З густам добраўпарадкавалі сваю сядзібу па вуліцы Пушкіна райцэнтра Іосіф Вільгельмавіч і Ірына Аляксандраўна Шупенькі. Дызайн прадумвалі і ажыццяўлялі разам з сем’ямі сына і дачкі, якія таксама жывуць у Валожыне. Прахожыя, асабліва дзеці, радуюцца, гледзячы на разнастайныя фігуркі жывёл і мульцяшных герояў, што здалёк прыцягваюць увагу. Мноства кветак і дэкаратыўных раслін не пакідаюць нікога раўнадушным.
Шмат намаганняў прыклала Таццяна Валянцінаўна ЛАНЬКО для добраўпарадкавання сваёй сядзібы па вуліцы Кірава райцэнтра. Цікава выглядаюць тэрасы, што былі зроблены, каб схаваць вялікі схіл, на якім знаходзіцца домаўладанне. Жанчына захапляецца рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі. На падворку растуць вейгела, чубушнік, спірэя, сумак, блакітныя елкі, бэз, 12 разнавіднасцяў ядлоўцу і інш. Не толькі валожынцы, але і замежныя госці прыходзяць сюды, каб зрабіць фота на памяць.
Амаль два гады назад у вёску Брылькі на пастаяннае месца жыхарства перабралася сям’я Віталя Мікалаевіча і Ірыны Мар’янаўны Пашкоўскіх. Хата дасталася ім у спадчыну ад дзядулі і бабулі. Шмат гадоў там ніхто не жыў. Маладыя людзі з густам зрабілі рамонт у доме і добраўпарадкавалі сядзібу. Цяпер іх двор здалёк прыцягвае погляд кожнага, хто праходзіць ці праязджае па вуліцы. Застаецца толькі здзіўляцца, калі гаспадары ўсё паспяваюць. Ірына Мар’янаўна працуе намеснікам загадчыка ясляў-сада № 6 г. Валожына «Вясёлы вулей», Віталь Мікалаевіч – галоўны інжынер ААТ «Валожынскі льнокамбінат». Самае вялікае іх багацце – чатырохгадовая дачушка Ангеліна, залівісты смех якой цяпер напаўняе некалі пустую хату.
Наталля Георгіеўна Драгунова – чалавек таленавіты, яна ўмее бачыць і ствараць прыгажосць. Жанчына ўваходзіць у народнае аб’яднанне народных майстроў «Скарбніца». Сцены ўнутры дома па вуліцы Янкі Купалы райцэнтра ўпрыгожваюць работы ў тэхніцы «вышыванне крыжыкам». Разам са сваім мужам Аляксеем Леанідавічам яны стараюцца надаць прывабны выгляд і прыдамавой тэрыторыі. Кожны куточак падворка ўражвае дагледжанасцю. З густам добрага дызайнера тут высаджаны кветкі і дэкаратыўныя расліны.