Напярэдадні Дня Незалежнасці, 29 чэрвеня, натарыяльныя канторы рэспублікі правялі бясплатныя кансультацыі грамадзян. Не засталіся ўбаку ад дадзенай акцыіі натарыяльныя канторы нашага раёна.
У той дзень у натарыяльную кантору Валожынскага раёна ў райцэнтры звярнуліся 11 чалавек, у натарыяльную кантору г. п. Івянец – 2. А ўвогуле, за першае паўгоддзе гэта была ўжо чацвёртая акцыя, калі грамадзяне мелі магчымасць атрымаць бясплатныя кансультацыі. У Валожыне па іх звярнуліся 47 чалавек, у Івянцы – каля 10. Трэба зазначыць, што ў афіцыйную статыстыку не ўваходзяць кансультацыі па тэлефоне, а тэлефанаванняў таксама ў такія дні стае. Асноўныя пытанні, па якіх звяртаюцца грамадзяне, – афармленне спадчынных правоў, складанне завяшчанняў, дарэнне нерухомасці.
У Мінску ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылася прэзентацыя калектыўнага зборніка членаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Ад калыханкі да забаўлянкі”.
Гэты маляўнічы, багата ілюстраваны фаліянт убачыў свет у выдавецкім доме “Звязда” тыражом 1000 экзэмпляраў. У ім сабраны калыханкі, вершы, казкі, апавяданні, загадкі для дзяцей 24 аўтараў. Раздзел “Калыханкі” адкрываюць творы нашай зямлячкі, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Валянціны Гіруць-Русакевіч. У зборнік увайшлі таксама вершы і вершаваныя загадкі паэткі, усяго больш за дваццаць яе твораў. На прэзентацыі новай кнігі разам з аўтарам прысутнічалі ўнучкі Валянціны Францаўны – Насця і Люба, якія чыталі бабуліны вершы.
З 25 чэрвеня па 8 ліпеня ў басейне ДЮСШ два разы на дзень праводзяць трэніроўкі 35 расійскіх падлеткаў-плыўцоў. Разам з імі прыбылі ў Беларусь два трэнеры.
Юныя спартсмены прыехалі на зборы з горада Кірава-Чапецка. Адна з дзяўчат рыхтуецца да Кубка Расіі па плаванні, у якім яна будзе выступаць. Пражываюць расійскія плыўцы на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра нашага раёна ў Брыльках. Падчас збораў яны мелі магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі помнікамі нашага горада, пабывалі на экскурсіі ў Мінску.
На працягу мінулага месяца ў выхадныя дні абуджаліся ад “сну” невялікія вёсачкі раёна, дзе ладзілі святы работнікі культустаноў разам з прадстаўнікамі сельвыканкамаў.
Прайшлі ўжо Святы вёсак Галімцы і Макасічы, якія рыхтавалі работнікі Суднікаўскага сельскага клуба, Войштавічы, Слайкоўшчына і Ластаянцы, падрыхтаваныя іх калегамі з Багданаўскага СЦК, Вішнеўскага СДК і Падбярэзскага СЦК. Хоць і розныя назвы ў гэтых свят, аднак амаль падобныя сцэнарыі. Але кожны раз знаходзяцца непаўторныя вершаваныя і простыя словы для жыхароў населеных пунктаў, што шчыравалі на палях і фермах, расцілі дзяцей, а сёння адны дажываюць свой век. Стае ў іх сіл утрымліваць ва ўзорным парадку сядзібы, знаходзіць час для нейкіх захапленняў і проста радавацца кожнаму новаму дню.
Асабліва пашчасціла жыхарам вёскі Макасічы Івянецкага сельсавета, да іх на свята завіталі салістка групы “Люба-дорага” Святлана Сілівон і саліст ансамбля “Песняры” Аляксандр Заўгародні. Сталічныя артысты выступалі проста на вуліцы пад адкрытым небам і былі па-дамашняму цёпла сустрэты вяскоўцамі. Разам з самадзейнымі артыстамі яны стварылі для людзей незабыўнае свята. У той дзень ушанавалі старэйшага жыхара 87-гадовага Фёдара Барысавіча Пупко, самую маладую вяскоўку Верачку Кухарчык, старасту вёскі Таццяну Іосіфаўну Азарэвіч.
На працягу двух дзён на стадыёне ў Барысаве праходзілі фінальныя абласныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
Ва ўзроставай групе сярод хлопчыкаў 2008-2009 гадоў нараджэння аспрэчвалі першынство чатыры каманды. Футбалісты нашага раёна занялі другое месца. Ігракі былі ўзнагароджаны граматамі, медалямі і кубкам. Асобна быў адзначаны вучань 4 “А” класа гімназіі № 1 Ягор Волкаў, які прызнаны лепшым нападаючым.
Каля 400 экзэмпляраў кніг з уласнай бібліятэкі перадаў раённай бібліятэцы жыхар Івянца, былы ляснічы Івянецкага лясніцтва Віктар Навумавіч Лігаеў.
Сярод іх кнігі на самыя розныя тэмы – ад класічнай школьнай праграмнай літаратуры да фантастыкі і асобныя творы савецкіх і замежных пісьменнікаў, падпісныя выданні.