Заблукала ў агародах

Рака Валожынка, прадмет жартаў і кпінаў, аднойчы паказала свой нораў: у жніўні 2011-га пад націскам граду і ліўня дамба прарвалася і рака выйшла з берагоў, падтапіўшы вуліцы Кастрычніцкая і Набярэжная так, што вада стаяла ў дамах аж да вокнаў…

Наша  Валожынка належыць да Нёманскага басейна і з’яўляецца правым прытокам Іслачы. Як і многія невялікія рачулкі, яна жывіцца снегавымі, дажджавымі і грунтовымі водамі. Даўней, калі земляробства было не так развіта, навальнічныя ручаінкі вольна сцякалі па мурожных лугах і напаўнялі рэчышча роўна з берагамі, іншы раз здараліся разлівы. Падчас Першай сусветнай вайны паводкай панесла дом, а ў ім – жанчыну. Салдаты, што аказаліся непадалёку, выратавалі няшчасную. Дарэчы, вайскоўцы шмат пастараліся для ракі.

У сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя польскі пагранічны батальён узяў частку Валожынкі, прыкладна метраў сто насупраць Гардынава, у арэнду. Салдаты выраўнялі вусце, умацавалі берагі, пасярод ракі ўбілі бетонныя слупы, на якіх мацаваліся трывалыя драўляныя заслонкі. Такая дамба падняла ўзровень вады да двух метраў. У цёплы час ваенныя тут мыліся, плавалі. За невялікую плату пускалі паплаваць і мясцовых жыхароў. З дзіцяці, напрыклад, за цэлы дзень бралі 5 грошаў (столькі каштавала і самая маленькая порцыя марожанага). Лепш за ўсіх плавала адна пані, жонка польскага афіцэра, якая “снавала” па стометроўцы, як чаўнок, без перадыху, пакуль не “наматае” некалькі кіламетраў. А ў адно лета тут утапілася маладая дзяўчына…

Свой выток рака пачынае з крынічкі ў Брылькоўскай лагчыне, што ў бок Міхалова. Далей Валожынка, загібамі па лугах кіламетраў сорак, каля Расолішкаў зліваецца з Іслаччу. У месцы злучэння наша рэчка нават большая за Іслач.

З усіх бакоў рэчышча Валожынкі па рыштках, равах і лагчынах сочыцца маленькімі струменьчыкамі грунтовых водаў. У летнюю спякоту яны перасыхаюць, але, як толькі зямля папаўняецца вільгаццю, маленькія крынічкі абуджаюцца зноў. Гэтыя непрыкметныя вытокі – сапраўднае выпрабаванне для валожынцаў. Хоць і не істотная, але пастаянная цеча дастаўляе шмат турбот жыхарам Еўрашоў (зараз вуліца Кастрычніцкая), Крывой вуліцы (17 верасня), Бандароў (вуліца Кірава), Броварнай вуліцы (Някрасава), вуліцы Зарэцкай і Паніззя (зараз усё – вуліца Леніна). Не трымаецца брук, не перасыхае пад нагамі балота, а агароды заносіць ілам і пяском. Людзі заўсёды імкнуліся ўтаймаваць капрызныя воды: рабілі дрэнажныя ўмацаванні, ставілі вакол самых бруістых крыніц драўляныя зрубы, стараліся пусціць патокі па бетонных трубах. Але гэта ратавала толькі на кароткі тэрмін. Слабыя, амаль нябачныя струменьчыкі зноў вырываліся на волю. Вельмі непрадказальны свавольнік – наравісты прыток, што пачынаецца на Бандарскім выгане. “Наша рэчка” – здаўна завуць яго жыхары вуліц 17 Верасня, Энгельса, Лермантава. А “рэчка” жартуе: працячэ трохі ў адным месцы, а пасля і ўтворыць меандр (звіліна, лука ў цячэнні ракі), пакінуўшы цвёрдую старыцу (старое, перасохлае рэчышча).

Самы вялікі прыток Валожынкі – Рачоўка (па некаторых звестках – Рачкаўка), што працякае каля Пруднікаў. Кажуць, назву вёсцы даў занятак жыхароў – “прудзіць” рыбу, якой тут вельмі было. Вось што піша ў сваіх дзённіках былы настаўнік Шчаўканаўскай васьмігодкі Аркадзь Фёдаравіч Трапашка: “Да асушэння балот каля вёскі Пруднікі працякала рэчка, якую мясцовыя людзі завуць Рачкаўка. Цячэнне амаль адсутнічае. Жывілася яна ў асноўным вясновымі водамі. У гэтай рэчцы было многа рыбы і вадзілася вадаплаўная птушка. Жыхары Пруднікаў перагароджвалі Рачкаўку лазой, рабілі праход у перагароджы сантыметраў 70 і ставілі там кулікі. Кулік (форма папяровага кулька)  – гэта прылада для лоўлі рыбы, зробленая з дубцоў. Рыба траплялася ў кулікі, а назад выйсці не магла. Такую прыладу ставілі нанач, а раніцай кулікі вытрасалі і даставалі рыбу…”

Валожынка і сама калісьці прыцягвала рыбаловаў. Сліжоў і гаркушаў лавілі на вуды, а кялба можна было выцягнуць і рукамі з-пад каранёў вярбы ці лазы. Канечне, калі спрыту хапала…

Хоць і мелкаводная наша Валожынка, але ж бетонных мастоў і мосцікаў у горадзе цэлых сем. Самы вялікі – па вуліцы Шчарбіны. Упершыню на гэтым месцы драўляны мост пабудавалі ў 1934 годзе. У пачатку вайны яго бамбілі, але не пацэлілі. Стратэгічнага значэння мост не меў, бо перабрацца праз Валожынку можна і ўпоперак вусця. У 1941 годзе ў тым месцы, дзе зараз мосцік, што ў раёне “Валожынрайгаза”, фашысты гналі каля трох тысяч палонных савецкіх салдат. Валожынка тады многім дапамагла: змучаныя спёкай людзі нагіналіся і чэрпалі далонямі ваду, каб напіцца…

На абрывістых берагах нашай Валожынкі адбылося шмат жыццёвых падзей, якія час, падобна цячэнню ракі, сплавіў у нябыт.

А невялічкі вадаём робіць сваю звыклую справу: падтрымлівае ўнікальны ландшафт мясцовасці, праз наваколле ўплывае на людзей, фарміруе наш характар і менталітэт. А жыццё і сапраўды, як рака, скрозь – пошукі новых меандраў і пакінутыя за плячамі старыцы…

Алена ЗБІРЭНКА

Фотаздымак прадастаўлены

Валожынскім краязнаўчым музеем

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars