі № 1 – на праполку буякоў у КСУП “Пяршаі-2014”. У сельгаспрадпрыемствах працуюць таксама вучні Гародзькаўскай і Івянецкай СШ. А вось іх равеснікі з Багданаўскай і Ракаўскай СШ задзейнічаны на добраўпарадкаванні тэрыторый сваіх навучальных устаноў.

 

    З першых дзён чэрвеня на Сакаўшчынскім вадасховішчы дзейнічае пункт пракату катамаранаў і лодак. Адкрыты ён у выратавальным пасту Таварыства выратавання на водах.

У наяўнасці маюцца два водныя веласіпеды і дзве лодкі. Гадзіна прагулкі па воднай гладзі на двухмесных сродках каштуе 5 рублёў, а на чатырохмесных веласіпедах і лодках – 10 рублёў. За першую дэкаду месяца было каля 50-і заказаў. Зразумела, што больш за ўсё адпачываючых у выхадныя дні.

 

    Свята вёскі Крыніца “Святая, як хлеб, вёска мая”, якое арганізавалі культработнікі Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры, стала першым у цыкле падобных мерапрыемстваў, распрацаваных на летні перыяд.

Даўно вёска не бачыла столькі гасцей, не чула столькі песень. У той дзень многія вяскоўцы пачулі ў свой адрас прыемныя словы. Была ўшанавана старэйшая жыхарка – Марыя Міхайлаўна Наквас, якая ўсё жыццё адпрацавала паляводам у калгасе “1 Мая”. Пра тое, што жыццё ў Крыніцы працягваецца, гаворыць наступны факт: самая юная жыхарка Ганна Амілаўская нарадзілася ў 2015 годзе. Адзначана была і яе сям’я, у якой гадуюцца чацвёра дзетак. Добрыя словы прагучалі ў адрас Ірыны Іванаўны Савасц’янавай-Станкевіч і Івана Міхайлавіча Станкевіча, якія з’яўляюцца адмысловымі гаспадарамі, а таксама дазволілі правесці свята на сваім падворку.

 

    Падчас праходжання ў Мінску традыцыйнай выставы “БЕЛАГРА-2018” 24 прадстаўнікі бізнес-колаў, кіраўнікі фірм з Польшчы ў адзін з дзён пажадалі пабываць у Івянцы. Прымалі іх у Доме Польскім.

На сустрэчы прысутнічала старшыня Івянецкага пасялковага Савета дэпутатаў Т. Я. Ліпніцкая. На завяршэнне візіту перад гасцямі выступілі самадзейныя артысты Дома культуры. Асабліва ўразіла бізнесменаў суседняй краіны выступленне ансамбля польскай песні “Івянчанка”.

 

    Не так даўно ў вёсцы Сугвазды адкрылася прыватная крама. Яе гаспадар арандаваў памяшканне ў мясцовым Доме культуры.

На радасць вяскоўцаў цяпер яны маюць даволі вялікі выбар прадуктаў і тавараў першай неабходнасці. Да гэтага часу ў вёсцы быў толькі магазін спажывецкай кааперацыі ды гандлёвая кропка аддзялення паштовай сувязі. Таксама жыхароў абслугоўваюць некалькі аўтамагазінаў.

 

    8 чэрвеня ў Вілейцы прайшлі занальныя спаборніцтвы па футболе ў рамках абласной спартакіяды “Каласок” ва ўзроставай катэгорыі 2004-2006 г. н. Першынство аспрэчвалі чатыры каманды.

Каманда Івянецкай сярэдняй школы, якая абараняла гонар нашага раёна, стала пераможцай і працягне выступаць у фінале абласных спаборніцтваў. Вось імёны пераможцаў: Нікадзім Жалток, Іван Ашкірка, Глеб Галабурда, Аляксей Рэут, Антон Бібік, Ілля Дашко, Аляксей Галубовіч, Антон Жалток, Беніямін Грыгаран, Арцём Малажавы, Назар Аляшэвіч, Артур Княжэвіч, Аляксей Лянцэвіч, Цімур Лапа.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars