Дзе кірмаш, там і ажыятаж

У мінулую нядзелю жыхары Валожына і госці райцэнтра мелі магчымасць пабываць на кірмашы, які ладзіўся на плошчы Свабоды. З 10.00 тут пачалася рэалізацыя харчовых і прамысловых тавараў. А каб пакупнікам было весялей стаяць у чарзе, самадзейныя артысты дзве гадзіны радавалі публіку музыкай, спевамі, танцамі. Шмат забаўляльных атракцыёнаў чакала дзяцей: каруселі, горкі, машынкі.

Пераможцамі па колькасці выстаўленага асартыменту на гэты раз аказалася аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”. Многія іх вырабы даўно перайшлі ўзровень кустарніцтва і могуць канкурыраваць з сувенірамі прамысловых прадпрыемстваў, нязменна выклікаюць цікавасць у знаўцаў, калекцыянераў, а таксама тых людзей, якія шукаюць самабытны падарунак для знаёмых і блізкіх.

Тры гандлёвыя палаткі райспажыўтаварыства прапаноўвалі прысмакі, прыгатаваныя работнікамі аддзела грамадскага харчавання, квас “Крыніца” і сезонную садавіну і гародніну. За шашлыком і кандытарскімі вырабамі паломніцтва не назіралася, а вось танныя клубніцы і чарэшні попытам карысталіся. Добра разбіраліся маладая бульба, памідоры, агуркі, капуста. Уся гэта прадукцыя вырашчана ў паўднёвых рэгіёнах нашай рэспублікі, што з’яўляецца лепшай рэкламай, бо айчыннаму вытворцу народ давярае.

Натоўп то змяншаўся, то ўзрастаў, але не знікаў каля прылаўка, дзе работнікі паштовай сувязі разгарнулі падпісную кампанію. Кірмаш апраўдаў іх спадзяванні, і касу яны папоўнілі важка.  Каля 60-ці грамадзян далі згоду падпісацца на 86 любімых выданняў. Самай запатрабаванай газетай аказалася «Працоўная слава» – на яе аформлены 22 квітанцыі.

Мясныя вырабы і паўфабрыкаты з пяршайскай “прапіскай” радавалі вока і выглядам, і цэннікам. Бойка ішоў гандаль у палатцы Валожынскага філіяла  Маладзечанскага малочнага камбіната. Мелі чым прывабіць людзей мясцовы льнокамбінат, РКБА. Але найбольш уразіў Андрэй Ушацкі, які гандляваў жывымі карпамі, вырашчанымі ў возеры каля Гародзькаў. Некаторыя экзэмпляры дасягалі метровай даўжыні і важылі звыш 3-х кілаграмаў. Праўда, на такіх “монстраў” пакупнікі толькі любаваліся, а дадому неслі рыбу прывычных памераў.

А што наогул людзі неслі з кірмашу? Скажу адразу: асобы з нагружанымі сумкамі і пакетамі ў руках сустракаліся рэдка. Чаму кірмашы ў нас адбываюцца перад заробкам ці авансам, а не пасля іх? Пакупніцкі патэнцыял наведвальнікаў аказаўся нізкім. Нават на папкорн і цукровую вату.

Вось на што няма нараканняў, дык гэта на канцэртную праграму. Спачатку публіка апладзіравала артыстам з Івянца. Потым выступалі два калектывы з Беразінскага сельскага дома культуры суседняга Маладзечанскага раёна. У дванаццаць гадзін, калі спёка добра дала аб сабе знаць, натоўп на плошчы пачаў радзець. Хтосьці перадыслацыраваўся на траўку ў скверы, дзе можна было адшукаць цянёк і схавацца ад сонца. А заадно і паназіраць за дзецьмі, якія без стомы атакавалі горкі і каруселі. Забаўляльныя атракцыёны працавалі амаль да 16.00. Яны і аказаліся самымі рэйтынгавымі аб’ектамі кірмашу.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

дзе-кірмаш

дзе-кірмаш2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars