З гісторыі вёскі Камень

Культура

Цікавасць да мінулага ў людзей заўсёды была вялікая. І цікавасць гэта звязана з патрэбамі чалавека лепш разабрацца ў сучаснасці, ведаць мінулае краіны, гісторыю свайго горада ці вёскі. У краі Налібоцкай пушчы раскінуўся Камень. На Беларусі ёсць некалькі вёсак з такой назвай, сярод іх і вёска Камень Валожынскага раёна, мясціны з багатай гісторыяй, дзіўнымі помнікамі, працавітымі, шчырымі людзьмі.

Вёска вельмі старая, таму ўжо жыхары дакладна не ведаюць, чаму яна так называецца. Мяркуюць, што сваё імя яна атрымала ад велізарнага камня-валуна, які ляжыць на ўскрайку вёскі. Гледзячы на гэты камень, здзіўляешся сіле ледавіка, што прынёс сюды са Скандынавіі такую глыбу. Менавіта ён стаў сімвалам кнігі Г. Далідовіча “Гаспадар Камень”. Пра гэты валун ёсць некалькі легенд.

Легенда апавядае пра таленавітага, але карыслівага майстра па вырабу абутку; яго хата нібыта стаяла на месце валуна. Прагнасць да грошай давяла яго да сувязі з д’яблам. Чэргі людзей збіраліся перад хатай напярэдадні свят. Шыў майстар хутка, але ж і грошы браў вялікія. Тым часам злыя духі рыхтавалі свае чорныя справы, чакалі людзей ля царквы. Дастаткова было чалавеку ступіць там тры крокі, як абутак развальваўся. Спачатку сяляне лічылі гэта напасцю за грахі; зноў на наступнае свята ішлі да шаўца, а гісторыя з абуткам паўтаралася зноў і зноў, пакуль хтосці не заўважыў нядобрае. Людзі пачалі сачыць за хатай шаўца і аднойчы накрылі ўсю д’ябальскую шайку. Дзверы былі на засаўцы; людзі выклікалі майстра-прайдоху на суд, з грамады выйшаў стары, наблізіўся да акна, за якім сядзеў спалоханы шавец, і прамовіў даўнішні праклён: «Каб ты каменем стаў!»

Кара прыйшла з перуном і ліўнем – хата скамянела, скамянеў і злодзей-майстар.

Уражвае “ўзрост” вёскі – упамінанне ёсць у Іпацьеўскай хроніцы ад 1262 года, у час вайны князя літоўскага Міндоўга з князем Васількам. Магчыма дзіўна будзе чуць, але ля Каменя быў сапраўдны замак. На жаль, ён з’яўляецца адным з самых маладаследаваных і малавядомых у Беларусі. На сённяшні дзень часткова захаваліся земляныя ўмацаванні замка – валы і равы. З аднаго боку таксама захаваліся рэшткі вонкавага вала перад замчышчам, з другой – рачулка Каменка, якая, мяркуючы па ўсім, калісьці мела ролю дадатковай перашкоды пры нападзе на замак. Уваход на замкавую гару ідзе па насыпной дамбе. На самым замчышчы захаваліся рэшткі двух сутарэнных памяшканняў памерамі прыкладна 2,5х2,5. Адно з іх выкладзена бутавым каменем, уваход у яго, відаць, знаходзіўся зверху. Другое – цаглянае, з рэшткамі праёмаў і ўваходу з унутранага боку замчышча. Дату іх пабудовы вызначыць дакладна даволі складана, магчыма, што яны маюць дачыненне да сядзібы, якая знаходзілася на замчышчы да Другой сусветнай вайны.

У розныя часы вёска ўваходзіла ў склад тэрытарыяльных уладанняў нашчадкаў баярскага роду Гедыгольдавічаў (да сярэдзіны XV ст.), дзржаўных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага Забярэзінскіх (з канца XV ст. па першую палову XVI ст.), Кішкаў (з другой паловы XVI ст.).

Існуючы касцёл носіць імя Святых Пятра і Паўла. Чаму ж менавіта такая назва? Магчыма, яе далі ад назвы самой вёскі, вядома, што Хрыстос назваў Сымона Пятром, што значыць “камень”.

Касцёл быў зроблены з дрэва і падчас нападу шведаў у сярэдзіне XVII ст. згарэў. Новая ўладарка з роду Далматаў-Ісайкоўскіх была ініцыятарам адбудавання новага храма, які і адкрыўся ў 1679 годзе. Пры касцёле была нават пабудавана хата для парафіяльнай школы з навучаннем на польскай мове. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Камень адышоў да Расійскай імперыі, у вёсцы налічвалася 268 жыхароў, 49 двароў. У “Настольной и дорожной книге для русских людей” В. П. Сямёнава чытаем, што ў мястэчку Камень знаходзіцца касцёл рымска-каталіцкі, 2 яўрэйскія школы і багадзельня.

Хто ж быў уладаром мястэчка? У спісе ўладароў Мінскай губерні за 1876 год значыцца дваранін  Іван Аляксандравіч Гаворка, па купчай ён і стаў гаспадаром каменскіх зямель. Дарэчы, і сёння нават лес побач з вёскай старэйшыя жыхары называюць “Гаворкаў лес”. Цікавым з’яўляецца і тое, што па каменскай зямлі хадзілі продкі Я. Купалы. Так у 1875 годзе ў пана Гаворкі арандаваў зямлю дзед народнага песняра – Ануфрый Луцэвіч.

Чым жа займаліся і як жылі людзі? Галоўнымі заняткамі насельніцтва былі земляробства, жывёлагадоўля, добра развівалася рамяство, існаваў гандаль. У ліку рамеснікаў былі краўцы, ганчары, гарбары, вінакуры.

Колькасць двароў і жыхароў мянялася. Напрыклад: у 1861 годзе ў вёсцы было 60 двароў, дзе жылі 603 чалавекі; у 1897 годзе – 116 двароў і 713 жыхароў, быў касцёл, кузня, карчма; у 1908 годзе – 112 двароў і 1012 жыхароў. Сем’і былі даволі  вялікія, па 7-8, а то і больш чалавек. Часта ў адной хаце жылі бацькі з жанатымі сынамі, якія ў сваю чаргу з павагай ставіліся да старэйшых, бераглі і цанілі хлеб як вынік цяжкай працы. Да свят людзі доўга і старанна рыхтаваліся. Праводзілі фэсты, прысвечаныя Святым, імя якіх носіць касцёл. Цікава праходзілі сямейныя святкаванні: вяселлі, хрэсьбіны.

У 1920 годзе ў мястэчку была арганізавана школа-сямігодка з навучаннем на польскай мове. Аднак вучыліся дзеці толькі зімой, калі па гаспадарцы было менш працы, ды і ў такім рэжыме мала хто заканчваў і гэту школу, бо неабходна было дапамагаць бацькам.

У 1924 годзе арганізавана 3-класная школа з рускай мовай навучання, а на роднай мове не было ніводнай школы. Праз 15 гадоў, у 1939 годзе, Камень – у складзе БССР. У гэты час існавала новая школа, пабудаваная солтысам Каменскай гміны Іпалітам Іосіфавічам Ждановічам, да гэтага ж дзеці вучыліся ў прыстасаваных памяшканнях. Дырэктар школы Ян Бібік добра ведаў беларускую мову, вось і навучэнцы атрымалі магчымасць яе асвойваць.

На канфіскаваных у памешчыкаў землях арганізавалі калгас “Новае жыццё”. Уступалі ў яго толькі самыя бедныя сяляне, таму коней было мала; усяго адзін трактар быў у парку гаспадаркі. Ды і праіснавала яна толькі год, Вялікая Айчынная кардынальна змяніла ход жыцця.

У 1940 годзе адбыліся адміністрацыйна-тэрытарыяльныя змены. Івянецкі раён, утвораны з Івянецкай гміны, да якой належаў Камень, увайшоў у Валожынскі раён Баранавіцкай вобласці.

Мірная праца вяскоўцаў, як і ўсіх людзей нашай краіны, была парушана нападам немцаў. Вяскоўцы зразумелі гэта не адразу, бо радыё было толькі ў дырэктара школы. Людзі здзіўляліся, куды ляціць столькі самалётаў? Але хутка плач жанчын і крыкі дзяцей ускалыхнулі вёску, бо даведаліся ад дырэктара школы, што пачалася вайна. З першых дзён вайны ў лясах паблізу Каменя з’явіліся партызанскія атрады. З імі быў і жыхар Каменя Антон Валер’евіч Стахно. Ваяваў ён у Сталінградскай брыгадзе з 1941 па 1944 год.

Катаванні і забойствы не абмінулі вяскоўцаў. Нішто не спыняла нямецкіх салдат. Так 6 студзеня 1943 года яны ўварваліся ў касцёл, трох чалавек вывелі на вуліцу, далучылі да іх яшчэ траіх, звязалі па руках і правялі па іх аўтаматнай чаргой… Аб бязмернай жорсткасці гітлераўцаў сведчыць і забойства імі 57-гадовага ксяндза-дэкана Леапольда Аўліха і яго калегі Казіміра Рыбалтоўскага, якому было толькі 33 гады.

Падчас жорсткага сутыкнення з польскімі легіянерамі, гарнізон якіх з’явіўся ў вёсцы, загінулі з варожага боку 21, 23 паранены, з боку ж жыхароў Каменя не стала 20 чалавек. Падчас гэтых падзей (у ноч з 14 на 15 мая 1944 года) згарэў драўляны касцёл.

Былі спалены школа і панскі маёнтак. Так загінулі 2 самыя вялікія будынкі Каменя. Гэтыя падзеі засталіся ў памяці перажыўшых вайну людзей.

У тым жа 1944 годзе была вызвалена Беларусь, дзеці адразу ж пачалі вучыцца, хоць і навучанне праходзіла ў трох будынках жыхароў Каменя, хоць і не было людзей са спецыяльнай адукацыяй. Цяперашнія дзядулі і бабулі (гэта і ёсць тыя вучні) успамінаюць, як яны ў дзень 9 мая даведаліся ад настаўнікаў аб чаканай перамозе, як узрушана, але ўжо з вялікай радасцю перажывалі канец вайны, пачатак мірнага жыцця. Сяляне шчыра працавалі на зямлі, будавалі новыя дамы. Спачатку іх складвалі з бярвенняў, каб толькі хутчэй засяліцца, і толькі некалькі пазней даводзілі жыллё да парадку. Яшчэ пазней, у 1960 годзе, была праведзена электрычнасць.

У чэрвені 1963 года Камень становіцца цэнтрам саўгаса імя Маякоўскага.

У 1971 годзе пачалося будаўніцтва сапраўднай школы, і першага верасня 1973 года дзеці з вялікай радасцю распачалі заняткі ў новым будынку.

Ішоў час, але жыхары не забывалі сваіх землякоў – абаронцаў Радзімы. На ўшанаванне памяці 27 землякоў, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, насупраць школы, у скверы пастаўлены помнік – скульптура жанчыны ў жалобе.

Зараз Камень – дастаткова вялікая вёска, тут пражывае больш за 600 жыхароў, не так даўно пабудаваны новыя дамы, дзе жывуць маладыя сем’і. У дамах, асабліва ў старэйшых вяскоўцаў, можна ўбачыць прыгожыя вырабы, вынік іх цікавасці да промыслаў, ды і проста да прыгожага: вышыванкі, нават цэлыя вышытыя карціны. Жывуць і працуюць у вёсцы і такія ўмельцы, як ткачы – сям’я Малютка. Вынікам іх умелай, сапраўды прафесіянальнай працы з’яўляюцца прыгожыя сурвэткі, ручнікі і іншыя рэчы.

382 жыхары вёскі запісаны ў працуючую ў вёсцы бібліятэку. Дасведчаны бібліятэкар дапамагае знайсці патрэбны матэрыял і школьнікам, і дарослым наведвальнікам.

У 1991 годзе ў Камені быў пабудаваны цагляны касцёл Святых Пятра і Паўла на тым самым месцы, дзе быў папярэдні драўляны касцёл. Будавалі яго самі жыхары, на свае сродкі.

Такая сёння вёска Камень – жывая, квітнеючая, з багатай гістарычнай спадчынай і аптымістычным поглядам на будучыню.

Вадзім МІНЦЕЛЬ, г. Валожын.

Ваенны мартыралог:

ВЫСОЦКІ Іван Мікалаевіч, н. 1918, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1941, радавы, загінуў у 1944 пад Ленінградам.

ЖДАНОВІЧ Іван Антонавіч, н. 1918, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1944, радавы, загінуў у 1945 на тэрыторыі Германіі.

КАЛОСКА Міхаіл Антонавіч, н. 1911, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1944, радавы, загінуў у 1944 у Беларусі.

КАМОСКА Франц Іванавіч, н. 1918, радавы, прапаў без вестак 30.08.1941.

КУЛІКОЎСКІ Станіслаў Антонавіч, н. 1918, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1944, сяржант, загінуў у 1944.

МІЛАШЭЎСКІ Вікенцій Антонавіч, н. 1913, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1941, радавы, загінуў у 1941 у Беластоцкім ваяводстве, Польшча.

РАМАН Іван Іванавіч.

РАМАН Іван Міхайлавіч, н. 1908, радавы, прапаў без вестак у 1946.

РАМАН Іосіф Міхайлавіч, н. 1908, прызваны ў Чырвоную Армію Івянецкім РВК у 1944, радавы, загінуў у 1944 у Польшчы.

РАМАН Яўстафій Мар’янавіч, н. 1918, радавы, прапаў без вестак 30.08.1941.



Добавить комментарий