Ад няякаснай вады недалёка да бяды

Общество

Вада іграе самую важную ролю ў жыцці чалавека, усе працэсы ў арганізме адбываюцца выключна дзякуючы ёй. Таму вада для піцця ў адпаведнасці з санітарнымі правіламі і нормамі павінна быць бяспечнай у эпідэмічных і радыяцыйных адносінах, бясшкоднай па хімічнаму саставу.

За якасцю вады ў нашым раёне павінны сачыць усе арганізацыі, чыя дзейнасць звязана з эксплуатацыяй сістэм водазабеспячэння і падачай вады для піцця насельніцтву. Сёння вытворчы лабараторны кантроль праводзіцца, на жаль, толькі на 57 з 200 водаправодаў раёна. А такія суб’екты гаспадарання, як ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, ДУП “Аўтапарк № 14”, СТАА “ІрыёнВуд” у Ракаве, сельгаскааператывы па розных прычынах гэты кантроль так і не наладзілі.

За якасцю вады для піцця сочыць і дзяржсаннагляд. Спецыялісты ДУ “Валожынскі райЦГіЭ” ў 2010 годзе адабралі пробы вады з розных крыніц водазабеспячэння і даследавалі яе. Аказалася, што 60,2 працэнта проб па санітарна-хімічных паказчыках не адпавядалі гігіенічным патрабаванням па ўтрыманню жалеза. Пры норме 0,3 мг/дм куб. у Валожыне адзначана перавышэнне ад 0,7 мг/дм куб. (калонка па вуліцы Кірава) да 0,9 мг/дм куб. (калонка па вуліцы Мічурына). У Івянцы ўтрыманне жалеза ў вадзе перавышала норму ад 0,7 да 0,96 мг/дм куб. У Дорах, Родзеўшчыне гэта лічба склала 0,65 мг/дм куб., у Вішневе – 0,78, у Багданаве – 0,8 мг/дм куб. У дзіцячым санаторыі “Налібоцкая пушча” ўзровень жалеза складаў 0,9 мг/дм куб. У “рэкардсмены” выйшлі Паморшчына (3,77 мг/дм куб.) і водаправодная сетка (3,56 мг/дм куб.).

Такое высокае ўтрыманне жалеза характэрна для падземных вод нашай краіны. Разам з тым, у нашым раёне ёсць месцы з вадой, якая адпавядае нарматыву, – у вёсках Пялікшты, Татарскія, Ракаў, Аўгустова, Паліксаўшчына, Вядзернікі, Сасноўцы, Сугвазды, Леснікі, Бурнейкі, Ганчары.

Па мікрабіялагічных паказчыках працэнт проб вады, якія не адпавядалі гігіенічным патрабаванням, склаў 2,27 працэнта (у 2009 годзе – 1,2 працэнта). Гэта, верагодней за ўсё, звязана з парушэннямі пры эксплуатацыі водаправодных збудаванняў. Дадзены прадпісанні па правядзенню іх ачысткі, прамыўкі і прафілактычнай дэзінфекцыі. Даследавалі спецыялісты і 223 пробы вады з шахтавых студняў, у 164 выявілі перавышэнне ўтрымання нітратаў – у Івянцы, Ракаве, Туркаўшчыне, Манькаўшчыне, Пяршаях, Даўбенях, Гіліках, Мінцях, Малым Запруддзі, Капусціне і інш.

Многіх цікавіць якасць крынічнай вады. Нашы спецыялісты даследавалі і такую. Пробы з гарадской крыніцы адпавядалі гігіенічным нормам, у Вішневе – “не прайшлі” па нітратных, а ў Ракаве – па мікрабіялагічных паказчыках.

Праблема павышанага ўтрымання жалеза ў вадзе райцэнтра вырашыцца з увядзеннем у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання. А насельніцтву сёння прапануецца шырокі выбар ачышчальных установак і прыстасаванняў для кватэр і дамоў, рэкамендуецца выкарыстоўваць для піцця бутляваную ваду.

Мікалай СТРАЛЕЦ, галоўны ўрач ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.



Добавить комментарий