“Знаходзіць выйсце і рабіць вуліцы”

     Такую параду даў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ мясцовай уладзе падчас правядзення чарговага прыёму грамадзян у Ракаўскім сельвыканкаме.

На прыём да народнага абранніка запісаўся толькі адзін чалавек. У выніку ж паток тых, хто жадаў вырашыць набалелае, расцягнуўся амаль на тры гадзіны замест вызначаных дзвюх. Прыйшлі не толькі мясцовыя жыхары, але прыехалі івянчане і нават сямейная пара з Заслаўя, хоць гэты населены пункт не адносіцца да Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73. Людзі цярпліва чакалі сваёй чаргі – з даверам і надзеяй. Іван Станіслававіч прыняў і выслухаў кожнага.

Ракаў – адзін з самых перспектыўных аграгарадкоў Валожыншчыны: сучасныя дамы-катэджы ў яго ваколіцах з’яўляюцца, як грыбы пасля дажджу. Раён індывідуальных забудоў у Кучкунах, Бузунах, Выганічах, Паморшчыне і Міхалове налічвае каля 200 дамоў у кожным. І калі будаўніцтва жылля – справа ўласная, то інфраструктура – клопат улады. Старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Антонавіч Мякінка да драбніц ведае ўсе хібы, недапрацоўкі і праблемы на тэрыторыі сельсавета, якія пасля перарастаюць у галаўны боль: напрыклад, спачатку кладуць асфальт, а пасля высвятляецца, што яшчэ не вырашана да канца пытанне водаправода. З-за незавершаных камунікацый узнікаюць “безгаспадарчыя” дарогі (ва ўсіх трох вышэй пералічаных новабудоўлях), якія не стаяць на балансе дарожнай службы і не абслугоўваюцца.

Калі ж увогуле гаварыць пра добраўпарадкаванне, то ў 2013 годзе былі зроблены праекты на 20 вуліц Ракава. З-за недахопу сродкаў тэрміны сышлі – распрацоўка прыгодна толькі два гады. Да таго ж за гэты час пракладзены новыя камунікацыі: оптавалаконны тэлефонны кабель, прыродны газ. Таму цяпер праводзіць земляныя работы трэба з улікам усіх фактараў.

У прыватнасці, востра наспела пытанне абсталявання тратуара па вуліцы Мінскай, якая таксама была ў спісе спраектаваных. У выніку тратуар паклалі толькі ў пачатку вуліцы, а астатнія 480 метраў чакаюць сваёй чаргі. Па падліках на добраўпарадкаванне неабходны 110 тысяч рублёў. Ёсць папярэдняя дамоўленасць з філіялам КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”, які ўключыў гэты ўчастак дарогі ў план работ, і нават вызначаны тэрмін – кастрычнік  бягучага года. І. С. Маркевіч паабяцаў пасадзейнічаць, аднак адзначыў, што трэба не проста зрабіць, а якасна і з экалагічна чыстых матэрыялаў.

Без вады пакутуюць жыхары вёскі Кучкуны і вуліцы Юбілейнай. Напрыклад, аднаму з уласнікаў давялося пракапаць у глыбіню зямлі 135 метраў, каб дабрацца да вады. Яна харошая, чыстая, але дна ў калодзежы нябачна. Гадоў 8-10 таму тут пракладвалі цэнтральны водаправод, справу не давялі: на жаль, з-за нядобрасумленнасці некаторых чыноўнікаў грошы засталіся асвоены толькі на паперы. Цяпер жа гаспадарам давядзецца ўсё дарабляць за ўласныя сродкі. Дэпутат параіў тэрмінова правесці інвентарызацыю, пакуль абсталяванне не прыйшло ў непрыгоднасць, і заканчваць будаўніцтва. Толькі шляхам стварэння кааператыва могуць займець ваду і насельнікі вуліцы Юбілейнай. Пры гэтым неабходна прадумаць, як зменшыць кошт работ для людзей.

Пытанне, што ўзняла жыхарка вуліцы Баравая, хвалюе і цікавіць многіх. У доме разам пражываюць тры сям’і ў складзе 6 чалавек. Пры аплаце ж за электраэнергію карыстаюцца льготай толькі на вызначаныя для аднаго домаўладання 150 кілават, а астатнія плацяць па агульным кошце. У выніку сума атрымліваецца вельмі ўнушальная. Хацелася б, каб парламентарыі разгледзелі прапанову на заканадаўчым узроўні.

На дэпутацкім прыёме былі таксама ўзняты пытанні асабістага характару – яны тычыліся пенсійнага заканадаўства, аплаты працы, атрымання неабходных дакументаў для прапіскі.

Пасля асабістай сустрэчы з грамадзянамі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І. С. Маркевіч наведаў таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое знаходзіцца каля Ракава. Дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Высоцкі адзначыў, што на тэрыторыі размешчаны 6 прыватных прадпрыемстваў, плануемая колькасць працуючых – 100 чалавек. Справу распачыналі на роўным полі ў 2013 годзе з рэкламнай прадукцыі і выпуску рызіна-тэхнічных вырабаў. Цяпер тут займаюцца вырабам электратэхнікі і металічных канструкцый, у хуткім часе будуць выпускаць лінію для перапрацоўкі малака, спецыяльныя таблеткі для сантэхнічнага і пасудамыечнага абсталявання і іншую прадукцыю. Тавар пастаўляецца ў краіны Садружнасці, прапрацоўваецца выхад на рынак Еўразійскага саюза.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars