Летнія канікулы

івянец1

Настала доўгачаканая пара для ўсіх дзяцей – летнія канікулы! Цікава і разнастайна праводзяць іх выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Ужо першыя дні лета паказалі, што сумаваць не прыйдзецца. Разам з вучнямі Івянецкай СШ прайшла экскурсія па вуліцах нашага старажытнага пасёлка. Наведалі мы і спартыўную пляцоўку, якая створана ля касцёла Святога Міхала па ініцыятыве айца Леха, пагутарылі са святаром.

На працягу трох дзён нашы “зоркі” мастацкай самадзейнасці прымалі ўдзел у фестывалі творчасці дзяцей і моладзі з інваліднасцю “Мары здзяйсняюцца”, які ўжо шмат гадоў праводзіць дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў”. У бягучым годзе ён праходзіў у старажытным Нясвіжы. Ганаровае другое месца сярод дзесяці каманд-удзельніц з усёй Беларусі шмат пра што сведчыць, і заслуга ў гэтым не толькі наша, але і педагогаў Дзмітрыя Геранімавіча Краскоўскага і Джульеты Генадзьеўны Падгоранка. Вялікае ўражанне мы атрымалі ад славутых архітэктурных помнікаў Нясвіжа, які нездарма называюць “беларускім Парыжам”.

А ў адзін з чэрвеньскіх дзён тэрыторыя інтэрната ператварылася ў стаянку рэтрааўтамабіляў. Да нас у госці завіталі ўдзельнікі XI Міжнароднага фестывалю “Рэтра-Мінск 2018”. Якіх толькі старажытных машын тут ні было! Нават назвы некаторых мы не чулі, а калі і бачылі такія аўто, то толькі ў кіно. І самай малодшай з іх – ужо каля 40 гадоў, а ўзрост старэйшай падбіраецца пад 100! У кожнай мы змаглі пасядзець, сфатаграфавацца, пагутарыць з уладальнікамі.

Работнікі інтэрната і ў першую чаргу наш дырэктар Алена Сігізмундаўна Петрашкевіч робяць усё, каб лета надоўга засталося ў нашай памяці. Таму, упэўнены, наперадзе нас чакае яшчэ шмат чаго цікавага і захапляльнага.

Андрэй КЛОК,

выхаванец Івянецкага дома-інтэрната

для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця

івянец

івянец1

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars