Выйсце – стварыць кааператыў…

Сустрэчы старшыні раённага выканаўчага камітэта з членамі працоўных калектываў ужо сталі традыцыйнымі. Яны выступаюць адначасова і эфектыўным сродкам вырашэння праблем людзей, і своеасаблівым аналізатарам найбольш вострых пытанняў паўсядзённасці, на ўхіленне якіх патрабуецца скіроўваць сілы ў першую чаргу. Адно з такіх мерапрыемстваў прайшло нядаўна на базе ДЛГУ «Валожынскі лясгас».

У яго рамках да Мікалая Анатольевіча звярнулася жыхарка вуліцы Маладзёжнай райцэнтра, якая вынесла на разгляд кіраўніка раёна просьбу калектыўнага характару. Гутарка ішла пра неабходнасць будаўніцтва на названай вуліцы каналізацыйных сістэм. Гэта пытанне не аднойчы ўжо ўзнімалася жыхарамі, але да рэалізацыі справа яшчэ не дайшла. Чаму – падрабязна растлумачыў дырэктар РУП «Валожынскі жылкамунгас» М. М. Унучак, які таксама прысутнічаў на сустрэчы. Для вырашэння азначанага пытання патрабуюцца істотныя ўкладанні. Спецыялісты ЖКГ падлічылі: каб цэнтралізавана пракласці каналізацыйную сетку па ўсіх неахопленых гэтай паслугай гарадскіх вуліцах, неабходна затраціць 315 тысяч рублёў. Сфарміраваць такі бюджэт можна толькі шляхам стварэння гаспадарамі сядзіб будаўнічых кааператываў. Пры гэтым разліковая фінансавая нагрузка на адзін двор складзе прыкладна 1 тысячу рублёў. Са свайго боку жылкамунгас гатовы пайсці насустрач жыхарам і прадаставіць ім магчымасць аплаты работ у растэрміноўку.

Мікалай Анатольевіч даручыў дэталёва вывучыць сітуацыю і яшчэ раз сустрэцца з гараджанамі па пытанні стварэння кааператыва. Чым хутчэй людзі прымуць рашэнне, тым хутчэй можна будзе вырашыць праблему.

Дадаткова ў адрас жыллёва-камунальнай службы паступіла прапанова аптымізаваць работу па прыёме безнаяўных плацяжоў, а таксама просьба арганізаваць на вышэйзгаданай вуліцы асобную кантэйнерную пляцоўку для збору смецця. Пісьмовы адказ жанчына атрымае ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

Яшчэ адно разгледжанае ў час мерапрыемства пытанне тычылася карэкцыі сістэмы выязнога гандлю райспажыўтаварыства. Мужчына з вуліцы Беларускай папрасіў аднавіць работу аўтамагазіна, які раней (да моманту адкрыцця стацыянарнай гандлёвай кропкі) рэгулярна абслугоўваў мясцовых жыхароў. Хадзіць за прадуктамі і іншым таварам пажылым людзям дастаткова далёка, і яны былі б рады вярнуць усё назад.

Адрасаваную старшыні праўлення спажывецкай кааперацыі раёна В. У. Біталю праблему той пракаментаваў неадкладна і запэўніў: у самы кароткі час спецыялісты складуць новы графік работы аўтамагазіна, у спіс маршрутаў уключаць і названую вуліцу. Папярэдне плануецца, што транспарт будзе наведваць жыхароў Беларускай два разы на тыдзень. Такім чынам, усе хвалюючыя пытанні дня былі аператыўна зняты.

P.S. Пра маючы адбыцца сход насельніцтва па будаўніцтве каналізацыі мы паведамім нашым чытачам дадаткова. Уважліва сачыце за публікацыямі!

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars