Івянчане зноў першыя

XVI кубак чатырох рэгіёнаў прайшоў у Івянцы. Сёлета ён быў прысвечаны юным героям-партызанам Налібоцкай пушчы, Дню валейбаліста і 20-годдзю ўтварэння настаўніцка-бацькоўскага клуба івянецкіх ветэранаў.

Менавіта гэты спартыўны клуб на чале з капітанам Генадзем Жалтком стаў у свой час ініцыятарам правядзення турніру ў Івянцы.

16 каманд з Мінска, Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей завіталі ў гарадскі пасёлак з падарункамі і цёплымі словамі віншаванняў у адрас юбіляра. Міншчыну прадстаўлялі Вілейка, Дзяржынск, Дзераўное (Стаўбцоўскі раён), Нясвіж, Маладзечна, Стоўбцы і мясцовыя Валожын і Ракаў. Гаспадары свята выставілі каманды “Івянецкія ветэраны” і “Івянец-2016”.

Падчас мерапрыемства паміж удзельнікамі панаваў дух яднання. У Івянцы сабраліся сапраўдныя сябры, многія спартсмены прыехалі са сваімі сем’ямі. Гаспадары стараліся стварыць усе ўмовы, каб госці адчувалі сябе камфортна. Членаў зборных з Кобрына, Полацка і Ашмян, якія прыбылі з іншых абласцей, у першы дзень спаборніцтваў рассялілі па хатах мясцовых аматараў валейбола. Мінчане асталяваліся ў гасцініцы. Мясцовыя гаспадыні паклапаціліся пра смачныя абеды і вячэры для ўсіх удзельнікаў.

У нядзелю адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў, куды завітала старшыня Івянецкага пасвыканкама Т. Я. Ліпніцкая. Яна павіншавала клуб івянецкіх ветэранаў з юбілеем і ўручыла капітану Г. А. Жалтку Падзяку і памятны падарунак. У святочнай праграме былі задзейнічаны дзеці членаў клуба. Гледачоў асабліва ўразіў танец “Майскі вальс” групы “Экспрэсія”, які падрыхтавала Д. Г. Падгоранка. Дарэчы быў прачытаны верш “За што мы любім валейбол”.

На працягу двух дзён праходзілі гульні на валейбольнай пляцоўцы мясцовай школы. Каманды былі разбіты на тры падгрупы, што фарміруюцца так, каб кожны год сапернікі мяняліся.

Пераможцы ў кожнай падгрупе выйшлі ў фінал. Імі сталі зборныя з Вілейкі, Дзяржынска, Мінска і “Спартыўны клуб івянецкіх ветэранаў”. У выніку напружанай барацьбы перамагла каманда івянчан, 2-е месца заняў Мінск, 3-е дасталося Дзяржынску.

Тройка прызёраў атрымала грашовыя падарункі ад упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. Івянецкі завод  мастацкай керамікі, мясцовая кандытарская фабрыка “Івкон” усім камандам-удзельніцам кубка прадаставілі прызы. Словы падзякі ад арганізатараў турніру прагучалі і ў адрас Івянецкай ЖКГ і дырэкцыі мясцовай сярэдняй школы.

Анжэла РАДЫНА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars