Армейскія будні пачынаюцца з прысягі

Ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь – папаўненне. 16 чэрвеня 4,5 тысячы салдат тэрміновай службы прысягнулі на вернасць Радзіме. “Служу Рэспубліцы Беларусь!” – гэтыя словы гучалі ў мінулую суботу на пляцы вайсковай часці 30695. 62 юнакі (сярод іх трое ўраджэнцаў раёна) сталі паўнапраўнымі членамі каманды 153-й Кёнігсбергскай асобнай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння.

Дзень, калі навабранцы прымаюць прысягу на вернасць Беларусі і яе народа, для Валожына заўсёды святочны. Сваякі і сябры маладых абаронцаў з’язджаюцца з розных куткоў рэспублікі, каб пабачыць пасталелых і ўзмужнелых сыноў, братоў, унукаў, жаніхоў, таварышаў, палюбавацца на іх падчас галоўнага армейскага рытуалу, а пасля, калі паўнапраўныя салдаты атрымаюць звальненне, правесці разам з імі некалькі гадзін.

Урачыстасць пачалася з кароткай прамовы камандзіра часці А. В. Калача аб значнасці ваеннай прысягі. Пасля чаго наступіў самы адказны момант мерапрыемства – святыя для кожнага чалавека ў пагонах словы прагучалі 62 разы.

Ад вышэйшага ваеннага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста асабовы склад валожынскай часці і яе маладое папаўненне вітаў генерал-маёр П. В. Ціханаў. Павел Віктаравіч нагадаў, што бягучы год юбілейны – Узброеныя Сілы рэспублікі адзначылі 100-годдзе. Нядаўна адсвяткавала 80-ы дзень нараджэння і брыгада, якая ва ўсе часы з гонарам выконвала абавязак па забеспячэнні ваеннай бяспекі і надзейнай абароны краіны. Маладому пакаленню злучэння неабходна апраўдаць высокі давер і старанна захоўваць цудоўныя традыцыі, што сфарміраваліся яшчэ ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Старшыня райвыканкама М. А. Астрэйка таксама павіншаваў навабранцаў. Мікалай Анатольевіч выказаў надзею на тое, што служба навучыць іх сапраўднай мужчынскай дружбе, умацуе кожнага духоўна і фізічна, дапаможа зразумець: найвялікшыя каштоўнасці ў свеце – Радзіма і сям’я.  Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады  са словамі падтрымкі і ўдзячнасці за выхаванне выдатнай моладзі звярнуўся да бацькоў. Менавіта матулі і таты ў гэты дзень не маглі стрымаць слёзы, назіраючы за сваімі сынамі, якія паспелі набыць сапраўдную ваенную выпраўку.

Ветэран часці, прадстаўнік раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, кавалер ордэна “За службу Радзіме” 3-й ступені Уладзімір Уладзіміравіч Сёмін пажадаў моладзі верыць у свае сілы і, абапіраючыся на сяброўскае плячо, сумленна і самааддана выконваць грамадзянскі абавязак.

З бацькоўскім наказам звярнулася да юнакоў М. М. Ярош. Маці навабранца пажадала маладым салдатам моцнага здароўя, мужнасці, цярпення і ад імя бацькоў паабяцала падтрымку і дапамогу. Слова ў адказ прагучала ад сына Марыны Мікалаеўны – Аляксея.

Божае благаславенне атрымалі салдаты, афіцэры і ўсе прысутныя ад Благачыннага Валожынскай акругі айца Дзмітрыя Агіевіча.  Пасля ўрачыстага рытуалу ў РЦК адбылася сустрэча кіраўніцтва часці з роднымі навабранцаў. Пазней групы людзей са шчаслівымі тварамі (у цэнтры кожнай – юнак у ваеннай форме) разышліся па вуліцах райцэнтра. У панядзелак для гэтых юнакоў пачаліся сапраўдныя армейскія будні.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

армейскія1

     На фота: радавому Кірылу БАГАТЫРОВУ з Магілёва, яго бацькам Анжаліцы Аляксандраўне і Сяргею Уладзіміравічу пашанцавала атрымаць асабістыя віншаванні ад начальніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення – намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёра Паўла Віктаравіча ЦІХАНАВА, старшыні Валожынскага райвыканкама Мікалая Анатольевіча АСТРЭЙКІ, камандзіра часці Андрэя Віктаравіча КАЛАЧА.

 армейскія2

армейскія3

армейскія4

армейскія6

армейскія7

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars