Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

З пачатку года на Валожыншчыне дзейнічаюць 45 аграсядзіб. Адны з іх працуюць ужо даўно і зрабілі свой брэнд досыць папулярным у жыхароў сталіцы і замежжа, іншыя толькі ўступаюць у кола гаспадароў, але ж таксама маюць нейкія задумы, як і чым зацікавіць пастаяльцаў, які адпачынак ім прапанаваць.

Сёлета на карце раёна з’явіліся і новыя аграсядзібы. У лютым у вёсцы Кіявец была зарэгістравана аграсядзіба “Над Іслаччу”. У аграгарадку Ракаў пачала дзейнічаць аграсядзіба “Ракаўская”. Адразу дзве аграсядзібы прапісаліся ў вёсцы Падневічы, адна – у вёсцы Шараі.

 

     Лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей ад 6 да 14 гадоў працуюць на базе 11 устаноў адукацыі раёна. Змена пачалася з 4 чэрвеня і працягнецца да канца гэтага тыдня – да 23 чэрвеня. Бацькоўская даплата складае ад 12 рублёў (дзеці 6-10 гадоў) да 19 рублёў 50 капеек (14 гадоў).

Адметнасцю работы такіх летнікаў у бягучым годзе стала стварэнне профільных груп для матывацыі наведвання іх вучнямі сярэдніх класаў. Па жаданні, каб павысіць прадметны патэнцыял, у пасляабедзенны час яны вывучаюць пэўныя прадметы. Таксама з задавальненнем працуюць у ролі валанцёраў з малодшымі вучнямі. Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць актыўна: наведваюць кінатэатр “Юнацтва”, мерапрыемствы ў цэнтры творчасці дзяцей і юнацтва, дзіцячай бібліятэцы, знаёмяцца з родным горадам.

 

     Не так даўно новая партыя кніг паступіла ў дзіцячую бібліятэку. Іх не надта многа, але яны досыць цікавыя для малодшых школьнікаў і старшакласнікаў.

19 навінак складаюць серыю “О чем умолчали учебники”. Яны выдадзены ў маскоўскім выдавецтве, багата ілюстраваны чорна-белымі і каляровымі фотаздымкамі. Гэта кнігі энцыклапедычнага накірунку: “Самыя незвычайныя жывёлы”, “Самыя незвычайныя расліны”, “Дзіўная геаграфія”, “Дзіўная акеаналогія”, “Дзіўныя з’явы прыроды”, “Дзіўная астраномія” і іншыя. Мастацкія кнігі новых аўтараў, у большасці замежных, павінны зацікавіць малодшых чытачоў.

 

     Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі – кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч і член савета аб’яднання М. А. Шакун у рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” пабывалі ў лагерах з дзённым знаходжаннем у Яршэвіцкай і Ракаўскай школах.

Госці чыталі дзецям свае вершы, разважалі пра месца кнігі ў жыцці чалавека, пра малую радзіму, каб ажывіць абстаноўку, загадвалі ўласныя вершаваныя загадкі. Падчас сустрэчы падарылі школьным бібліятэкам свае кнігі і калектыўны зборнік членаў “Руні”. У Ракаўскай школе В. Ф. Гіруць-Русакевіч здзівілі падрыхтаваным да сустрэчы буклетам з яе біяграфіяй і вершамі. Там вучні не толькі слухалі вершы ў аўтарскім выкананні, але і самі чыталі іх вершы, што было надзвычай прыемна. Бачна было: тут творча рыхтаваліся да сустрэчы.

 

     За адзін дзень можна апынуцца ў далёкім мінулым, пазнаёміцца з жыццём і традыцыямі нашых продкаў, легендамі і паданнямі і нават паплаваць на караблі вікінгаў.

Для гэтага не трэба ехаць далёка, варта пабываць у суседнім Стаўбцоўскім раёне і наведаць музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. Не так даўно на экскурсію ў “Сулу” запрасіла сваіх членаў народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”. Па дарозе валожынцы наведалі таксама касцёл у Рубяжэвічах.

 

    На працягу двух дзён у Валожыне праходзіла першынство па пляжным валейболе. Гэты від спорту набывае ўсё большую папулярнасць у падлеткаў.

Сярод дзяўчат 2001 г. н. і маладзейшых перамагла пара Ясеніі Стомы і Наталлі Жук. Другое і трэцяе месцы занялі Дзіяна Рудовіч і Дар’я Лужынская, Карына Макарэвіч і Дар’я Нахай. Ва ўзроставай групе 2007 г. н. першае месца ў тандэма Маргарыты Мянцюк і Насці Журкевіч, другое і трэцяе месцы на рахунку Насці Трус і Паліны Зянько, Вікторыі Мікені і Насці Макей. Сярод юнакоў 2003 г. н. перамогу святкавалі Сяргей Садоўскі і Максім Белановіч, у прызёрах таксама Максім Гевель і Максім Круцько, Аляксандр Разумейчык і Сяргей Паплаўскі. У падгрупе хлопчыкаў 2006 г. н. лепшымі сталі Яраслаў Гевель і Максім Трасцянка, другое і трэцяе месцы ў Івана Таўгяня і Андрэя Зянько, Яўгенія Халявінскага і Мацвея Налівайкі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars