“Гандаль – гэта мая стыхія…”

Люди и судьбы

…Мільгаюць дні, гады, дзесяцігоддзі. Змяняюцца пакаленні. Час і людзі робяць гісторыю, пра якую варта не толькі памятаць, але і ведаць яе. Рэдакцыя газеты сумесна з раённым аб’яднаннем прафсаюзаў працягваюць творчы праект над назвай “Соль Валожынскай зямлі”. Задума з’явілася невыпадкова. Падчас правядзення ў красавіку 2015 года маштабнага прафсаюзнага мерапрыемства “Эстафета пакаленняў” ад шаноўных ветэранаў працы, што былі запрошаны на ўрачыстасць, не раз давялося пачуць, як іх кранаюць такія сустрэчы. А колькі прыемнай асалоды на душы яны атрымліваюць ад звычайнай паштоўкі ад колішняга працоўнага калектыву! Ну а запрашэнне падзяліцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі – і ўвогуле ажыўляе, надае бадзёрасці, узнімае настрой. Падумалася: наколькі важныя для чалавека, які сваімі працоўнымі здабыткамі праславіў раён, увага і ўсведамленне таго, што праз гады цябе памятаюць, табой ганарацца, з цябе бяруць прыклад.

    На нашай Валожыншчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Усе яны ў свой час самааддана працавалі дзеля дабрабыту і росквіту валожынскага краю і ўнеслі важкі ўклад у яго станаўленне. Зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але застаюцца ўсё такімі ж актыўнымі і патрэбнымі грамадству, бо з’яўляюцца прыкладам працавітасці, адказнага стаўлення да даручанага ўчастка работы, улюбёнасці ў сваю справу, якой прысвяцілі жыццё. Радзіма годна адзначыла працоўныя подзвігі, і яны без перабольшвання – гонар і слава раёна. Пра такіх гавораць: соль зямлі.

 Алена Аляксандраўна ПЕТЫШ:

“ГАНДАЛЬ – ГЭТА МАЯ СТЫХІЯ…”

    Працоўны стаж у сферы гандлю нашага раёна Алены Аляксандраўны Петыш складае 39 гадоў 9 месяцаў і 15 дзён. Ветэран спажывецкай кааперацыі, узнагароджана нагрудным знакам “30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі”, ганаровымі граматамі абласнога і раённага ўзроўняў. Яна не выбірала гэту прафесію і не марыла пра яе з дзяцінства. Можна сказаць, ненаўмысна будучыню вызначыў бацька. У сям’і была познім дзіцем, і пасля нараджэння бацька абвясціў, што назаве дачку Лёляй (у роднай вёсцы Душкава Ракаўскага сельсавета яе так і звалі), таму што ў Ракаве ў магазіне ёсць прадавец Лёля і надта ж хутка абслугоўвае. Супадзенне гэта ці не, але пасля заканчэння Душкаўскай васьмігодкі Алена вырашыла: у Ракаўскую СШ хадзіць далёка, таму будзе паступаць, хаця і не ведала куды. Знайшла ў газеце аб’яву аб прыёме абітурыентаў у Мінскі індустрыяльны тэхнікум і абвясціла бацькам: “Паеду – буду майстрам на будоўлі”. Але маці сказала, што сама завязе дакументы. У прыёмнай камісіі, калі ўбачылі атэстат дзяўчыны з моцнымі адзнакамі, параілі звярнуцца ў Мінскі кааператыўны тэхнікум, дзе ў далейшым Алена Аляксандраўна вучылася і атрымала прафесію таваразнаўца.

 

1 жніўня 1971 года А. А. Петыш прыехала ў Валожын працаваць прадаўцом у абутковы аддзел універмага. І па сённяшні дзень той работы шкадуе, бо там была яе душа. Самае важнае і асноўнае ў гандлёвым абслугоўванні – рабіць чалавеку прыемнае, задавальняць яго попыт, і вось гэтых зносін і станоўчых эмоцый ёй пасля не хапала. Увесь далейшы прафесійны рост складваўся сам сабой па жыцці, як удзячнасць за адданасць прафесіі, дзелавыя якасці, нераўнадушша і смеласць у прыняцці неардынарных і нестандартных для сістэмы Белкаапсаюза рашэнняў. Ужо працуючы на іншых пасадах, калі Алена Аляксандраўна  заходзіла ў свой родны абутковы аддзел, то выходзіла адтуль з цяжкім сэрцам. Ёй хацелася сказаць: “Пусціце мяне за прылавак усяго на паўгадзіны!” Асабліва такія пачуцці агортвалі, калі працаваў калектыў у складзе загадчыцы аддзела Галіны Сцяпанаўны Рэут, прафесіяналаў з вялікай літары Зінаіды Іванаўны Яроменкі, Галіны Мікалаеўны Крыштаповіч. Менавіта яны навучылі ўсім прамудрасцям гандлярскай справы, раілі, падказвалі, накіроўвалі.

Удзячна А. А. Петыш і былому старшыні райспажыўтаварыства Уладзіміру Аляксандравічу Вайцяхоўскаму, які прапанаваў ёй узначаліць 2-і паверх універмага ў няпросты час, бо там атрымалася вялікая нястача і калектыў расфарміравалі. Ён быў мудрым, дальнабачным кіраўніком. Шмат чаму навучыла начальнік аддзела кадраў райспажыўтаварыства Валянціна Кузьмінічна Ігнатовіч, побач з якой Алена Аляксандраўна працавала тры гады. Добрай настаўніцай стала дырэктар рознічна-гандлёвага прамысловага прадпрыемства Тамара Ягораўна Акушэвіч, якую змяніла пасля выхаду яе на заслужаны адпачынак. Менавіта на гэтай пасадзе А. А. Петыш прыйшла да высновы, што трэба павышаць свой прафесійны ўзровень, і паступіла на завочнае аддзяленне ў Гомельскі кааператыўны інстытут. Паступленне вызначыла яшчэ адну прыступку па службовай лесвіцы – загадчыцы гандлю райспажыўтаварыства. Пяць гадоў сталі самымі цяжкімі ў працоўнай дзейнасці: не таму, што не спраўлялася ці штосьці не атрымлівалася. Час быў вельмі складаны: спачатку развал Савецкага Саюза, а пасля – Чарнобыльская трагедыя. Візіткі, купоны, катастрафічны недахоп тавараў. Успамінае, як ва ўнівермаг завезлі сукенкі, і яна дапамагала іх прадаваць. У людзей паніка, яны не звярталі ўвагі ні на размеры, ні на колер, ні на фасон – у літаральным сэнсе хапалі ўсё без разбору. Ужо дома ўвечары ўбачыла, што ўсе ногі ў сіняках.

Запомніўся і яшчэ адзін выпадак, калі раёну выдзялялі мяса для чарнобыльскай зоны па льготнай цане. Дзеля гэтага трэба было ехаць у Маладзечна, але атрымаць яго там удавалася не ўсім. Вырашыла пайсці на хітрасць: купіла ў аптэцы бальзам кітайскую зорку і нацёрла ім вочы. У пакой да тамтэйшага кіраўніцтва зайшла ўжо рыдаючы. Дырэктар мясакамбіната нават спалохаўся і запытаўся, што здарылася. Патлумачыла, што моцна перажывае і плача, бо не можа вярнуцца ў Валожын без тавару. Нарад на 400 кілаграмаў ёй выпісалі адразу ж. Выйшла з памяшкання, села ў машыну, а слёзы цякуць ручаём. Вадзіцель пытаецца: “Што, не далі мяса?” Адказвае: “Далі”. “А чаго тады плачаце?” – здзіўляецца той. “Дык а паспрабуй ты спыніцца”, – з пачуццём выкананага доўгу выдыхае Алена Аляксандраўна. А колькі такіх няпростых момантаў давялося ёй перажыць, прапусціць праз сябе, каб у прамым сэнсе выбіць-дастаць тавар?!

Самай выніковай, стваральнай, цікавай, хаця і няпростай, для маёй гераіні была праца на пасадзе дырэктара грамадскага харчавання. “Думала, што неяк адраблю год-другі, а затрымалася ажно на 15 гадоў і ў 2009 годзе адтуль пайшла на заслужаны адпачынак, – прыгадвае А. А. Петыш. – Многія думаюць, грамадскае харчаванне – гэта такое падраздзяленне, што еш піражкі, кілбасой закусвай, чаем запівай. Не паверыце, але часам, прыходзячы дадому, успамінаеш, што яшчэ не ела. Работа вельмі складаная. На момант майго прыходу грамадскае харчаванне ў раёне было нулявое – мы займалі амаль што апошняе месца ў вобласці. А калі адыходзіла, па такім паказчыку, як рэалізацыя на душу насельніцтва, выйшлі на першае месца. У нас працавалі 57 кропак грамадскага харчавання, цяпер – 7. З іх – 17 школ: якое там харчаванне і якая адказнасць, думаю, не трэба тлумачыць; рыхтавалі абеды для працаўнікоў 12 сельгаспрадпрыемстваў раёна. А гэта пастаянныя праверкі і кантроль, часам нават даводзілася, як кажуць, адстойваць гонар мундзіра, бо псіхалогія ў людзей розная. Амаль з каленяў удалося падняць і рэстаран, у які практычна не заходзілі. Цяпер на абслугоўванне ў “Іслач” запісваюцца за паўгода, а то і раней. Больш за 15 гадоў даўгабудам стаяў будынак кулінарнага камбіната. Сёння тут размешчаны магазін “Мясная лаўка”, а ўласная прадукцыя, што вырабляюць, карыстаецца заслужаным попытам у насельніцтва. Упершыню ў Валожыне адкрывала рытуальную залу, у запатрабаванасць якой не верыў ніхто. Праўленне аблспажыўсаюза таксама вельмі скептычна аднеслася да такой задумы. Безумоўна, была рызыка. Але аднойчы ў царкве да мяне падышлі дзве жанчыны і сказалі, што хочуць паставіць свечку за маё здароўе, бо настолькі ўдзячны, што ў жалобны час не трэба думаць, дзе арганізаваць памінальны стол”.

Многім А. А. Петыш дала пуцёўку ў жыццё, хаця кажа, што па характары была далёка не цукар – часам эмоцыі пераважалі над пачуццямі. Аднак сёння яна па праве можа ганарыцца, што вывела галіну з адстаючых у перадавую і перспектыўную. Безумоўна, цяпер у сістэме “купі-прадай” ідзе сапраўдная барацьба за пакупніка: выбар тавараў настолькі разнастайны, што вочы разбягаюцца, а ад прапаноў можна разгубіцца. Аднак не заўсёды чалавек арыентуецца толькі на цану, па-ранейшаму вялікую ролю адыгрывае культура абслугоўвання, ветлівыя адносіны. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня кааперацыі – Алена Аляксандраўна пажадала ўсім, хто прысвяціў жыццё няпростай і нялёгкай сферы гандлю, любіць сваю работу і людзей, атрымліваць задавальненне ад справы, якой займаешся. Бо прафесія прадаўца, нягледзячы ні на часы, ні на змены, ні на пераўтварэнні, заўсёды будзе запатрабаванай.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий