Мерапрыемствы да Дня моладзі

У апошнюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень моладзі. Для жыхароў райцэнтра ў гонар свята прайшоў шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама, Валожынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў і ГА “БРСМ”. Артысты раённага Цэнтра культуры, як заўсёды, падрыхтавалі музычныя падарункі для ўсіх прысутных.

 Прынцэсы атрымалі кароны

    Святочны  конкурс “Міні-Міс-2018” праходзіў у раённым Цэнтры культуры.

Гэта быў самы маштабны па колькасці ўдзельнікаў конкурс – на сцэну выйшлі 9 дзяўчынак узростам ад 6 да 8 гадоў: Юлія Кобзарава, Марына Гомель, Маргарыта Маразоўская, Ксенія Радзевіч, Валерыя Кербедзь, Паліна Мянцюк, Амалія Мінгіновіч, Мілана Сакаловіч, Эліна Казлоўская. Выглядалі яны, як сапраўдныя маленькія прынцэсы, у сваіх пышных і элегантных сукенках. Падчас мерапрыемства ў зале амаль не было свабодных месцаў: дзяцей прыйшлі падтрымаць бацькі, бабулі і дзядулі, настаўнікі і сябры.

Па рэгламенце такіх конкурсаў, спачатку неабходна расказаць пра сябе. Падчас “Візітоўкі” распавядалі пра свае поспехі і таленты, сям’ю, сяброў, не забываліся і іранізаваць: “Я вельмі прывабная, але трохі балбатлівая”, – прызналася адна з удзельніц. Адразу пасля гэтага этапу журы і гледачы зразумелі: выбраць адну пераможцу будзе немагчыма. Думку пацвердзіла і інтэлектуальнае выпрабаванне – кожная адказала на ўсе пытанні, якія ёй задавалі. Творчыя нумары дапамаглі раскрыць таленты і паказаць узровень падрыхтаванасці канкурсантак. Тут яны і пелі, і танцавалі, і дэкламавалі вершыкі. Завяршыла праграму дэфіле.

Работа журы на гэтым конкурсе была адначасова і максімальна складанай, і вельмі лёгкай. У выніку далі магчымасць усім маленькім прыгажуням адчуць сябе Міні-Міс і адзначылі, што сярод дзяўчынак няма тых, хто прайграў. Кожная атрымала асобную намінацыю, па праве заслужаную карону, кветкі і прызы.

прынцэсы

 

Зноў разбурылі стэрэатыпы

     Нягледзячы на дождж і зусім не летняе надвор’е, на пляцоўцы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабралася нямала валожынцаў.

Тут былі і простыя гледачы, і госці, і актыўныя групы падтрымкі – усе прыйшлі паназіраць за конкурсам “Аўталэдзі-2018”, які цалкам разбурае стэрэатыпы наконт жанчын за рулём.

Сёлета пяць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва змагаліся за званне “Аўталэдзі”. Адна з іх вырашыла, што будзе ўдзельнічаць, амаль перад самым пачаткам конкурсу, таму яе выступленні былі чыстай імправізацыяй. Дзяўчыны ўпрыгожылі свае аўтамабілі, і кожная падышла да задання крэатыўна: на паркоўцы стаялі машыны з вушкамі, як у Міні-Маўс, з гіганцкімі цукеркамі на капоце і даху, з надпісам “Матуля трох дзетак”.

На першым этапе канкурсанткам трэба было расказаць пра сябе і прадэманстраваць загадзя прыдуманы ўласны дарожны знак. Тут яны паказалі спачатку артыстызм, потым – пачуццё гумару. Далей чакала тэарэтычнае выпрабаванне – 10 пытанняў па Правілах дарожнага руху. І апошняе, самае складанае – выкананне элементаў “змейка”, “дыяганальная паркоўка” і “заезд заднім ходам у бокс”. За вадзіцелямі пільна сачылі супрацоўнік ДАІ і інструктар па ваджэнні з ДТСААФ.

Па колькасці набраных балаў за ўсе этапы конкурсу чацвёртае месца занялі Вераніка Шырокава і Ганна Шабалоўская, трэцяе – Алена Ляўковіч, другое – Алеся Радвіловіч. Тытул “Аўталэдзі-2018” атрымала Вераніка Тарасевіч. Яна паказала лепшыя вынікі па тэорыі і практыцы, заваявала гледачоў запальным танцам і неверагодным пачуццём гумару.

зноў-разбурылі

 

 Хто вы, містар Валожын?

Шэраг мерапрыемстваў да Дня моладзі завяршыўся конкурсам “Містар Валожын-2018”. Такое спаборніцтва суровай мужчынскай прыгажосці праводзіцца першы раз, і, як адзначылі госці і журы, першы блін не атрымаўся камяком.

Змагацца за тытул прыйшлі 5 юнакоў. Перад выступленнем на сцэне раённага Цэнтра культуры яны ўжо вытрымалі першае выпрабаванне – сабралі заяўку і фотапартфоліа. Фінальны тур пачаўся з традыцыйнай “Візітоўкі”. Было прыкметна, што хлопцы хвалююцца, але ўсе дастаткова добра справіліся з гэтым. Нельга не вылучыць адно з самых уражальных выхадаў: два касманаўты прынеслі Аляксея Садоўскага ў вялікай скрыні, якую ён распілаваў знутры, каб выйсці. Фізічную форму ацэньвалі ў спартыўным конкурсе: тут хваліліся сваімі дасягненнямі, ездзілі на веласіпедзе па сцэне, падкідвалі гіры, гулялі ў футбол, стаялі на галаве. Удзельнікі аказаліся не толькі спартыўнымі, але і таленавітымі – у творчым конкурсе годна паказалі ўменні.

Адзін з самых кранальных момантаў мерапрыемства – этап, калі мужчыны прызнаваліся ў каханні са сцэны. Трэба было зрабіць гэта як мага больш рамантычна, таму хлопцы чыталі і расказвалі вершы, імкнуліся падабраць самыя прыгожыя словы. Аляксею Рукасуеву ўдалося на пару секунд прымусіць замерці сэрцы ўсіх прысутных жанчын: ён прывёў на сцэну сваю дзяўчыну, расказаў пра асабістыя пачуцці і падарыў ёй мабільны тэлефон.

Доўгачаканае дэфіле выклікала шквал эмоцый у зале: удзельнікі з’явіліся ў самых нечаканых вобразах. Павел Язерскі выйшаў у касцюме мядзведзя, Антон Ганько абраў класічны ўбор, Віталь Башылаў паказаў вынайдзены ім касцюм маладога бацькі.

Журы было надта складана выбраць пераможцу: усе канкурсанты паказалі сябе годна і скарылі прысутных сваёй харызмай. Намінацыі размеркаваліся наступным чынам: Віталь Башылаў атрымаў дыплом за крэатыўнасць, Павел Язерскі – за імідж. Галоўным рамантыкам вечара стаў Аляксей Рукасуеў, а самым спартыўным маладым чалавекам – Антон Ганько. “Містарам Валожын-2018” абралі супрацоўніка МНС Аляксея Садоўскага. Хлопец выдатна праявіў сябе на ўсіх этапах, яго выступленні былі запамінальнымі і яркімі, а падрыхтоўка кожны раз здзіўляла ўсё больш.

 

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

хто-вы

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars