Хроніка спартыўнага жыцця

У рамках спартакіяды школьнікаў у Валожыне прайшло першынство раёна па міні-футболе сярод дзяўчат “Coca-cola”. Уступай у гульню!”. Свой удзел у спаборніцтвах заявілі 6 каманд.

Першае месца занялі футбалісткі Гародзькаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. У ліку прызёраў – каманды Пяршайскага і Багданаўскага ВПК. Чацвёртую пазіцыю заняла каманда гімназіі № 1. Пятае-шостае месцы падзялілі каманды Яршэвіцкага і Пугачоўскага ВПК.

    Маладзечна стала месцам правядзення абласной спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі, спорту і турызму ФСК “Буравеснік”. Сярод каманд з 15 раёнаў Мінскай вобласці вызначалі мацнейшых у дзевяці відах спорту: валейбол, міні-футбол, дартс, гіравы спорт, лёгкаатлетычны крос, настольны тэніс, плаванне, стральба і більярд.

Лепшы вынік у нашай каманды – першыя месцы ў асабістым і камандным заліках па настольным тэнісе. Пераможцамі ў гэтым відзе сталі Дзмітрый Ажарэльеў і Сняжана Ланько (ДЮСШ). 2-е месца ў асабістым заліку ў лёгкаатлетычным кросе сярод мужчын, старэйшых за 35 гадоў, на рахунку Дзмітрыя Язубца (ФАЦ). У асабістым заліку па стральбе сярод жанчын 3-е месца заняла Наталля Кавалевіч (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”). У агульным заліку каманда нашага раёна заняла ганаровае чацвёртае месца.

 

   У фінальных спаборніцтвах па стрытболе “Аранжавы мяч” у рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і юнацтва, якія займаюцца ў групах і секцыях фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай накіраванасці па месцы жыхарства, прымалі ўдзел каманды юнакоў і дзяўчат нашага раёна. Да гэтага яны сталі пераможцамі занальных спаборніцтваў.

У фінале аспрэчвалі першынство каманды пяці раёнаў Міншчыны. У дзяўчат, акрамя нашага, прымалі ўдзел каманды Салігорскага, Капыльскага, Дзяржынскага раёнаў і горада Жодзіна, а ў юнакоў – Салігорскага, Клецкага, Дзяржынскага раёнаў і горада Жодзіна. Абласныя спаборніцтвы прайшлі напрыканцы мая ў Валожыне.

Абедзве нашы каманды сталі пераможцамі, рыхтавалі іх да спаборніцтваў трэнеры Л. У. Хвядчэня (юнакоў) і І. І. Філістовіч (дзяўчат). Назавём прозвішчы пераможцаў: Яўген Шакун, Ігнат Шаргародскі, Максім Баркоўскі, Вадзім Ралавец і Даніла Лужынскі. У складзе каманды дзяўчат выступалі Ксенія Сіношына, Марына Більдзюк, Алена Станкевіч, Паліна Старасценка і Вольга Лысенка.

16 чэрвеня ў Валожыне адбудуцца рэспубліканскія спаборніцтвы па стрытболе. Валожынскім чэмпіёнам давядзецца абараняць гонар Міншчыны і змагацца за прызавыя месцы. Спадзяёмся, што ім дапамогуць падтрымка балельшчыкаў і родныя сцены!

Наталля ШТЭЙНЕР

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars