Свята адзначылі ўрачыста і маштабна

    Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Свята горада Валожына жыхары і госці нашай малой радзімы традыцыйна адзначылі на плошчы Свабоды райцэнтра. Сёлета радасць гэтай падзеі раздзялілі з намі дэлегацыі з Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі і Балгарыі. Адкрыў мерапрыемства, звярнуўшыся з вітальным словам да прысутных, ветэранаў вайны і працы, старшыня райвыканкама Мікалай Анатольевіч Астрэйка.

Кіраўнік Валожыншчыны шчыра павіншаваў усіх са знамянальнай датай і чарговым Днём нараджэння цэнтра нашага рэгіёну. Апроч іншага, згадаў ён і старонкі ваеннай гісторыі, адзначыўшы невымерны ўклад паважаных ветэранаў у адстойванне незалежнасці краіны, яе наступнае адбудоўванне і развіццё.

У гонар колішніх франтавікоў і ўдарнікаў працы гучала са сцэны шмат віншаванняў і пажаданняў ад прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў Валожына, іншых заслужаных людзей.

Пасля цырымоніі ўскладання кветак да помніка загінуўшым воінам пачалася асноўная праграма дня. Зноў валожынцы шчыра віталі ўдзельнікаў урачыстага шэсця працоўных калектываў раёна, падтрымлівалі гарачымі апладысментамі выступленні артыстаў, забаўлялі дзяцей удзелам у шматлікіх атракцыёнах… Падрабязней пра гэта чытайце на старонках 6 і 7 сённяшняга нумара газеты, а таксама сачыце за нашым сайтам і кантэнтам у сацыяльных сетках.

Фото-№-1

Фото-№-2

Фото-№-3

Фото-№-4

Буйны дождж не напалохаў прыхільнікаў гурта народнай песні “Сваякі”. Заліхвацкія спевы аматарскага калектыву падбадзёрвалі гледачоў, што хоць і хаваліся пад парасонамі, аднак не пакінулі сваіх месцаў перад святочнай сцэнай. Артысты ж услаўлялі краіну і родны горад, беларускую вёску і яе працаўнікоў, спявалі пра каханне і  добры настрой, які ўсё больш ахопліваў валожынцаў. Гэтаму спрыялі і промні сонца, якія спачатку нясмела, а пасля больш упэўнена заззялі над горадам.

Гурт “Дубінскія фанабэры”, як заўсёды, прыўнёс у гулянне долю гумару. Трапныя жарты наконт розных бакоў жыцця, рэкламу незвычайных рэчаў і традыцыйныя суседскія “разборкі” ацанілі гледачы ўсіх узростаў. Дубінцы спявалі, танцавалі, спрачаліся, нават пляткарылі. Прысутныя прыйшлі ў захапленне і ад сольных нумароў у выкананні Васіля Марзака і Валерыя Мазуры. Гарэзлівыя жанчыны і ўтрыравана сур’ёзныя мужчыны справакавалі на смех кожнага.

Паўгадзіны, што былі адведзены для канцэртнай праграмы заслужанага аматарскага калектыву “Гасцінец”, падарылі сапраўдную эстэтычную асалоду прыхільнікам народных спеваў. Рознагалоссе высокапрафесійных спевакоў можна было пачуць нават здаля. Працяжныя абрадавыя і рытмічныя жартоўныя песні сустракаліся на ўра. Запрасілі артысты валожынцаў і гасцей горада на майстар-клас па народных танцах.

Фото-№-5

Фото-№-6

Ушаноўванне самага юнага жыхара стала адметным момантам у шэрагу ўрачыстасцей. Старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Іванаўна Клачко абвясціла, што на гэты раз галоўнай гераіняй традыцыйнага святочнага эпізоду з’яўляецца дзяўчынка, якая нарадзілася ў маладой пары – настаўніцы Дар’і Андрэеўны Салаўёвай і супрацоўніка РАУС Аляксея Аляксеевіча Бібіка. Прадставіць  сваю сям’ю давялося бацьку. Узрушаны і шчаслівы мужчына з удзячнасцю прыняў падарунак ад “Белай Русі” і віншаванні ад прысутных.

Фото-№-10

    На адным дыханні прайшоў канцэрт удзельнікаў літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” і народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” “Табе, наш любы краю”.

Распачалася праграма выступленнем хору. У яго выкананні прагучала песня Галіны Феляноўскай “Святочная”, а затым добра вядомая “Родны Валожын” на словы Сяргея Маляўскага. Некалькі сваіх твораў на словы Паўла Саковіча, Зінаіды Гасціловіч на суд гледачоў вынес Дзмітрый Краскоўскі. Уладзімір Данчанка тройчы выходзіў на сцэну з уласнымі песнямі на словы Яўгена Зялкоўскага. Удзельнікі “Руні” Аляксандр Кулак, Галіна Гражынская, Марыя Шакун, Таццяна Косік, Надзея Агіевіч, Галіна Феляноўская, Дзмітрый Краскоўскі прадэкламавалі свае вершы, сярод якіх былі і гумарыстычныя. Гледачоў не пакінулі раўнадушнымі прыпеўкі ў выкананні Галіны Феляноўскай і Ганны Марачэўскай, а таксама жартоўная песня Ірыны Кузміч і Уладзіміра Юхо. Лірычныя пачуцці выклікалі ў прысутных выступленні Антона Таўгеня з Аляксандрай Журкевіч і Галінай Феляноўскай.

Фото-№-7

Фото-№-8

Фото-№-9

Шматлікія прадстаўнікі народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” завіталі на свята са сваімі вырабамі. А каваль Вадзім Будлак нават з інструментам, што было вельмі дарэчы. Да яго палаткі пастаянна падыходзілі жадаючыя зрабіць памятную манету са сваім знакам задыяка ці нейкай іншай гравіроўкай. На вачах заказчыка адбываўся цуд: нарыхтоўка ператваралася ў такую жаданую рэч.

Тоўпіліся пакупнікі і каля стала Алены Бірулінай, якая займаецца вырабам упрыгажэнняў на валасы для дзяўчынак. У малых вочы разбягаліся ад прапанаванага выбару.

Прадстаўленыя майстрамі рэчы здалёк прыцягвалі ўвагу прахожых, толькі надвор’е не надта спрыяла гэтаму, далікатныя прадметы ручной работы прыходзілася хаваць ад дажджу пад цырату.

Фото-№-11

Фото-№-12

Як заўсёды, выдатнай аказалася канцэртная праграма дзіцячых школ мастацтваў раёна. Выступленні цымбалісткі Юліі Мякінкі, дуэта баяніста Алега Каранеўскага і акардэаністкі Аксаны Зянько, а таксама саксафаністаў Аляксея Пашкоўскага і Ягора Казлова акунулі прысутных у чароўны свет музыкі. Песні і танцы ў выкананні навучэнцаў і выкладчыкаў школ зачароўвалі і ўзнімалі настрой гледачам, сярод якіх было нямала бацькоў, блізкіх і сяброў тых, хто знаходзіўся на сцэне. Кожны нумар выклікаў шквал апладысментаў.

Фото-№-13

Фото-№-14

У 19.00 пачаўся канцэрт «Рэтра-хіт», артысты з Валожына і раёна спелі любімыя і даўно вядомыя публіцы песні 90-х. Дождж не спалохаў слухачоў: напачатку іх было няшмат, але з кожным хітом да сцэны падцягвалася ўсё больш і больш людзей – моладзь, старэйшае пакаленне, бацькі з маленькімі дзецьмі. Пасля на сцэну выйшаў Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» з яркай святочнай праграмай. Валожынцы паслухалі беларускія народныя і аўтарскія песні ў арыгінальнай апрацоўцы, паглядзелі дынамічныя харэаграфічныя нумары. Калектыў добра прынялі і актыўна падтрымлівалі.

Фото-№-15

Шоу артысткі Улады з удзелам зорак беларускай поп-сцэны – фіналіста нацыянальнага адбору «Еўрабачання-2018»,  удзельніка ўкраінскага тэлепраекта «Х-Фактар» і расійскага шоу «Голас» Алена Хіта, папулярных гуртоў «ClubNika» і «InVino», дуэта баяністаў-віртуозаў «Ва-Банк» таксама разварушыла прысутных. Выступленні, конкурсы, падарункі – усё прайшло весела і шумна. Фатаграфіі з гіганцкім госцем канцэрта – 4-метровым мядзведзем – напоўнілі сацыяльныя сеткі валожынцаў.

Фото-№-16

Фото-№-17

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, традыцыйна завяршыліся правядзеннем рэспубліканскай акцыі «Спяваем Гімн разам!». Як і ва ўсёй краіне, у Валожыне Гімн загучаў у 22.55. Акцыя ў гэтым годзе прайшла масава – прыцягнула да сябе не адну сотню людзей. Жыхары райцэнтра спявалі разам з зоркамі беларускай эстрады і высокапастаўленымі гасцямі.

Адна з самых чаканых падзей – святочны феерверк. На працягу сямі хвілін неба над райцэнтрам зіхацела салютамі, фантанамі іскраў, ракетамі. Потым – дыскатэка. Нягледзячы на лівень, на плошчы сабраўся прыстойны натоўп. Не толькі моладзь, але і сталыя людзі добра патанцавалі, паскакалі, паспявалі песні і выдатна завяршылі святочны дзень.

Над матэрыяламі працавалі Анжэла РАДЫНА,

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, Настасся ЛЯВІНСКАЯ і Сяргей САДОЎСКІ.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars