Финальный тур районного конкурса «Учитель 2011 года» определил победителя

Официально

Своеасаблівая каранацыя славай лепшага педагога раёна ўжо даўно не ўспрымаецца як нейкая экстраардынарная падзея. Але па-ранейшаму гэты конкурс прафесіянальнага майстэрства тоіць у сабе і загадку, і інтрыгу. Хто ж акажацца самым-самым на гэты раз?! Адказ на хвалюючае пытанне і даў заключны тур раённага конкурсу “Настаўнік  2011 года”, які  праходзіў у мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры.

З першых  яго хвілін і да абвяшчэння журы канчатковых звестак найбольш, відаць, хваляваліся непасрэдныя ўдзельнікі гэтага своеасаблівага шоу. Іх эмацыянальны стан няцяжка растлумачыць. Бо калі настаўнік знаходзіцца на сцэне перад гледачамі, а не перад сваім класам, то яму прыходзіцца ўжывацца ў сваю звыклую ролю як бы наноў. Зразумела, цяжка справіцца і з вялікім хваляваннем. Бо ў глядзельнай зале знаходзяцца не толькі дзеці, а і калегі, настаўнікі з многіх навучальных устаноў раёна, якія маюць добрую прафесіянальную падрыхтоўку, багаты вопыт. Ацэньвала конкурс прадстаўнічае журы, у якім старшынствавала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова. На гэтым мерапрыемстве прысутнічала і галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама.

Раённы конкурс праходзіў у чатыры туры. Усяго было пададзена 12 заявак. Па выніках першага адборачнага тура вызначаліся 9 удзельнікаў, у наступным яго этапе спаборнічалі паміж сабой ужо 5 педагогаў. Ім належала паказаць свае здольнасці, інтэлект, эрудыцыю ў час правядзення ўрока ў незнаёмым класе. У фінале аказаліся трое:  Вольга Міхайлаўна Нікановіч, Дзмітрый Казіміравіч Карачун, Вольга Анатольеўна Альшэўская.

Фінальнае дзейства па дэманстрацыі педагагічнага майстэрства доўжылася больш за дзве гадзіны з улікам музычнай паўзы. Кожны канкурсант стараўся паказаць сябе выйгрышна, асабліва артыстычна паводзілі сябе дзве Вольгі: яны бралі ў палон залу не толькі сваёй абаяльнасцю, але і  бясспрэчным прафесіянальным майстэрствам. Больш стрыманы ў эмоцыях, але тым не менш досыць упэўнены ў сабе быў і Дзмітрый. Да таго ж ён добра павесяліў залу сваёй шчырай непасрэднасцю. За сем хвілін прэтэндэнтам на тытул лепшага настаўніка раёна трэба было ярка і неардынарна прадставіць сябе. Затым кожны з іх праводзіў міні-ўрок па вызначанай тэме. Адбылася і абарона аўтарскіх праектаў. У заключэнне ўдзельнікам фінальнага этапа прапанавалі, адрываючы пялёсткі ад сімвалічнага рамонку, выбраць апошняе заданне і за кароткі час прыняць правільнае рашэнне ў пэўнай педагагічнай сітуацыі. Стараліся ўсе, бо на гэтым заключным этапе яшчэ можна было дадаць балаў у сваю скарбонку…

Я не стану паглыбляцца ва ўсе тонкасці ўмоў фінальнага  этапа конкурсу. Гэта выключна прэрагатыва журы. А пагляджу на спаборніцтва з пазіцый творчага чалавека, якому за сваю журналісцкую біяграфію неаднойчы прыходзілася быць на  рознага роду спаборніцтвах інтэлектуалаў, эрудытаў.

В. Альшэўская, В. Нікановіч, Д. Карачун скарылі публіку сваім прафесіяналізмам, не выпадкова менавіта яны і апынуліся ў фінале. Найбольш ярка прайшоў міні-ўрок. Кожны стараўся выразна падкрэсліць неардынарнасць сваёй асобы і ў час самапрадстаўлення. Зала за ўсім гэтым дзействам сачыла з непрыхаваным інтарэсам.

І між тым, на маю думку, неяк не зусім выйгрышна глядзяцца настаўнікі-фіналісты, калі яны шмат хвілін конкурснага рэгламенту дэкламуюць тэксты па паперцы. Конкурс, як мне падаецца, гэта перш-наперш жывая рэакцыя, гэта дынаміка дзейства, гэта сцэнічная імправізацыя, калі  важны пастаянны кантакт з залай. А загадзя падрыхтаваныя, прычым вельмі аб’ёмныя тэксты, сціраюць адчуванне цікавага “рэаліці-шоу”, на якое мае права разлічваць глядач.

Магчыма, загадзя падрыхтаваныя тэксты – гэта абавязковы канон падобных конкурсаў. Тады шкада, што гэта так… Мне здаецца, што вельмі правільна было б запрашаць у журы такіх прэстыжных конкурсаў і ветэранаў педагагічнай справы. Тым больш, што ў нашым раёне ёсць настаўнікі, якія маюць званне заслужаных.

Седзячы ў зале, кожны з гледачоў, безумоўна, рабіў свае прагнозы наконт патэнцыяльных пераможцаў. Былі яны, зразумела, і ў мяне. Але яны не супалі з вывадамі журы ў значнай ступені. Аднак гэта ўжо суб’ектыўныя нататкі. Таму звернемся да афіцыйных вынікаў. Па рашэнню кампетэнтнага журы пераможцам  раённага конкурсу стаў Д. К. Карачун. Ён набраў 116,5 бала. Лаўрэатамі педагагічнага спаборніцтва сталі дзве астатнія ўдзельніцы, у кожнай з іх па 111,2 бала.

Дзмітрый на сцэне заўсёды стаяў паміж дзюма калегамі – Вольгамі. І яму, калі верыць народнай прыкмеце, абавязкова павінна было ў той дзень пашанцаваць. Так яно і сталася. Пажадаем жа нашаму земляку вялікай удачы і на абласных творчых іспытах!

Фіналісты конкурсу ў памяць аб гэтым мерапрыемстве атрымалі прыгожыя букеты кветак і каштоўныя падарункі, якія спансіравалі райаграпрамтэхніка, аўтапарк № 14, ведамасны райкам прафсаюза. Удзельнікам конкурсу ўручыла падарункі і старшыня РГА “Белая Русь”, дырэктар гімназіі № 1 горада Валожына Н. А. Чарнышова.

Ірына Пашкевіч

Дзмітрый Казіміравіч КАРАЧУН

Дзмітрый Казіміравіч КАРАЧУН

Нарадзіўся ў 1981 годзе ў Валожыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка ў 2004 годзе. Працаваў настаўнікам біялогіі і хіміі ў Яршэвіцкай школе, затым выкладаў біялогію ў Пяршайскай.

З 2007 года працуе настаўнікам біялогіі першай кваліфікацыйнай катэгорыі ў СШ № 2 райцэнтра.

Вольга Анатольеўна АЛЬШЭЎСКАЯ

Вольга Анатольеўна АЛЬШЭЎСКАЯ

Нарадзілася ў Івянцы ў 1984 годзе. У 2004 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны каледж, у 2008-ым – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Са жніўня 2004 года выкладае англійскую мову ў Івянецкай  школе. Мае другую кваліфікацыйную катэгорыю.

Вольга Міхайлаўна НІКАНОВІЧ

Вольга Міхайлаўна НІКАНОВІЧ

Нарадзілася ў 1980 годзе ў Валожыне. У 1995 годзе – студэнтка Нясвіжскага педагагічнага каледжа, у 2009 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (завочнае аддзяленне). Працавала сацыяльным педагогам, педагогам-арганізатарам.  З верасня мінулага года – педагог сацыяльны СШ № 1 горада Валожына.



Добавить комментарий