На Свяце працы старшыня райвыканкама Уладзімір Наумовіч уручыў дыпломы і граматы

Официально

На Свяце працы, якое адбылося ў мінулую пятніцу, старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч НАУМОВІЧ уручыў больш за сто дыпломаў і Ганаровых грамат пераможцам раённага спаборніцтва і лепшым па прафесіі і выказаў ім словы шчырай падзякі за праяўленае старанне і руплівасць.

Плады людской працы застаюцца на гады, а тым больш калі створанае становіцца набыткам многіх жыхароў. На гэта і зрабілі акцэнт культработнікі, калі адкрывалі святочную праграму раённага мерапрыемства. На вялікім экране кінатэатра экспанавалася фотагалерэя найбольш значных сацыяльных аб’ектаў раёна, якія былі ўзведзены ў 2010 годзе. Гэта першы саракакватэрны сацыяльны жылы дом у мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра, а таксама шматпавярхоўка для ваеннаслужачых у мікрараёне Папоўка Валожына, лячэбна-прафілактычны корпус на тэрыторыі бальнічнага гарадка.

Владимир Антонович Наумович

Важнасць гэтых аб’ектаў для жыхароў раёна выразна падкрэслівалася і ў час інсцэніроўкі, падрыхтаванай самадзейнымі артыстамі. Інфармацыйны “навігатар” знаёміў з калектывамі будаўнікоў, якія працавалі на ўзвядзенні новабудоўляў. Эмацыянальны эфект такога афармлення ўзмацніўся, калі на сцэну выйшлі сем’і навасёлаў – апрануты ў парадную форму афіцэр воінскай часці з жонкай і дачкой. А калі загаварылі пра лячэбна-прафілактычны корпус і радзільнае аддзяленне, аснашчанае па апошняму слову тэхнікі, то на сцэне адна за адной сталі з’яўляцца шчаслівыя маці з немаўляткамі на руках. Адчуванне рэальнасці дакладна перадаваў плач нованароджаных дзяцей. А вядучая радасна і аптымістычна лічыла, наколькі ж пабагацеў на новых жыхароў наш раён. Не паспела яна сказаць, што ў радзільным аддзяленні з’явіліся на свет 34 дзіцяці, як на сцэну выйшла маці з 35-ым маленькім жыхаром раёна, а затым і з 36, 37, 38 і 39-ым. Такой інсцэніроўкай самадзейныя артысты далі зразумець, што новы сучасны корпус істотна паспрыяе дэмаграфічнай сітуацыі на Валожыншчыне…

Па рэакцыі залы адчувалася, што прыўзняты настрой ахапіў публіку з самага пачатку свята. І гэтыя светлыя эмоцыі іх не пакідалі да канца мерапрыемства. Прадстаўнікі розных прафесій радаваліся за сваіх калег, калі тых запрашалі на сцэну, каб ад імя раённай улады ўшанаваць за прафесіяналізм, высокія працоўныя вынікі, якімі быў адзначаны мінулы год. Лепшыя з лепшых атрымлівалі Ганаровыя дыпломы і граматы пераможцаў з рук старшыні райвыканкама Уладзіміра Антонавіча Наумовіча. А распачаў парад перадавікоў раёна зернеўборачны экіпаж з ААТ “Агра-Дубінское” ў складзе І. В. Саломкі і Д. Р. Ліштвана. Лепшыя хлебаробы былі названы па ўсіх чатырох групах камбайнаў. У ліку правафланговых Л. Т. Гуд і А. І. Якубоўскі з УП “Івянецкая крыніца”, М. А. Болтуць і А. А. Голуб з Пяршаяў, С. В. і Д. С. Радыны з Сугваздаў, А. І. Мігановіч і А. М. Былінскі з Багданава і многія іншыя. Сярод вадзіцеляў першае месца ў першай групе ў раённым спаборніцтве заняў А. Р. Русіновіч з СВК “Валожынскі”, у другой групе – І. П. Мойса з УП “Івянецкая крыніца”. Сярод маладых хлебаробаў вызначыўся М. Сівіцкі з СВК “Пяршаі-2003”, з гэтай жа гаспадаркі і В. Ч. Пачыкоўскі – лідар сярод машыністаў зернесушыльных комплексаў.

На Свяце працы былі ўшанаваны лепшыя льнаводы, сейбіты, нарыхтоўшчыкі кармоў.

Цешыць душу тое, што многія перадавікі штогод застаюцца ў лідарах раёна. А яны ведаюць, што дабіцца поспеху нялёгка, а яшчэ цяжэй утрымацца на п’едэстале гонару. Як не парадавацца за даярак з ААТ “Манькаўшчына” і СВК “Пяршаі-2003” Т. Б. Зеньку і А. А. Страчынскую, якія летась надаілі ад кожнай каровы больш за 8 тысяч кілаграмаў малака!

Гэтым і іншым людзям было прыемна пачуць свае прозвішчы і ў дакладзе старшыні райвыканкама, з якім У. А. Наумовіч выступіў на свяце.

Вяскоўцам, якія шчыруюць ад зары да зары, свой паклон аддалі і шаноўныя госці свята: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У. Я. Сінякоў, а таксама наш зямляк, дырэктар прадпрыемства “БелВінгесЛагістык” В. У. Сікорскі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці У. Л. Бурш, які ўручыў Ганаровыя граматы аблвыканкама кіраўніку знакамітага ракаўскага “Гасцінца” Л. С. Пятроўскай і даярцы ААТ  “Суднікі” Т. А. Багдановіч.

Удзельнікаў свята шчыра віталі дэлегацыі з Маладзечанскага, Стаўбцоўскага, Нясвіжскага раёнаў і горада Мінска. За высокія дасягненні па выніках работы за 2010 год сярод прамыслоўцаў адзначаны калектыў райаграпрамтэхнікі, сярод камерцыйных прадпрыемстваў – ДА “Леспаліваэнерга”. Лепшай дашкольнай установай прызнаны калектыў ясляў-сада № 3 Валожна і “Сонейка” з Ракава. Такі ганаровы тытул атрымаў і Бабровіцкі сельскі Дом культуры. Лепшым медыцынскім работнікам стала старшая медсястра рэанімацыйнага аддзялення райбальніцы В. Я. Бітэль, сацыяльным работнікам – В. В. Світа, лепшым маладым спецыялістам прызнана Ю. А. Мякінка – дырэктар Ракаўскай дзіцячай музычнай школы. Вызначаны і іншыя працоўныя намінацыі. Усім пераможцам раёна ўручаны грашовыя прэміі.

Было абнародавана і рашэнне райвыканкама аб прызнанні лепшымі калектывамі: ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, ДУП “Аўтамабільны парк № 14”, гімназіі № 1, кінатэатра “Юнацтва”, Пяршайскай урачэбнай амбулаторыі і занясенні іх, а таксама 17 партрэтаў лепшых работнікаў ва ўсіх сферах на раённую Дошку гонару. Сёння мы не будзем друкаваць гэты спіс поўнасцю, а змесцім яго ў бліжэйшым нумары раёнкі.

Яркі букет канцэртных нумароў падарылі зале культработнікі раёна. Былі ў святочнай праграме і даўно знаёмыя нумары, і новыя.

Райвыканкам, традыцыйна праводзячы мерапрыемствы такога маштабу, заўсёды стараецца запрасіць выступіць перад шаноўнай аўдыторыяй перадавікоў і знакамітых сталічных артыстаў. На гэты раз з гастрольным турам да нас завітаў Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Бяседа».

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Яўгена БАШАРКЕВІЧА і Ірыны ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий