Кожны купальны сезон забірае нечыя жыцці

    Як толькі наступае лета, пачынаецца масавы выезд людзей на рэкі і азёры. На жаль, не заўсёды адпачынак каля вадаёмаў заканчваецца добра. Так, летась утапіліся 374 чалавекі, з якіх 25 – дзеці. Сёлета гэта сумная статыстыка складаецца з 84 загубленых жыццяў, у тым ліку – 8 дзіцячых.

Найбольш трагедый на вадзе адбываецца па прычыне п’янства. У Маладзечанскім раёне рыбак, што быў нападпітку, вырашыў пераплысці вадасховішча. Аднак ужо на палове адлегласці сілы яго пакінулі. Мужчына затануў.

Вельмі жахлівы выпадак зафіксаваны і ў нашым раёне. У вёсцы Вішнева ахвярай воднай стыхіі стала маладая жанчына, маці траіх дзяцей. Разам з кампаніяй яна адпачывала на беразе Альшанкі. Купаючыся, стала тануць. Яе ўратавалі і папрасілі больш у раку не лезці. Аднак жанчына не паслухалася і другі заход скончыўся непапраўнай бядой.

Але тонуць не толькі купальшчыкі і плыўцы. Няшчасце можа адбыцца і з тымі, хто перапраўляецца на лодцы, катамаране ці іншым маламерным сродку. На рацэ Нёман пад рыбаком перакулілася гумовая лодка. Мужчына ў выратавальнай камізэльцы не быў, ён заблытаўся ў рыбалоўнай сетцы і не здолеў уратавацца.

Адна з прычын няшчасных выпадкаў на вадзе – няўменне плаваць. Трапіўшы на глыбіню, такі чалавек пачынае панікаваць, хаатычна бултыхацца і, абяссілеўшы, ідзе на дно. А некаторым толькі здаецца, што плаваюць яны добра. Кідаюцца плыць, а справіцца з цячэннем не могуць, захлёбваюцца і тонуць. Аднак нярэдка гінуць на вадзе і выдатныя плыўцы, спартсмены. Падчас адпачынку яны любяць выпрабаваць сябе: ладзяць спаборніцтвы на хуткасць і адлегласць, пераплываюць ад аднаго берага да другога, часта ў незнаёмых вадаёмах.

Купальшчыкі на матрацах – таксама галаўны боль выратавальнікаў. Пагрозу для аматараў пакалыхацца на хвалях уяўляе так званы “адціскаючы” вецер, які раптоўна мяняе кірунак і пачынае дзьмуць ад берага да сярэдзіны ракі ці возера, дзе, як правіла, максімальная глыбіня.

Гібель дзяцей на вадзе – асаблівая трагедыя. Найперш таму, што яе можна было пазбегнуць. Небяспеку для малышоў уяўляюць не толькі адкрытыя вадаёмы і басейны, але і ёмістасці з вадой. Таму ніколі не пакідайце малога без нагляду! Нават у тазіку ці ванне.

Для таго, каб адпачынак на вадзе прайшоў гладка, без эксцэсаў, вядзіце сябе абачліва і разумна: купайцеся ў дазволеных месцах, у ваду заходзьце павольна. Калі ж вам захацелася акунуцца ў незнаёмым вадаёме, то спачатку праверце дно. Не рэкамендуецца плаваць у адзіночку, асабліва калі вы не ўпэўнены ва ўласных сілах. Не заплывайце далёка ад берага, за абмежавальныя ці папераджальныя  знакі.

Вельмі часта на бальнічным ложку аказваюцца тыя экстрэмалы, якія любяць “даць нырца”. Яны ламаюць шыйныя пазванкі, калечацца, трацяць прытомнасць, гінуць у выніку траўм і ўтаплення.

Нельга і жартаваць на вадзе, падаючы лжывыя сігналы аб дапамозе, бо, калі бяда і сапраўды здарыцца, нехта падумае, што гэта ваш чарговы жарт…

І галоўнае: купанне і гарэлка – несумяшчальныя рэчы! Большасць тапельцаў у апошнія хвіліны свайго жыцця былі ў нецвярозым стане.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars