Наўздагон за графам

У 1903 годзе ў Мінску чакалі прыезд імператара Мікалая II. Да візіту старанна рыхтаваліся: чыноўнікі працавалі без перадыху і стараліся прадумаць кожную дробязь, каб не ўгнявіць цара-бацюшку. Зусім нечакана аказалася, што ў губернскім горадзе няма дастойнага венцаноснай асобы аўтамабіля. Выручыў валожынскі граф Тышкевіч, які падагнаў адзін са сваіх шыкоўных лімузінаў да чыгуначнага вакзала на выпадак, калі цар са світай пажадаюць пракаціцца з экскурсіяй. Аднак Мікалай у той раз з цягніка не сыходзіў…

Прадстаўнікі роду Тышкевічаў  – першыя аўтааматары Валожыншчыны. Яны мелі некалькі аўтамабіляў самых папулярных у той час марак: “Руса-Балт”, “Mercedes”,  “Delaunay-Belleville” і некалькі шафёраў. З лёгкай рукі Тышкевічаў пачалася доўгая гісторыя сяброўства валожынцаў і аўтатранспартных сродкаў.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе Валожын перайшоў у польскае падпарадкаванне і стаў павятовым горадам. Новая адміністрацыя клапацілася, каб усюды падтрымліваліся парадак і прыгажосць. Для добраўпарадкавання мясцовых дарог набылі спецыяльны паравы каток. У двары сучаснага дзіцячага сада № 2 для яго пабудавалі гараж. Каток гэты быў сапраўдным жалезным монстрам: агромністы, чыгунны, шматтонны! Яго рухавік запраўляўся не бензінам ці  мазутам, а, як цяпер кажуць, мясцовымі відамі паліва – дровамі. На адзін сеанс работы яму патрабавалася “з’есці” два вазы бярозавых дроў! Як след падсілкаваўшыся, каток выдатна трамбаваў глебу, раўняючы невялікія пагоркі і неглыбокія канаўкі. Першая добраўпарадкаваная шаша злучыла Валожын і гародзькаўскую чыгуначную станцыю. Людзі тады нацешыцца не маглі: “Едзеш, як па стале!”

Служыў металічны гігант валожынцам  верай і праўдай аж да 1939 года. Пасля далучэння нашай тэрыторыі да Савецкай Беларусі ў Сівіцы пачалося будаўніцтва аэрадрома. Туды перадыслацыравалі і паравы каток,  дзе ён бясследна знік яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Прыватны аўтапарк Валожына імкліва развіваўся дзякуючы мясцовай эліце. Так, урач Фамінскі кожную нядзелю вазіў жонку ў касцёл спачатку на “Фіяце”, а затым на новенькім “Шэўрале”. Графскі ўпраўляючы Фіташэўскі меў унушальных памераў “Форд”, а вось камісар паліцыі ездзіў на маленькім з двухтактавым рухавіком “DKW”. Не застаўся ўбаку ад цывілізацыі і прадстаўнік духавенства ксёндз Удальскі. Ён некаторы час паездзіў на старэнькім “Фордзе”, а пасля змяніў яго на яркі, бліскучы “DKW”. Пятым шчаслівым аўтаўладальнікам тых часоў стаў урач Ягалкоўскі. Меўся і казённы транспарт: у павятовай управе (старостве) выкарыстоўваліся тры легкавушкі і грузавік, пажарны аўтамабіль, у ваенных – адзін грузавік і дзве легкавыя машыны.

Прадстаўнікі прыватнага бізнесу таксама актыўна перасаджваліся на механічныя колы. Доўгі час валожынскія балаголы (людзі, што займаліся аптовай дастаўкай тавараў) ездзілі на конях, а пасля ў складчыну набылі аўтамабіль. Так паступіла і гуртоўня (таварыства) па аптовым продажы гарэлкі. Жыхар Валожына Галваноўскі на месцы, дзе зараз пачынаецца вуліца Партызанская, пабудаваў гараж на некалькі боксаў і аддаваў яго ў арэнду. Акрамя грузавікоў, тут захоўваўся і грамадскі транспарт: два вялікія аўтобусы і адзін меншы, якія належалі пані Вераніцы Крук. Сама гаспадыня жыла ў Вільні, а за перавозкамі сачыў яе брат, ён жа выконваў і функцыю кандуктара. Аўтобусы хадзілі па двух маршрутах: Валожын-Івянец-Валожын-Вільня і Валожын-Гародзькі.

Каб задаволіць патрэбы ў паліве, працавала і прыватная бензакалонка, якая размяшчалася ў тым месцы, дзе да рэканструкцыі злучаліся сучасныя вуліцы Першамайская і Шчарбіны. Паліва захоўвалася ў закапанай у зямлю цыстэрне, пампавалася ўручную рычагом і паступала ўверх у дзве пяцілітровыя ёмістасці, з якіх шлангам залівалася ў бакі аўтамабіляў. На “кіроўцаў” жа вучылі ў аўташколе, якая адкрылася ў 1930-1931 гг. Будынак гэтай навучальнай установы размяшчаўся ў пачатку вуліцы Міцкевіча (сучасная Кірава). Навучанне маглі прайсці ўсе жадаючыя, якія, зразумела, мелі неабходную суму грошай.

Аўтамабіль ва ўсе часы – сродак павышанай небяспекі. Спіс ахвяр аўтатранспартных здарэнняў у Валожыне пачынаецца з пані Скшыньскай. Магчыма, што гэта жанчына і не першая ў сумным спісе валожынцаў, якія загінулі пад коламі, але ранейшых звестак адшукаць не давялося. Няшчасце напаткала пані на вуліцы Нарутовіча (зараз Першамайская). А трагедыя адбылася наступным чынам. Два яўрэі – Рапапорт і Поляк – трымалі лесапілкі, а для перавозкі драўніны наймалі аўтамабіль у балаголаў. Ці то яны зашмат загрузілі ў кузаў машыны, ці рухавік даў збой, але грузавік заглух і пачаў каціцца, губляючы дошкі, уніз з гары, якраз на бедную жанчыну. Прыкладна праз год на дарозе ля Ганчароў аўтамабіль наехаў на мужчыну, які памёр на месцы здарэння. Прычыны аварыі тады таксама высвятляліся і аналізаваліся. Тагачасныя “даішнікі” найчасцей абвінавачвалі недасканалую тэхніку, асноўным кірункам у падтрыманні бяспекі руху былі растлумачальная работа і заклікі да большай пільнасці на дарогах.

Пасля вайны транспарт перастаў быць дзівам. Цяпер жа наогул па пальцах можна пералічыць тых валожынцаў, якія не трапілі ў кагорту аўтаўладальнікаў…

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars