Служаць закону

Сёння ў нашай краіне сваё прафесіянальнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры. Падставай для ўрачыстасці стаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”.

У шэрагу праваахоўных органаў пракуратура займае вядучае месца і сочыць за тым, каб законы, дэкрэты, указы, іншыя нарматыўныя дакументы і прававыя акты выконваліся дакладна і своечасова. Таксама пад пастаянным кантролем установы знаходзяцца арганізацыі, мясцовыя прадстаўнічыя і выканаўчыя органы, прадпрыемствы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы. Дзверы пракуратуры заўсёды адчынены для грамадзян, якія маюць патрэбу ў абароне сваіх законных правоў і інтарэсаў.

Вялікая частка пракурорскай дзейнасці – удзел у рабоце судоў. І гэта не толькі падтрымка дзяржаўнага абвінавачання ў крымінальных справах. Многія катэгорыі грамадзянскіх і адміністрацыйных спраў патрабуюць разгляду з абавязковым удзелам работнікаў пракуратуры. Такая функцыя амаль цалкам ускладзена на памочніка пракурора, маладога спецыяліста Надзею Валер’еўну Родзевіч. Нягледзячы на тое, што ў прафесіі яна толькі трэці год, з абавязкамі і даручэннямі спраўляецца бездакорна. Яе прававая пазіцыя ў судовых працэсах абгрунтаваная, як і патрабуецца абаронцу законнасці.

Першы год працуе загадчыкам канцылярыі Вольга Аляксандраўна Мышлён. Гэта вельмі адказны ўчастак работы: афармленне дакументаў і справаздач, сувязь з грамадскасцю, захоўванне спраў нагляднага вядзення.

Валянціна Яўгеньеўна Пупа выконвае абавязкі кур’ера, што патрабуе ўважлівасці, дысцыплінаванасці. Ёй давяраюць дастаўку самых важных папер і ведаюць, што жанчына не падвядзе.

Матэрыяльная база раённай пракуратуры на сённяшні дзень не выклікае нараканняў – усім неабходным установа забяспечана спаўна. У тым ліку і службовым аўтамабілем. Сваю лепту ў аператыўнасць рэагавання і мабільнасць супрацоўнікаў уносіць вопытны вадзіцель Фёдар Васільевіч Пахаджалаў. Калі б ні спатрэбілася паездка: позна ноччу ці на досвітку, у непагадзь ці спякоту, у святочны дзень ці асабісты выхадны, ён будзе ў гатоўнасці сесці за руль і без усялякіх прыгод (у выглядзе тэхнічнай няспраўнасці ці паломкі) даставіць начальства на месца прызначэння.

З нагоды ўрачыстасці самыя шчырыя словы пачуе ў свой адрас ветэран установы Святлана Мікалаеўна Борыс, якая больш за тры дзесяцігоддзі ўзначальвала канцылярыю пракуратуры. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, не кінула былых калег і зараз клапоціцца пра чысціню і ўтульнасць роднай установы.

Менавіта такім калектывам кіруе пракурор раёна, саветнік юстыцыі Юрый Віктаравіч Канапацкі. Спадзяецца, што ў бліжэйшы час штат установы папоўніцца яшчэ адным яго памочнікам. Але, нягледзячы на нязначную колькасць супрацоўнікаў, пад увагай пракуратуры былі практычна ўсе кірункі грамадскай жыццядзейнасці. Адносна выяўленых парушэнняў складаліся акты рэагавання, прымаліся меры па выкараненні недахопаў, вінаватыя неслі пакаранне. Гэта і ёсць будні пракуратуры, накіраваныя на тое, каб забяспечыць нармальныя ўмовы жыцця ўсяго грамадства і кожнага з яго членаў.

На пытанне: “Якая праблема ў раёне найбольш балючая?” Юрый Віктаравіч адказвае: “Рэцыдыўнасць злачынстваў і п’янства. Яны ўскладняюць не толькі сферу прававых адносін. Яны калечаць грамадства, нішчаць агульначалавечыя каштоўнасці…”

Калі ісці па вуліцы Савецкай ад плошчы Свабоды ў кірунку да СШ № 1, то можна пабачыць незвычайны ракурс: над дахам пракуратуры – царкоўны купал. Што па-сапраўднаму сімвалічна: законы зямныя і нябесныя служаць адной мэце – трыумфу справядлівасці…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars