Не даць сысці з дыстанцыі

Новы праект, накіраваны на падтрыманне духоўнага і фізічнага здароўя пажылых грамадзян, стартаваў у раёне. Ажыццяўляць яго будуць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, кіраўнік – загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Аксана Жук. Аказваць усебаковую падтрымку новаўвядзенню ўжо пагадзіліся раённае аддзяленне ГА “Беларускі саюз жанчын” і раённы краязнаўчы музей.

Ні адна, нават самая лепшая ідэя не можа ажыць без фінансавання. Гэты аспект праекта, а поўная яго назва гучыць як “Папярэджанне кагнітыўных узроставых змяненняў у пажылых людзей Валожыншчыны”, забяспечаны нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня” ў рамках міжнароднай грамадскай арганізацыі “Узаемаразуменне”. Слова “кагнітыўны” хоць і іншароднае для нашага вуха, але праблему азначае цяжкую і, на жаль, многім знаёмую – разумовыя парушэнні ў пажылым узросце. Супраць такой хваробы лячэння не існуе, але затое пры пэўных умовах можна не даць ёй развіцца.

Падтрымліваць жыццёвы тонус пажылых грамадзян у нашым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўмеюць. Цікавыя экскурсіі, трэнінгі, разгадванне галаваломак і красвордаў, фізічныя заняткі, гурткі творчыя і прыкладнога мастацтва актывізуюць патэнцыял чалавека, трэніруюць яго органы і пачуцці, прымушаючы старасць адступаць, а здаровы лад жыцця і фізічная актыўнасць здольны тварыць цуды. Аднак прытрымлівацца гэтых правіл удаецца не ўсім. Напрыклад, прыкаванаму да ложка ці маларухомаму. Вось да іх раз на тыдзень будуць прыязджаць удзельнікі праекта і валанцёры.

Дарэчы, на неабходнасць станаўлення і развіцця валанцёрскага руху звярнула ўвагу дырэктар ТЦСАН Галіна Рай. Вопыт перадавых краін паказвае, што на дабравольным пачатку можна садзіць кветкі, прыбіраць вуліцы, дапамагаць маламаёмным і хворым. У ЗША валанцёрскай работай ахоплены амаль усе жыхары, і нам таксама трэба гэтаму вучыцца. Бо кожнаму чалавеку вельмі важна адчуваць сябе неабходным у грамадстве і мець магчымасць падзяліцца з некім цяплом сваёй душы.

Каб абудзіць у пажылых людзей цікавасць, спецыялісты цэнтра прадумалі цэлы план мерапрыемстваў. Пра яго асноўныя пункты расказала Ірына Кавяза. А калі слова ўзяла кіраўнік творчай студыі Алена Жданюк, то сабраныя гатовы былі ў тую ж хвіліну далучыцца да праекта. Сакрэт такой апантанасці просты: людзей вярнулі ўспамінамі ў пару маладосці. Сваё хобі – віртуальны экскурс у гісторыю роднага горада і роду – Алена Віктараўна ўдала далучыла да прафесійнай дзейнасці. І ўжо на прэзентацыі праекта стала ясна: ён патрэбны і будзе прыносіць карысць.

Напрыканцы хачу падзяліцца разважаннямі, якія нахлынулі пасля прэзентацыі праекта. На мерапрыемстве прысутнічалі 40 чалавек. Яны былі адначасова і гледачамі, і суддзямі, і патэнцыяльнымі ўдзельнікамі. Усе – з густам апранутыя (падзея адбывалася ў рэстаране “Карона”), з аптымістычным бляскам у вачах, у добрым настроі. Не маладыя, але вельмі прывабныя жанчыны. Яны, як і большасць прадстаўнікоў іх пакалення, маюць праблемы са здароўем, паўсядзённыя клопаты з унукамі, агародамі, гаспадаркай. Тым не менш, кожная знаходзіць час і для сябе. І такіх “прадвінутых” пенсіянерак штогод становіцца ўсё больш. А куды падзеліся бадзёрыя мужчыны ўзросту 60+? Няўжо сядзяць з кіёчкамі на лаўках ды грэюцца на сонейку?

Магчыма, жанчыны і жывуць даўжэй за мужчын таму, што ім хочацца не проста есці і дыхаць, а быць прыгожымі, крэатыўнымі, энергічнымі. Словам, маладымі. І як мага на даўжэйшы тэрмін.

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Аляксандры ІОДА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars