Выбаршчыкі не прагадалі

Общество

 Паўсядзённыя клопаты дэпутатаў раённага ўзроўню нячаста адлюстроўваюцца ў сродках масавай інфармацыі.

  Місія мясцовых улад сціпла ўціскаецца ў рамкі рэгіянальных праблем, якія, на першы погляд, не прэтэндуюць на глабальнасць. Але нельга не пагадзіцца: менавіта прадстаўнікі дэпутацкага корпуса першаснага ўзроўню, якія жывуць сярод сваіх выбаршчыкаў, найлепш арыентуюцца ў тых пытаннях, што сёння хвалююць простых людзей. Тых, каму не дае спакойна спаць старое дрэва, якое пагрозліва навісла над хатай, ці нейкая іншая нязручнасць. Толькі не трэба думаць, што такая “бытавуха” лёгка рашаецца, не патрабуючы матэрыяльных і маральных затрат. Спілаваць тое ж дрэва каштуе дорага, ды яшчэ паспрабуй дамовіцца з адпаведнымі службамі. Некаторыя адказныя асобы зараз навучыліся адмахвацца ад “галаўнога болю” ў выглядзе дэпутацкага запыту і без дакораў сумлення шлюць адпіскі са словамі “няма сродкаў”, “няма магчымасці”, “выканаем у бліжэйшы час”. Якое ж раўнадушша трэба мець, каб не падпарадкоўвацца прадстаўніку ўлады? Аказанне супраціўлення міліцыянеру пры выкананні ім службовых абавязкаў караецца пазбаўленнем волі, а вось супраціўляцца дэпутату можна, тут нічога не пагражае…

  Самае страшнае, што ў выніку гэтага дэпутат перастае давяраць нават самому сабе. У рэдакцыю на “гарачую лінію” за дапамогай звяртаюцца з рознымі просьбамі. З некаторымі пытаннямі, на наш погляд, у сілах разабрацца і сельскаму дэпутату. А калі да вырашэння праблемы падключаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў М. А. Іода, то застаецца толькі здзіўляцца, як хутка “разруліваецца” сітуацыя.

  Знаходзячыся ў творчай камандзіроўцы ў Сакаўшчынскім сельсавеце, запыталася ў мясцовых жыхароў, наколькі яны задаволены работай свайго дэпутата. Людзі вельмі цёпла выказаліся ў адрас А. П. Анопа: і рукі ў яго залатыя, і характар цудоўны, Анатолій Пятровіч – узорны сем’янін, да таго ж тут, на гэтай зямлі, сумленна жылі і працавалі яго бацькі, дзяды. Таму і ставіцца ён з разумнай любоўю да сваіх суседзяў, па-гаспадарску – да роднай Сакаўшчыны, навакольных вёсак. Па службовых абавязках, а Анатоль Пятровіч працуе сацыяльным работнікам, яму даводзіцца заходзіць у дамы, бачыць і ведаць, чым жывуць канкрэтныя людзі. Адзінокія пенсіянеры, якія атрымліваюць мінімальную пенсію ў 244 тысячы рублёў, маюць патрэбу ў падтрымцы. Гэтай катэгорыі грамадзян сёлета ўжо аказана адрасная матэрыяльная дапамога. Цяпер дэпутацкай увагі патрабуюць дарога на Замасцяны і вуліца ў Бомбалах, дзе плануецца правесці ямачны рамонт. Даводзіцца і ў райспажыўтаварыства званіць, каб уладзіць сякія-такія непаразуменні з аўталаўкай.

  Анатоль Пятровіч Аноп – адзін з тых дэпутатаў, на актыўную дзейнасць якога заўсёды можа разлічваць старшыня Сакаўшчынскага сельвыканкама І. В. Гаспарэвіч. “Да меркаванняў гэтага паважанага чалавека людзі прыслухоўваюцца, таму з яго ўдзелам лягчэй ідзе запланаваная выхаваўча-прафілактычная работа. І як вынік – у нашым рэгіёне назіраецца спад такой агіднай з’явы, як алкагалізм, змяншаецца колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў. Нельга забываць і пра тое, што ён сваімі паводзінамі, ладам жыцця – добры прыклад для іншых”, – лічыць Іван Віктаравіч.

  Быць прыкладам для іншых – гэта зусім не мала, асабліва для прадстаўніка ўлады. А вось каб эфект ад яго работы станавіўся больш прыметны, не зашкодзіла б і выбаршчыкам праяўляць ініцыятыву. Не ківаць на недахопы, седзячы на лаўцы, а праяўляць і ўласную грамадзянскую актыўнасць, прынамсі, хоць пагаварыць са сваім абраннікам ды пашукаць разам з ім “ключы” да рашэння нейкай праблемы.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий