Аналіз работы – крок да станоўчых вынікаў

      Падведзены вынікі аператыўна-службовай дзейнасці аддзела ўнутраных спраў райвыканкама за першае паўгоддзе 2018 года.

Пратакольнае мерапрыемства пачалося з прадстаўлення Дзмітрыя Аляксандравіча Вяроўчыка, які назначаны на пасаду начальніка Валожынскага РАУС. Начальнік упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама генерал-маёр Аляксандр Аляксандравіч Кавальчук пазнаёміў прысутных з асноўнымі момантамі прафесійнага шляху новага кіраўніка. Было адзначана, што Д. А. Вяроўчык, перш чым узначаліць наш райаддзел, шмат гадоў плённа працаваў у органах міліцыі. Скончыў Мінскі вышэйшы каледж МУС, Акадэмію МУС. Пасля ў якасці міліцыянера, оперупаўнаважанага, старшага оперупаўнаважанага служыў у РАУС Кастрычніцкага раёна Мінска. З 2013 па 2014 год з’яўляўся супрацоўнікам УУС Мінаблвыканкама, пасля два гады – першым намеснікам начальніка РАУС Ліёзненскага райвыканкама. З 2016-га – начальнік крымінальнай міліцыі Пухавіцкага РАУС.

Вітаў свайго пераемніка былы начальнік РАУС, зараз намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, які пажадаў калегам на чале з маладым лідарам працягваць слаўныя традыцыі валожынскай міліцыі, не забываць пра тое, што галоўны клопат людзей у форме – бяспека грамадзян. Да віншаванняў далучыліся старшыня суда Анатолій Васільевіч Зянько, намеснік пракурора Яўгеній Аляксандравіч Маркевіч, начальнік РАНС Дзмітрый Яраслававіч Касоўскі, намеснік начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Сяргей Антонавіч Аксючыц, начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Георгіевіч Будо, супрацоўнікі УУС.

Аналіз дзейнасці аддзела прадставіў падпалкоўнік Сяргей Вітальевіч Латышаў, які апошнія чатыры месяцы выконваў абавязкі начальніка. Было адзначана, што ў параўнанні з мінулым годам колькасць заяў і паведамленняў аб злачынствах павялічылася на 4%. Акрамя таго ўзрасла і колькасць заяў, што знаходзяцца на разглядзе. Па 155 заявах узбуджаны крымінальныя справы. Вынесена 195 пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў. Агульная колькасць крымінальна-каральных дзеянняў зменшылася на 7,2% і склала 155 фактаў (2017 год – 167 фактаў), з іх 66,5% – злачынствы па лініі крымінальнага вышуку.

У цэлым узровень злачыннасці на тэрыторыі раёна на 10 тысяч насельніцтва ў параўнанні з мінулагоднім зменшыўся і склаў 46,6 (2017-ы – 49,9). А вось колькасць злачынстваў, што ўлічваюцца па лініі крымінальнага вышуку, павялічылася на адзінку і склала 103. Больш стала і крымінальных спраў, што належаць да асабліва цяжкіх злачынстваў – 3 (2017 год – 1). За азначаны перыяд на тэрыторыі раёна не зафіксавана нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбойных нападзенняў і махлярства. Колькасць крадзяжоў, на жаль, застаецца даволі значнай (79).

Былі заслуханы справаздачы намесніка начальніка крымінальнай міліцыі Віталія Уладзіміравіча Кішко, начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Валерыя Валер’евіча Жука, начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Аляксандра Яўгенавіча Бараноўскага.

Кіраўнік УУС, падводзячы вынікі сустрэчы з асабовым саставам РАУС, звярнуў увагу на недахопы ў рабоце асобных службаў. Пастаўлена задача ў бліжэйшы час звярнуць увагу на такі кірунак, як прафілактыка сямейнага недабрабыту, і прыкласці максімум намаганняў да змяншэння росту злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасць недапушчэння фармалізму ў рабоце і большай патрабавальнасці да кіраўнікоў сярэдняга звяна. Прагучалі нараканні ў бок асобных супрацоўнікаў, што дапусцілі памылкі ў рабоце. Як паспяховая адзначана работа інспекцыі па справах непаўналетніх, якую шмат гадоў узначальвае Алег Казіміравіч Карачун.

Завяршылася мерапрыемства ўручэннем пагонаў супрацоўнікам, што атрымалі чарговыя званні. Хвалюючы момант тычыўся інспектара ДПС ДАІ капітана Дзяніса Валянцінавіча Барысевіча і старшых лейтэнантаў – оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Мацвея Алегавіча Капусты і оперупаўнаважанага групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Паўла Сяргеевіча Рубянкова.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Аналіз-работы-1

Аналіз-работы-2

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars