Гісторыя домры трагічная. У сярэдневяковай Русі яна была асноўным інструментам народных музыкаў і акцёраў-скамарохаў. Яны хадзілі па сёлах і гарадах і радавалі жыхароў вясёлымі сатырычнымі песнямі. Аднак у песнях часта дазвалялі сабе небяскрыўдныя жарты над баярамі і царквой. З-за гэтага разгневаныя ўлады каралі музыкаў зняволеннем. Домру таксама такі лёс не мінуў. У выніку яна знікла.
Толькі ў канцы ХIХ стагоддзя гэты музычны інструмент, як птушка Фенікс, адрадзіўся з небыцця.Хоць домра і старажытнарускі інструмент, аднак на ёй можна іграць і беларускія народныя песні, класічныя мелодыі і нават папулярныя сучасныя, як гэта робіць дванаццацігадовая Марыя Сікорская, навучэнка Валожынскай дзіцячай музычнай школы.
Ужо трэці год з дапамогай медыятара з трох металічных струн дзяўчынка здабывае мяккія, чароўныя гукі, якія пераносяць нас на пяцьсот гадоў назад. За свае стараннасць і майстэрства юная дамрыстка атрымлівае толькі васьмёркі і дзевяткі.
– Маша, ты сама пажадала вучыцца ў музычнай школе ці так за цябе рашылі бацькі?
– Я вельмі хацела іграць на якім-небудзь незвычайным музычным інструменце і сама папрасіла маму запісаць мяне ў гэту школу. Калі ішла здаваць экзамены, мама сказала, што не ўсе дзеці сюды паступаюць. Я тады ледзь не заплакала. Дома ў мяне домры няма. Мой выкладчык давярае мне, дае інструмент дахаты, каб я рэпеціравала.
– Хочаш звязаць свой лёс з музыкай альбо выбераш іншую прафесію?
– Калі скончу школу, буду паступаць у музычнае вучылішча, а затым, мабыць, і ў кансерваторыю. Мару стаць прафесійным музыкантам, іграць у вялікім аркестры і падарожнічаць з канцэртамі па свеце.