Белае святло…

Культура

Цемната. Але не глухая, не. Якраз зусім наадварот, вельмі шмат гукаў. Вельмі шмат крыкаў болю і страху, вельмі шмат грукату стрэлаў. Вельмі шмат гукавой інфармацыі для аднаго чалавека. Для мяне.

А мяне ніхто не бачыць, таму што ляжу паранены на зямлі, і не чуе, таму што мае стогны перакрываюцца гэтымі гукамі. Гукамі вайны.

Так, цяпер вайна. І таму я тут. Уступаючы ў рады Чырвонай Арміі, я не быў летуценным хлапчуком. Я ўсё добра ўзважыў, перш чым прыняць гэта рашэнне. Хаця мне было ўсяго 14 гадоў, за сваё кароткае жыццё я ўжо перажыў шмат таго, аб чым многія людзі не ведаюць. У мяне няма бацькоў, яны памерлі ад голаду. Больш няма старэйшай сястры, яна ахвяравала сабой і згарэла зажыва, выратоўваючы мяне з палаючага дома. Я страціў лепшага сябра – падчас разведаперацыі яго схапілі і адправілі ў канцлагер. Мая родная вёска перастала існаваць, яна спалена. У самым пачатку вайны я быў паранены ў правае плячо, і рана да гэтага часу не зажыла. Мне проста ўжо не было чаго губляць.

Але я памыляўся. Губляць ёсць што. Тут, на халоднай зямлі, паміж мёртвымі фашыстамі і сваімі саюзнікамі, я разумею гэта. І цяпер у галаве пульсуе адзіная думка: я хачу жыць. Літаральна бачу перад вачамі гэту фразу, напісаную вялікімі чырвонымі літарамі. Мне абрыдла гэта бясконцая вайна. У мяне засталося адзінае, што належыць мне, – маё жыццё. Я не хачу яго страціць. І таму я выберуся. Сабраўшы рэшткі сіл, пачынаю паўзці. І ў мяне атрымліваецца. Нават тупы боль у плячы ўжо не турбуе. Але мае рухі не засталіся незаўважанымі. Над вухам раздаецца злосны выкрык на нямецкай мове. Пстрыканне затвора, якое здалося мне аглушальным, нягледзячы на жудасны грукат вакол. І дзікі боль па ўсім целе. Я не хачу крычаць, але боль працінае ўсё цела, разрывае знутры. З горла супраць волі выраваецца хрыплы крык загнанага дзікага звера. І я разумею, што гэта канец. Гэта ўсё.

Ужо пляваць на боль. І, насуперак расказам, перад вачамі не праносіцца ўсё жыццё. Я бачу толькі белае святло. Святло?

* * *

– А-а-а!!!

Валюся з ложка і канчаткова прачынаюся. Азіраюся. Мой родны пакой: у куце хітра падміргвае чырвоным і зялёным працуючы ў эканомрэжыме камп’ютар, плакаты на сценах, вялікі стос сшыткаў і кніг на стале, ціхая музыка з калонак.

У галаве праносяцца ўрыўкі са сну. Пра салдата. Ён у апошні момант захацеў жыць… Цемната і белае святло… А яшчэ… не памятаю. Нейкія абрыўкі ёсць, але цэлага няма. Увогуле, трэба менш у стралялкі гуляць, і спаць буду лепш, а то сніцца ўсякае.

Супакоіўшыся, выкідаю з галавы ўсе непатрэбныя думкі і іду на кухню папіць вады. І ўжо засынаючы, успамінаю, што ў салдата на грудзях быў раскрыты медальён. З імем. Трэба пагаварыць з дзедам…

Кацярына КАШКАН,

г. Валожын.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *