Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

    У мінулую суботу ў Нясвіжы прайшоў абласны фестываль-конкурс народнай музыкі “Грай, гармонік!”. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі нашага раёна.

Сёлета нашы землякі выступілі надзвычай удала. Гран-пры фестывалю заваявалі Максім Палуйчык (дуда) і Сабіна Пятроўская (скрыпка) з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Яны выканалі вядомую музычную кампазіцыю “Саўка ды Грышка ладзілі дуду” ў традыцыйнай манеры з элементамі імправізацыі, што ацаніла журы, і танец “Верабей”. На рахунку яшчэ адной удзельніцы – выкладчыцы Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Кацярыны Пятроўны Радзівілавай – першае месца ў намінацыі “Саліст-інструменталіст”. Гэтай выканаўцы падуладны ліра, дуда, жалейка і скрыпка, што яна і прадэманстравала. Ракаўскія музыкі атрымалі ў падарунак мікрахвалевую печку, К. П. Радзівілава – тэрмапот.

 

     Валожын рыхтуецца да чарговага Дня горада: прыбіраецца, прыхарошваецца, на некаторых аб’ектах вядуцца рамонтныя работы.

З 19 чэрвеня жылкамунгас пачаў замену драўлянай агароджы, якая прыйшла ў непрыгоднасць, па вуліцы Савецкай. Работы распачаты на скрыжаванні з вуліцай Дзяржынскага. Па дагаворы падраду займаецца гэтым аб’ектам ААТ “ПМК-188”.

 

     У трэці раз праходзіць абласны фестываль “Свет дзяцінства” сярод устаноў дашкольнай адукацыі і вучэбна-педагагічных комплексаў. Праводзіцца ён у дзвюх намінацыях: “Тэрыторыя дзяцінства: спартыўная пляцоўка” і “Тэрыторыя дзяцінства: сцежка здароўя”.

Пакуль былі вызначаны лепшыя на раённым этапе, камісіі давялося перагледзець шмат дыдактычнага матэрыялу, ролікаў, справаздач і фотаздымкаў аб спартыўна-масавых мерапрыемствах. Пераможцам прызнаны Ракаўскі яслі-сад “Сонейка”. Дыпломы другой ступені прысуджаны валожынскаму яслям-саду № 2 “Вясёлка” і Гародзькаўскаму вучэбна-педагагічнаму комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Дыпломамі трэцяй ступені адзначаны яслі-сад № 6 “Вясёлы вулей” з райцэнтра і Сівіцкі ВПК дзіцячы сад-базавая школа. У намінацыі “Тэрыторыя дзяцінства: сцежка здароўя” перамог дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”. Матэрыялы пераможцаў накіраваны на абласны этап фестывалю.

 

    16 чэрвеня ў Багданаўскім касцёле святога Міхаіла Арханёла прайшлі ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя святарскай дзейнасці ксяндза Ігара Лашука. У святой імшы прынялі ўдзел шматлікія госці на чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Тадэвуш Кандрусевіч пазнаёміў парафіян і ўсіх прысутных са шляхам ксяндза І. Лашука да святарства і яго святарскім служэннем. Нарадзіўся ксёндз у Нясвіжскім раёне ў 1966 годзе. Пасля школы паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, але пасля двух курсаў дабравольна пакінуў ВНУ і пайшоў служыць у войска. У 1988 годзе паступіў на другі курс Рыжскай семінарыі, вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Лёндзе ў Польшчы, у Папскім салезіянскім універсітэце ў Рыме. З 2011 года з’яўляецца пробашчам у Багданаве. У 2014-2016 гадах вучыўся ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Службу вядзе на беларускай мове. У той дзень арцыбіскуп благаславіў таксама новую званіцу св. Аляксандра і Руфа і чатыры званы, два з якіх новыя і прысвечаны міласэрнасці. Пасля імшы каля касцёла адбыўся канцэрт, падчас якога вернікі цёпла віншавалі свайго ксяндза. Яны прысвяцілі яму шмат вершаў, песень. Былі падрыхтаваны танцавальныя нумары і пантамімы.

 

     Восем вучняў СШ № 1 райцэнтра, якія факультатыўна вывучаюць польскую мову, гэтымі днямі вярнуліся з Кракава. Знаёмства з Польшчай ініцыявала раённае аддзяленне ГА “Польска Мацеж Школьна”.

Гэта паездка стала ўзнагародай за ўдзел у праекце “Сімвал незалежнасці”. На працягу дзевяці дзён нашы школьнікі разам з равеснікамі з Літвы і Украіны знаёміліся са славутасцямі Кракава, удзельнічалі ў сумесных мерапрыемствах.

 

     На працягу чэрвеня адпачываючыя ў дзённых летніках гарадскіх школ актыўна наведваюць раённы Цэнтр культуры, дзе для іх ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, гульнёва-забаўляльныя праграмы.

19 чэрвеня майстар-клас “Падары сабе радасць” па вырабе кветак з гафрыраванай паперы правяла Кацярына Голуб. У той дзень культработнікі ў рамках акцыі “Увага, дзеці!” паказалі школьнікам мультфільмы пра паводзіны ў нестандартных сітуацыях.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars