Амаль пяць гадоў працуе ў Івянецкай гарпасялковай паліклініцы Юлія Алегаўна СЛІЖЭЎСКАЯ.

сліжэўская

Больш за два гады назад яна стала загадчыкам гэтай медыцынскай установы.

Дзяўчына нарадзілася, вырасла і атрымала сярэднюю адукацыю ў Мядзельскім раёне. Менавіта там яна зразумела, што хоча быць доктарам, і мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. У 2007 годзе мара збылася – Юлія Алегаўна стала студэнткай педыятрычнага факультэта.

Пасля заканчэння вучобы яе размеркавалі праходзіць інтэрнатуру ў Валожынскую ЦРБ. Адсюль маладога спецыяліста і накіравалі ў Івянец, дзе яна тры гады працавала ўрачом-педыятрам у мясцовай паліклініцы. Да работы Ю. А. Сліжэўская прыступіла з ахвотай і ў той жа час з пачуццём вялікай адказнасці.

Абаяльнага, добразычлівага медыка любяць маленькія пацыенты. Бацькі ўпэўнены, што яна абавязкова дапаможа, дасць слушную параду, неабходныя рэкамендацыі. На ўчастку Юліі Алегаўны пражывае больш за 650 хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя прыёму непасрэдна ў паліклініцы, урач-педыятр ездзіць на выклікі, ажыццяўляе чатыры разы на месяц патранаж малышоў да года, праводзіць медагляды хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць хранічныя захворванні і знаходзяцца на дыспансерным уліку, і г. д. Малады доктар прызнаецца, што атрымлівае задавальненне ад сваёй работы і адчувае вялікую радасць, калі хворыя дзеці хутка ідуць на папраўку. Юлія Алегаўна толькі пачынае свой прафесіянальны шлях, але разбіраецца ў пытаннях дыягностыкі і лячэння не горш за сталых спецыялістаў.

Кампетэнтнага, добрасумленнага і ініцыятыўнага работніка, у якога ёсць вялікае жаданне спасцігаць і ўкараняць у жыццё нешта новае, заўважыла кіраўніцтва і прапанавала дзяўчыне пасаду загадчыка паліклінікі. Юлія Алегаўна разумела тую вялікую адказнасць, што клалася на яе плечы, але, добра падумаўшы, згадзілася. Цяпер у яе падначаленні амаль 25 чалавек, гэта і ўрачы, і сярэдні медыцынскі персанал. Усе яны паважаюць маладога загадчыка, хоць і маюць значна большы вопыт работы. Ю. А. Сліжэўская гаворыць, што ўдзячна сваім калегам за падтрымку, з імі ёй лёгка працуецца. Разабрацца ў складаных адміністрацыйных пытаннях дапамагаюць загадчык Івянецкай бальніцы М. П. Мехаў, а таксама спецыялісты Валожынскай ЦРБ.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars