Марскі прычал — родная хата

Общество

Славуты пясняр прыроды Міхаіл Прышвін пісаў, што “падарожнік, вярнуўшыся дадому, адкрывае свае вочы на знаёмае і тым самым абагачае сваю радзіму”. А вось другі Міхаіл, Горбач, наш зямляк, жыхар Пяршаяў, даказаў, што гэта сапраўды так.
Міхаіл Міхайлавіч Горбач адслужыў на Ціхаакіянскім флоце ўсяго тры гады, а марская тэма паланіла яго душу назаўсёды і адгукаецца зараз дызайнерскімі ідэямі ў афармленні бацькоўскай хаты. Знадворку дом здаецца звычайным, але варта толькі адчыніць дзверы, як, замест традыцыйных вясковых сенцаў, трапляеш на карабельную палубу, абсталяваную ўсім патрэбным для зручнага плавання ў жыццёвым моры: душавая кабінка, прадуманая сістэма ацяплення, утульны капітанскі кубрык, трап са зручнымі поручнямі і нават дубовая скрыня ў стылі капітана Флінта. Дапоўненыя спецыяльнымі ручкамі старадаўнія колы ад калаўротаў ці вазоў – чым не штурвал рулявога?! А які карабель без камбуза і ўмелага кока? Пра гэта ўзгадваюць драўляныя максі-лыжка і відэлец, якімі мог бы карыстацца які-небудзь заморскі велікан…
“Прычал” карабля і падворак па сумяшчальніцтву – сапраўдная бухта, гатовая даць адпачынак стомленаму мараходу. Двор і агарод – дагледжаныя, добраўпарадкаваныя, а такой выдатнай лаўкі (можна біцца аб заклад) вы нідзе больш не сустрэнеце! Зроблена яна з цэльнага ствала, распілаванага ўдоўж. Умелыя рукі Міхаіла Міхайлавіча дакладна апрацавалі кожную частку, сядзець настолькі зручна, што самі сабой нагадваюцца словы галоўнай гераіні кінафільма “Дзяўчаты” Тосі Кісліцынай: “Век сидела б, не вставала б!”.
Тое, што аматары часам бываюць больш дасканалымі майстрамі, чым прафесіяналы, акурат і даказвае караблебудаўніцтва: Ноеў каўчэг выратаваў усё жывое падчас патопу, а вось сумнавядомы “Тытанік”, зроблены на лепшай суднаверфі, затануў… Дарэчы, гаспадарка Горбачаў – самы што ні на ёсць каўчэг, на якім умяшчаюцца і авечкі, і карова, і свінні, а таксама куры, каты і сабакі. Зразумела, што адзін “капітан” не справіўся б з гэтай кампаніяй. Надзейны тыл забяспечваюць маці Міхаіла Ядвіга Мікалаеўна, жонка Ірына Уладзіміраўна, пляменніца Даша. Жаночая каманда на караблі ўмелая і згуртаваная. У доме і каля дома – парадак, заўсёды радуе ўраджаем агарод, і добра родзяць клубніцы…
Дом № 12 па вуліцы Партызанскай у Пяршаях, дзе жыве дружная сям’я Горбачаў, падкупляе самабытнасцю. А нестандартнае, арыгінальнае рашэнне, як вядома, заслугоўвае асобай пашаны.
А яшчэ хочацца схіліць галаву перад гэтай сям’ёй за рэдкае ўменне стойка пераносіць усе цяжкасці і выпрабаванні. Неаднойчы даводзілася ім перажываць жыццёвыя трагедыі, але ні адно гора не здолела скалечыць іх чалавечую годнасць, не зламала моцны духоўны стрыжань.

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий