Рэха вайны

рэха-вайны

     Стэфан Браніслававіч ЖЫЛКЕВІЧ з Івянца – інвалід дзяцінства, пацярпеў ад баявых дзеянняў у час Вялікай Айчыннай вайны. Рэхам уварвалася яна ў лёс падлетка ў 1953 годзе і пакінула калекам на ўсё жыццё.

Да трагедыі прывялі дзіцячая дапытлівасць і цікаўнасць. Было гэта вясной: трактарыст на полі ўзорваў глебу, а Стэфан непадалёк на лужку пасвіў кароў. Калі тэхніка ад’ехала, на ворыве апынуўся кавалак жалеза. Неўзабаве 12-гадовы хлопец ужо трымаў у руках незвычайны прадмет, як пасля аказалася – міну, але добра разгледзець яго не паспеў – раздаўся выбух. Усё адбылося настолькі хутка, што ён нават адразу і не зразумеў, як застаўся без кісці правай рукі. Увесь цяжар паследкаў усвядоміў толькі на бальнічным ложку, калі, апрытомнеўшы пасля аперацыі, запытаўся ва ўрача: “А як жа я цяпер мыцца буду?”

Цяжка было прыстасоўвацца да жыцця. Бацьку расстралялі ў 1942 годзе па даносе сваіх жа, што пайшлі ў паліцаі. Ён быў значным чалавекам у ваколіцы, бо служыў у народным камісарыяце ўнутраных спраў. Пасля маці сказалі, што яго вывезлі ў Германію, аднак некаторыя ведалі: з ім “разабраліся” на месцы амаль адразу. А вось, дзе пахаваны блізкі чалавек, так і невядома. Родны дзядзька, матчын брат, уцёкшы з Беластока з палону, таксама трапіў пад пільнае вока прыслужнікаў: за сувязь з партызанамі і ён заплаціў жыццём. Пра ўсё гэта Стэфану Браніслававічу расказалі родныя. Бацьку не памятае, бо быў яму на той час толькі годзік, не ведаў яго і брат Іван, які з’явіўся на свет пасля бацькавай смерці.

Нягледзячы ні на што, С. Б. Жылкевіч пераадолеў усё. У 20 гадоў паехаў на заробкі ў Заходнюю Сібір – надта хацелася дом уласны мець, а разлічваць мог толькі на сябе. Спачатку накіраваўся ў Валагодскую вобласць, пасля – у Цюменскую, тры гады прабыў у Забайкаллі. Працаваў на нарыхтоўцы лесу, ды яшчэ як працаваў! Зазначае, што адной рукой рабіў, як лось ішоў, першае месца ў экспедыцыі займаў. Жылі ў палатках у тайзе. Прыемныя ўспаміны засталіся ў яго і пра возера Байкал – настолькі яно заварожвае сваёй магутнасцю і чысцінёй: капейку кінеш, і можаш бачыць, як яна ў вадзе ляціць на глыбіню. З аднаго берага бачны другі, а рэха чутно ажно на 10 кіламетраў.

Мару сваю ажыццявіў: пабудаваў дом па вуліцы Падлеснай у Івянцы, сустрэў адзіную каханую – з Галінай Іосіфаўнай яны ўжо больш за 50 гадоў крочаць разам па жыцці. Дачка Людміла з сям’ёй жыве ў Маладзечне, а сын Сяргей па Грын-карце ўжо амаль 10 гадоў, як асталяваўся ў ЗША. Выраслі дзве ўнучкі, мае Стэфан Браніслававіч ужо і маленькага праўнука. Нашчадкі часта прыязджаюць у бацькоўскі дом – за апошнія гады ператварылі яго ў райскі куточак, дзе можна адпачыць душой і папрацаваць з асалодай. Іх заўсёды з усмешкай і цеплынёй сустракаюць самыя блізкія і дарагія сэрцу людзі – бацька і маці, якія ў маладосці сваімі рукамі з вялікай любоўю закладвалі падмурак радавога гнязда. Няхай жа як мага далей б’ецца сэрца гаспадара гэтага дома, які стаў сапраўдным прыкладам мужнасці і стойкасці, непахіснай веры ў стваральнае жыццё і яго перамогу!

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars