“Святасць зямлі Беларускай”

святасць

Так называецца міжнародны мастацкі пленэр, які ў трэці раз прайшоў па ініцыятыве ўладальніка дзяржаўнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” – протаіерэя Віктара ПЕРАГУДАВА, настаяцеля храма Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы. Сёлета ён быў прысвечаны ўшанаванню памяці святой блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы.

Пленэр праводзіцца ў рамках Праграмы супрацоўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Стартаваў ён у чэрвені 2016 года ў Івянцы і быў прысвечаны 900-годдзю памяці свяціцеля  Міны,    епіскапа Полацкага. Другі прысвячаўся юбілею кнігадрукавання і ролі хрысціянства ў гісторыі беларускай кнігі і адбыўся ў маі 2017 года ў Маладзечне. Арганізатарамі пленэру з’яўляюцца Маладзечанская епархія Беларускай праваслаўнай царквы, Саюз мастакоў Беларусі, Мінская абласная арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”, брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у Мінску. Куратары праекта – Глеб Отчык, першы намеснік старшыні Саюза мастакоў Беларусі, і Ігар Гардзіёнак, загадчык кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры Беларускай акадэміі мастацтваў.

У гэтым годзе ў праекце прынялі ўдзел прафесійныя мастакі з пяці краін. Акрамя беларускіх майстроў пэндзля прыехалі творчыя суполкі з Расіі, Украіны, Румыніі і Малдовы. Перад пачаткам творчай дзейнасці мастакі сустрэліся з епіскапам Маладзечанскім і Стаўбцоўскім Паўлам, а пасля прынялі ўдзел у набажэнстве ў царкве Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Івянцы, якое правёў праасвяшчэнны архірэй. Пасля ўдзельнікі наведалі месца спачыну Святой Валянціны Мінскай – могілкі ў в. Крысава Дзяржынскага раёна, пазнаёміліся з месцамі, звязанымі з жыццём святой, і з людзьмі, якія яе памятаюць. Як адзначыў айцец Віктар Перагудаў, адметна, што ўсе разам сабраліся каля магілы духоўнай апякункі Мінскага краю, каб у супольнай малітве папрасіць Божай дапамогі і благаславення Святой блажэннай Валянціны Мінскай. Калі пачынаць любую справу менавіта з малітвы, з просьбы, каб Гасподзь дапамог і благаславіў, то святыя ўгоднікі зямлі Беларускай, да якіх звярнуліся, будуць нябеснымі заступнікамі і малітвеннікамі перад Прастолам Божым.

Старшыня Беларускага саюза майстроў Рыгор Сітніца дадаў: “Для нас надзвычай важна ўзбагаціць веды мастакоў пра святых нашай зямлі, таму што Беларускі саюз майстроў цесна супрацоўнічае з прадстаўнікамі Беларускай праваслаўнай царквы: уладыкам Паўлам, протаіерэем Ігарам Карасцялёвым – Благачынным 2-й Мінскай гарадской акругі, настацелем царквы ў імя іконы Божай Маці “Усіх смуткуючых радасць” у Мінску, айцом Віктарам Перагудавым. Гэта не проста людзі, якіх паважаем, яны – мае сябры. І я абавязаны дзеля дружбы, дзеля павагі ўсяляк дапамагаць ім. Таму мы і праводзім пленэр у знакамітых месцах Беларусі – каб не толькі памаляваць, але і памаліцца, памножыць веды пра святых нашай зямлі. Як чалавек веруючы, разумею, наколькі гэта важна дзеля таго, што робім: бо можна проста штосьці ствараць, а можна ствараць, памаліўшыся. І гэта будуць два розныя творы па сваёй сіле, энергетыцы, уздзеянні на тых, хто іх пасля будзе глядзець. Мала таго, усё, што робіцца на пленэры, пойдзе на дапамогу дзецям-інвалідам”.

Адметнасцю сёлетняга пленэру стала правядзенне круглага стала пад назвай “Царква і культура” з удзелам мясцовай улады – старшыні Івянецкага пасвыканкама Т. Я. Ліпніцкай, якая расказала замежным гасцям пра гісторыю гарпасёлка і яго славутасці. Пазнаёміліся мастакі і з выхаванцамі Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Дарэчы, карціны майстроў пэндзля былі выстаўлены на дабрачынным аўкцыёне, сродкі ад якога ідуць на рэалізацыю праекта “Мастакі – дзецям лета”. А для захоўвання створаных на пленэрах палотнаў у івянецкай царкве адкрыта карцінная галерэя, што стала культурнай каштоўнасцю гарпасёлка.

Па традыцыі завяршыўся пленэр выставай “Святасць зямлі Беларускай”, якая адбылася ў Маладзечанскім Палацы культуры, а ў гэтыя дні адкрылася ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Палаца Рэспублікі ў Мінску і прадоўжыцца па 4 ліпеня. Урачыстае набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота прадастаўлена

Маладзечанскай епархіяй

святасць

святасць1

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars