Прыгажуня, тытулаваная міс

прыгажуня

Медыцынская сястра райпаліклінікі Таццяна Рамуальдаўна СОПАЧ адзначана дыпломам “Міс мэтанакіраванасць і прафесіяналізм” падчас абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод прадстаўніц высакароднай прафесіі.

Жанчына ў белым халаце даўно стала сімвалам дапамогі, міласэрнасці, пазбаўлення ад болю. Магчыма таму ўраджэнка вёскі Анцэлеўшчына, выпускніца Падбярэзскай школы ў свой час доўга над выбарам прафесіі не разважала – упэўнена накіравалася ў Маладзечанскі медыцынскі каледж. Сёння ў справе дапамогі хворым Таццяна не навічок. Пачала працоўны шлях у прыёмным пакоі аддзялення хуткай дапамогі. Зараз жа яе рабочае месца – кабінет ультрагукавой дыягностыкі. Старанная, кемлівая, умее знайсці падыход да людзей… Усё гэта пра яе. “Я сапраўды люблю сваю работу і ў іншай іпастасі сябе не ўяўляю”, – сцвярджае яна.

Перш чым была пададзена заяўка на вобласць, у паліклініцы адбылося тэсціраванне. За 60 хвілін медсёстрам неабходна было адказаць на 100 пытанняў. Менавіта Т. Р. Сопач паказала лепшы вынік і аказалася адной з 29 удзельніц адборачнага тура абласнога конкурсу. Далей – зноў тэсціраванне. Па словах дзяўчыны, пытанні былі складанымі, але ёй, прайшоўшай “універсітэты” прыёмнага пакоя, большасць з іх даліся лёгка. Такім чынам прадстаўніца Валожына стала адной з васьмі ўдзельніц фіналу, што праходзіў у сценах яе alma mater.

З першых момантаў падрыхтоўкі побач з Таццянай (на фота справа) былі яе сяброўкі Наталля Бараноўская – фельчар даўрачэбнага кабінета, Алена Бандарэнка – акушэрка агляднага кабінета і Алена Мінко – загадчык Бабровіцкага ФАПа. Іх творчая візітоўка выглядала інфарматыўнай, мела незвычайную візуалізацыю – крэатыўныя медыкі стварылі штосьці накшталт “жывога кліпа”. Выніковым аказаўся і конкурс, падчас якога давялося рашыць сітуацыйную задачу. Былы супрацоўнік хуткай дапамогі хутка справілася і з павязкай на галаву ў выглядзе каптура. Каб дамашняе заданне па тэме “Культура здароўя” прагучала сучасна, дзяўчаты асвоілі модны сярод моладзі жанр стэндап. Члены журы былі прыемна ўражаны, калі кожнаму з іх дастаўся незвычайны букет з садавіны і гародніны.

Усе ўдзельніцы атрымалі ўзнагароды ў намінацыях і каштоўныя прызы з рук Аляксандра Іванавіча Шэмеля – старшыні Мінскага абкама прафсаюза работнікаў здароўя.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars