Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

     Летнія канікулы школьнікаў набіраюць абароты. Аздараўленне працягваецца. Адкрываюцца новыя летнікі, дзе кожны вучань можа выбраць адпачынак па душы.

З 25 чэрвеня пачалі працаваць лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей на базе Сакаўшчынскага і Дорскага вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа. Наведваць іх хлопчыкі і дзяўчынкі будуць 18 дзён. А вось змены ў летніках з кругласутачным знаходжаннем разлічаны на 9 дзён. 22 чэрвеня адразу два лагеры адкрыліся на базе Чэхаўшчынскай школы-інтэрната. У лагеры з сімвалічнай назвай “Дружба” разам з вучнямі школ раёна адпачываюць 11 выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната. А ў лагер “PROF-старт” заехалі 35 вучняў, якіх будуць знаёміць з рознымі прафесіямі. Другая змена спартыўна-аздараўленчага лагера “Алімпіец” для дзяцей нашага раёна працуе на базе “Галактыкі” ля Ракава. Усяго ў гэтым летніку адпачнуць 80 вучняў. З 25 чэрвеня таксама адкрыўся лагер “Алімп” для высокаматываваных дзяцей 10-14 гадоў на базе Вішнеўскага ВПК. Для іх на працягу змены прадугледжаны інтэлектуальныя заняткі розных форм, якія будуць яшчэ больш матываваць на вучобу і развіццё здольнасцей.

 

      На працягу бягучага года ў рэспубліцы праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы інсульту і інфаркту. Медыцынскія работнікі абсталёўваюць пункты па замеры ціску ў найбольш людных месцах, дзе кожны жадаючы можа яго памераць і атрымаць кансультацыю. Наведваюць яны таксама працоўныя калектывы.

На мінулым тыдні памочнік урача Наталля Бараноўская мерала ціск у валожынскім універмагу. Да яе звярнуліся 25 чалавек. З пачатку года прадстаўнікі райбальніцы наведаліся ў калектывы жылкамунгаса, сельскагаспадарчага ліцэя, раённага вузла электрасувязі. Некалькі разоў праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы па замеры ціску на “Еўраопце”.

 

     11 работнікаў Вільнюскай цэнтральнай раённай бібліятэкі на чале з яе дырэктарам на працягу двух дзён гасцявалі ў Валожыне. Большасць літоўскіх гасцей увогуле ўпершыню пабывалі ў Беларусі.

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі пазнаёмілі калег з умовамі работы сваёй установы і дзіцячай бібліятэкі, разам наведалі “Скарбніцу”, дзе госці змаглі набыць сувеніры, абмяняліся вопытам работы. Для гасцей арганізавалі паездку ў Мінск: пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, паглядзелі на нашу сталіцу з вышыні аглядавай пляцоўкі, палюбаваліся прыгажосцю Траецкага прадмесця і іншымі адметнымі мясцінамі горада. У сваю чаргу літоўскія бібліятэкары запрасілі валожынцаў наведаць іх краіну.

 

      На мінулым тыдні сталі вядомы вынікі абласнога фестывалю мастацкай творчасці школьнікаў “Майскі фэст”. У ім прынялі ўдзел 250 калектываў і асобных выканаўцаў.

Дыпломам III ступені ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць” адзначаны калектыў “Паланез” цэнтра творчасці дзяцей і юнацтва, які створаны на базе Ракаўскай сярэдняй школы (кіраўнік Т. А. Ястрэмская). Юныя танцоры выступалі ў жанры “Эстрадны танец”. Аналагічнай узнагароды ў гэтай жа намінацыі, але ў жанры “Сучасны танец” удастоены ансамбль “Непаседы” пад кіраўніцтвам Н. П. Шырковай. Дыплом III ступені ў намінацыі “Вакальная творчасць” заваявала вучаніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Анастасія Барадака, якую рыхтавала да конкурсу настаўніца Л. А. Саухіна.

 

      Побач з вулічнымі трэнажорамі на тэрыторыі ДЮСШ на мінулым тыдні “вырасла” інклюзіўная дзіцячая пляцоўка “BabysSmile” (“Усмешка дзіцяці”) у рамках яшчэ аднаго міжнароднага праекта, які фінансуецца Еўрасаюзам. Устаноўкай яе займалася ТАА “Сто гульняў” з Наваполацка.

Пакуль што дзіцячая пляцоўка складаецца з трох элементаў – цягнічка, арэляў і пясочніцы. Значную дапамогу ва ўстаноўцы дадзеных гульнявых прыстасаванняў, замацаванні іх аказалі жыхары Валожына. У прыватнасці, актыўна адгукнуліся на просьбу аб дапамозе жыхары шматпавярховак з вуліцы Горкага. Менавіта іх дзеці стануць найбольш частымі карыстальнікамі пляцоўкі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars