З захапленнем па жыцці

Общество

Не толькі ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя маглі паспрабаваць свае сілы ў народных тэатрах і страхавыя агенты, і міліцыянеры накшталт герояў Юрыя Дзетачкіна і Максіма Падбярозавіка са славутага фільма Эльдара Разанава “Беражыся аўтамабіля”. Ёсць такая магчымасць і ў сённяшніх акцёраў-аматараў, бо народныя тэатры па-ранейшаму працягваюць існаваць і радуюць гледачоў новымі прэм’ерамі.
Цікавым і плённым быў мінулы год для Пяршайскага народнага тэатра. Камедыя ў дзвюх дзеях “Халімон камандуе парадам” па п’есе Уладзіміра Сауліча, над якой працавалі амаль паўгода, была прадстаўлена ўвазе гледачоў. Яе прэм’ера адбылася ў маі ў Пяршайскім сельскім Доме культуры. Па словах рэжысёра-пастаноўшчыка Вольгі Дзядуль, спектакль меў вялікі поспех у мясцовых жыхароў і выклікаў шмат пачуццяў і ўражанняў. Гэта і падштурхнула калектыў тэатра да далейшых гастроляў. У тым жа месяцы камедыя была паказана на раённай сцэне, а ў снежні – у Дорскім ДК. Напрыканцы года спектакль змаглі паглядзець і жыхары вёскі Астрошыца, што на Лагойшчыне. Транспарт для паездкі прадаставіў РЦК.
У выдатны калектыў уваходзяць сапраўдныя аматары і прыхільнікі тэатра, якія, нягледзячы на занятасць на асноўных месцах працы або вучобы, раз у тыдзень спяшаюцца на рэпетыцыі, каб адпачыць душой і сэрцам і адначасова даць волю таленту і эмоцыям. Гэта настаўнік Чэхаўшчынскай школы-інтэрната Васіль Марзак, педагог Дорскай школы мастацтваў Ірына Жамоздзік і яе сын Дзяніс Іванчык, мастацкі кіраўнік Пяршайскага сельскага Дома культуры Аксана Скрундзь, дырэктар Бабровіцкага СДК Ларыса Шарко, качагар з Пяршаяў Мікалай Бубневіч, студэнт Мінскага універсітэта культуры Антон Дзядуль, акампаніятар Пяршайскага СДК Дзмітрый Завацкі, работніца Пяршайскага комплекснага прыёмнага пункта Софія Клыгун. Мастацкім афармленнем спектакляў займаецца дырэктар Дорскай школы мастацтваў В. Харлінская, светлавым афармленнем –выкладчыца школы М. Кезік, гукааператар – работнік РЦК Ю. Ганчарык. Хочацца пажадаць усяму калектыву народнага тэатра і яго кіраўніку Вользе Дзядуль далейшых творчых поспехаў і цікавых прэм’ер. Тым больш што зараз распачата праца над новым спектаклем да 65-годдзя Вялікай Перамогі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий