Прафесія – іх лёс і прызванне

прафесія-іх4

    Вядомы ўрач мінуўшчыны Гіпакрат сцвярджаў: “З усіх навук, без сумнення, медыцына самая высакародная”. Наўрад ці хто асмеліцца аспрэчыць думку вялікага чалавека.

Прафесіяналы, што змагаюцца за жыццё і здароўе людзей, у розныя часы выклікалі павагу і захапленне. Кожны з іх, нягледзячы на абставіны, старанна выконвае няпросты абавязак і нават на краі адчаю дорыць нам надзею.

Трэцяя нядзеля чэрвеня – дата, калі медыкі Беларусі адзначаюць прафесійнае свята. Вечарына з цудоўнай нагоды адбылася на гэтым тыдні ў райцэнтры. Пакінуўшы ў рабочых кабінетах форменнае ўбранне, прадстаўнікі розных медыцынскіх спецыяльнасцей сабраліся разам ва ўтульнай атмасферы, якую стварылі для іх работнікі РЦК.

Адкрыў урачыстасць намеснік старшыні райвыканкама І. У. Шакун. Падчас шматгадовай службы ў РАУС яму і яго падначаленым пастаянна даводзілася супрацоўнічаць з прадстаўнікамі гэтай прафесіі. “Я не аднойчы назіраў, як зладжана і аператыўна вы дзейнічаеце падчас няшчасных выпадкаў, як самаахвярна, часам рызыкуючы ўласным здароўем, ратуеце людзей у экстрэмальных умовах. Сёння кожны з вас – урачы, фельчары, медыцынскія сёстры, лабаранты, малодшы медперсанал – годны таго, каб пачуць словы ўдзячнасці і атрымаць заслужаную ўзнагароду”, – адзначыў Ігар Уладзіміравіч і з задавальненнем уручыў граматы і падзякі.

Шчыра віталі калег і галоўныя ўрачы медыцынскіх устаноў Валожыншчыны – райбальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.  Павел Алегавіч Ганчар і Павел Мікалаевіч Сарока выказалі падзяку за напружаную працу сваім калектывам. Кожны кіраўнік з радасцю ўзнагародзіў падначаленых. Да віншаванняў далучыліся старшыня прафкама Антон Віктаравіч Дубінка і намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Альфрэд Зянонавіч Нехвядовіч. З прыемным сюрпрызам завітала ў госці да медработнікаў старшыня раённай структуры “Белая Русь” Алена Іванаўна Клачко. Падарункамі ад грамадскай арганізацыі адзначаны 4 прадстаўнікі ЦРБ і 2 – РЦГіЭ.

Асаблівай увагай падчас святочнага мерапрыемства агарнулі дзеючыя медыкі ветэранаў працы – тых, з каго сёння бяруць прыклад, ад каго вучацца прафесійнаму майстэрству і шчырым адносінам да пацыентаў. Ганаровай граматай  адзначана Мая Васільеўна Гасціловіч – загадчыца пункта аховы здароўя. Шаноўная жанчына ў прафесіі – 55 гадоў. У ліку тых, каму давялося падняцца на сцэну, каб атрымаць граматы і падзякі сваіх устаноў, аказаліся 40 прадстаўнікоў ЦРБ, што аддалі медыцыне 50, 45, 40, 35, 30, 25, 20 гадоў, і 10 супрацоўнікаў РЦГіЭ.

Прафесіяналы медыцыны побач з намі ад нараджэння і да сталасці. Мы ведаем: у цяжкую хвіліну кожны з іх абавязкова зробіць усё магчымае, каб самая галоўная каштоўнасць у свеце – здароўе – заставалася з намі як мага даўжэй. Сёння на ніве раённай медыцыны шчыруюць работнікі ЦРБ – 104 урачы, 297 прадстаўнікоў сярэдняга і 378 іншага персаналу (у тым ліку адміністрацыйных і гаспадарчых службаў). Напружаную прафілактычную работу вядуць 40 супрацоўнікаў РЦГіЭ: 6 урачоў, 13 работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, а таксама дэзынфектары і каманда службы забеспячэння (усяго 21 чалавек). Пажадаем жа ім заставацца здаровымі і шчаслівымі!

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

прафесія-іх

І. У. ШАКУН і А. С. МІНКО – загадчык Бабровіцкага ФАПа.

прафесія-іх2

П. А. ГАНЧАР і Г. А. ЗІНОЎСКАЯ – урач-педыятр.

прафесія-іх3

Супрацоўнікі РЦГіЭ Т. А. ВІРШЫЧ і М. В. СКАДОРВА – медыцынскія дэзынфектары і А. І. ЖАБОРТ – памочнік урача-гігіеніста.

прафесія-іх4    Ветэраны працы. Першы рад: Р. І. МІРОН, Г. Х. МАРАЧЭЎСКАЯ, Н. У. ЗАВАДСКАЯ, І. П. УНУКОЎСКАЯ, А. М. СЛЮНЬКОВА. Другі рад: Л. І. БЫЧКОЎСКАЯ, М. К. КАЗАКЕВІЧ, В. М. КРЫСА.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars