Валожын у сэрцы назаўсёды

    “Былых валожынцаў не бывае”, – сцвярджае жанчына, большая палова жыцця якой прайшла за тысячы кіламетраў ад радзімы. Але нават у самых аддаленых кутках былога Савецкага Саюза і за яго межамі (а паездзіць давялося!) Алена Антонаўна ПАСЕКА не забывала пра невялікі гарадок на Міншчыне з яго гістарычнымі, архітэктурнымі, побытавымі і моўнымі адметнасцямі.

“Я – 100-працэнтная валожынка. Продкі здаўна жылі ў мястэчку. З боку бацькі – па вуліцы Кірава, з боку маці – па Някрасава, – расказвае жыхарка Масквы. – Таму ўжо ў дзяцінстве добра ўсведамляла, наколькі моцна звязана з родным горадам, і ніколі не меркавала з ім разлучыцца”. Але жыццё распарадзілася па-свойму. Яна з сярэбраным медалём скончыла СШ № 1 і паступіла ў педінстытут. Будучы настаўнік фізікі спадзявалася працягваць слаўныя традыцыі сваіх любімых педагогаў у адной са школ раёна. Але… здарылася каханне. Дагэтуль з небывалай цеплынёй успамінае калектыў Гародзькаўскай школы, дзе паспела распачаць працоўную дзейнасць. Адтуль і забраў яе будучы муж. Нягледзячы на тое, што абраннікам стаў хлопец з вёскі Пытань Іван Пасека, іх сямейнае жыццё пачалося ў Карэліі. Далёка ад радзімы бацькоў з’явіліся на свет іх дзеці Марына і Сяргей.

У кнізе “Падарожжа па пройдзеных жыццём дарогах”, напісанай мужам,  ёсць успаміны самой Алены Антонаўны пра тое, як нарадзілася іх першынка. Драўляны барак у 40 кіламетрах ад пасёлка, дзе жылі, і блізка не нагадваў умовы, у якіх пазней народзяцца дзеці дзяцей. Але ж і сёння гаспадыня вялікага дома ў Падмаскоўі з удзячнасцю ўспамінае кожнае імгненне жыцця, напоўненага выпрабаваннямі і цікавымі сустрэчамі.

Іван Уладзіміравіч з грунтоўнасцю і мэтанакіраванасцю сапраўднага беларуса падымаўся па службовай лесвіцы. Яго ваенная, а пасля дзяржаўная служба набірала абароты. Сям’і не аднойчы даводзілася пераязджаць. Пасля Карэліі былі Урал, Далёкі Усход, Петразаводск і, нарэшце, Масква. Шлях ад Валожына да сталіцы былога СССР заняў 20 гадоў.

Таленавіты педагог, яна не была пазбаўлена здаровых амбіцый, але ў першую чаргу клапацілася пра дабрабыт сям’і. З аднаго боку, значнай кар’еры не зрабіла. З іншага ж, ва ўсіх калектывах, якія даводзілася мяняць даволі часта па прычыне пераездаў, заваявала славу сумленнага чалавека, сапраўднага прафесіянала. Дагэтуль з розных куткоў постсавецкай прасторы напярэдадні свят былыя гадаванцы дасылаюць падзякі і віншаванні.

Дзе б ні служылі Пасекі, у якіх умовах не даводзілася б наладжваць быт, Алена Антонаўна заўсёды вызначалася небывалай, амаль шляхецкай элегантнасцю. Яе з густам выбраныя ўборы, прычоскі заўсёды выклікалі захапленне. Зачароўваў і памяркоўны, сапраўдны беларускі характар. Нават нязвыклае валожынскае вымаўленне дадавала настаўніцы шарму ў вачах вучняў і калег.

“Мала таго, што жанчына яна прыгожая, дык жа і чалавек камфортны”, – адзначаюць школьныя сябры Леначкі Захарэвіч, з якімі на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў наша зямлячка не губляе стасункаў. Кожны, хто яе ведае, пагодзіцца: яна магла б стаць ідыёлагам ці дыпламатам найвышэйшага ўзроўню, настолькі ўмее наладжваць зносіны з самымі рознымі людзьмі. Прага да інфармацыі зрабіла яе выключна цікавым субяседнікам, а ўменне выслухаць і зразумець стварылі рэпутацыю добрага чалавека. Алена Антонаўна яшчэ з валожынскага дзяцінства прывучана да жорсткай самадысцыпліны. Парадак ва ўсім: на працы, у гаспадарцы, ва ўласных думках, абавязкова дагледжаны знешні выгляд без скідак на абставіны і пастаянны духоўны рост. Гэтыя пастулаты яна засвоіла, назіраючы за бацькамі, дзядулямі і бабулямі.

Выключнае месца ў яе душы займае малая радзіма. Сам горад Валожын, вёска Пытань, дзе нарадзіўся і вырас муж, асацыіруюцца з дзяцінствам. Любяць і сталіцу Беларусі, часта наведваюцца сюды з мужам. Нават вяселле сына ладзілі ў Мінску. З вялікай павагай у гэтай сям’і ставяцца да роднай мовы. Дзеці, хоць і атрымалі адукацыю ў Расіі, добра разумеюць гаворку продкаў, бегла чытаюць па-беларуску, паважаюць любімых аўтараў сваіх бацькоў – Янку Купалу, Якуба Коласа, Васіля Быкава. Сярод сямейных рэліквій – першае выданне “Трывожнага шчасця” Івана Шамякіна, на якім рукой класіка напісана прысвячэнне студэнтцы Алене. Рэдакцыя “Працоўнай славы” ганарыцца дружбай з гэтай сям’ёй, якая ў сталіцы Расійскай Федэрацыі папулярызуе наша выданне, знаёміць расіян з беларускай мовай і землякамі.

У гэтым месяцы наша гераіня адзначыла прыгожую юбілейную дату. Шырокае кола радні і сяброў падарылі любай жонцы, матулі, бабулі, сяброўцы, настаўніцы, калезе сапраўднае свята. На сувязі з ёй у гэты дзень было безліч жыхароў Валожыншчыны. Яна ж марыць пра тое, як трошкі пазней наведае родныя мясціны, каб разам з дарагімі сэрцу людзьмі прайсці па вуліцах невялічкага райцэнтра – месца, дзе пачаўся яе жыццёвы шлях і дзе назаўсёды пакінула часцінку душы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars