Молодая раздавала на свадьбе более 100 поясов

Культура

На пачатку 20 стагоддзя адзін з даследчыкаў побыту беларусаў запісаў: “Пояс, як відаць, складае неабходную прыналежнасць якога б там ні было гарнітура. Уважлівы мужчына без пояса не пераступіць парога сваёй хаты і не з’явіцца на вуліцы, а жанчыны носяць на поясе свой андарак, спадніцу і хвартух”.

Самаробныя ўзорыстыя паясы яшчэ ў 1920-х гадах шмат дзе на Беларусі насілі ў будні і ў святы. Імі падпярэзвалі кашулю, сярмягу, кажух. Па даўняму звычаю мужчыны на поясе мацавалі каліту, шабету, ножык, крэсіва. Ідучы на працу, за пояс затыкалі сякеру.

Нашэнне пояса звязвалася з маральным абліччам чалавека. Адсутнасць такога тканага атрыбута адзення ўспрымалася як парушэнне агульнапрынятых норм паводзін.

Пояс быў адным з абавязковых падарункаў на розных этапах вяселля. Калі дзяўчына была згодна выйсці замуж за хлопца, якога ёй сваталі, яна дарыла яму кашулю і пояс. Пояс таксама атрымліваў сват. Паясамі адкупляліся, калі вясельны поезд на сваім шляху сустракаў перашкоду. Едуць, напрыклад, паўз млын. Мельнік спыніць ваду – нявеста кідае паясок. Які-небудзь гарэза з гасцей спыніць коней як бы з-за таго, што супоня парвалася, – зноў нявеста кідае паясок.

Паясы дарыліся музыкам, родзічам жаніха, гасцям. Уваходзячы пасля вянчання ў хату жаніха, нявеста кідала паясок на печ. Да стала маладых вялі на паяску. У першы дзень пасля вяселля маладая, ідучы па ваду, клала тканы атрыбут адзення на зруб калодзежа. Падмятаючы хату, завязвала паясок на венік. Ёсць сведчанні, што іншым разам нявеста раздавала на вяселлі больш за сотню паясоў.

Паясамі звязвалі першы сноп ураджаю, спавівалі немаўлят. У час пахавання на поясе вялі каня, які вёз на могілкі труну з нябожчыкам.

Лічылася, што гэта тканая рэч аберагае ад няшчасцяў. Калі ў сямейным жыцці быў дастатак, маладая перад тым, як ісці да вянца, развешвала паясы ў свірне, у хляве, над куфрам. Каб авечкі не разбягаліся ў полі і вярталіся дадому разам са статкам, выганяючы іх першы раз пасля зімы на пашу, расцілалі на парозе аўчарні ручнік і пояс. Напярэдадні Новага года поясам папарна звязвалі аднародныя прадметы (каб жывёла ў гаспадарцы паравалася).

У канцы 19-пач. 20 ст. сімволіка пояса была забытая. Усё часцей тканы атрыбут адзення насілі па традыцыі, а не таму, што надавалі гэтаму нейкае значэнне. У той час ужо не адрознівалі, як раней, мужчынскія, жаночыя, дзіцячыя паясы. Аднатыпныя паясы ўваходзілі як у жаночы, так і ў мужчынскі касцюм, а дзіцячыя былі проста меншых памераў.

Жанчыны насілі пояс на таліі паверх фартуха. Мужчыны – высока пад грудзьмі, на жываце або ніжэй жывата, абкручваючы яго вакол стану не менш чым два разы. Хлопчыкі – толькі высока пад грудзьмі. Завязвалі гэту тканую рэч вузлом спераду або збоку, каб канцы, аздобленыя кутасамі, махрамі, бісерам, нашытымі палоскамі тканіны, звешваліся сантыметраў на 20-40.

Спосаб нашэння паясоў вызначаў іх даўжыню, якая вагалася ад 1,5 да 3,5 метра, а іншы раз даходзіла да 5 метраў. У шырыню традыцыйныя паясы мелі ад 1,5 да 20 сантыметраў. Іх вілі, плялі на пальцах, на калодачцы, на вілачцы, на сцяне, ткалі на дошчачках, на бердзечку, на ніту, на кроснах, вязалі шыдэлкамі і пруткамі.

Выраб традыцыйных паясоў на тэрыторыі Беларусі амаль паўсюдна спыніўся ў 1920-1930 гады, бо іх перасталі ўжываць у побыце і абрадах.

З сярэдзіны 1960-х гадоў традыцыі вырабу паясоў набылі далейшае развіццё ў мастацкіх промыслах рэспублікі. На Слуцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў “Слуцкія паясы” ў тэхніцы ткацтва на ніту сталі вырабляць дэкаратыўныя стужкі, закладкі, сувенірныя пано.

Святлана ЖАБКО,

жыхарка вёскі Гародзькі



Добавить комментарий