Свята агня і вады

Традыцыйна Купалле сабрала 6 ліпеня жыхароў і гасцей Валожына ля гарадскога возера.

Распачаў свята заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Яго ўдзельнікі парадавалі прысутных тэматычнымі народнымі песнямі, карагодамі, танцамі.

Купалле – старажытнае народнае свята, якое ўвасабляе ў сабе самыя магутныя стыхіі прыроды – агонь і ваду. Таму, як і на працягу многіх гадоў, было разведзена вогнішча. Прысутныя радасна ўспрынялі магчымасць пабыць ля агню, павадзіць вакол яго карагод. Асабліва цешыліся дзеці. Супрацоўнікі ж МНС прадэманстравалі сапраўднае воднае шоу, чым таксама выклікалі шквал эмоцый у дзяцей і дарослых.

Дзяўчаты актыўна ўключаліся ў старажытны абрад продкаў – пляценне вянкоў. Кожная старалася стварыць непаўторны вобраз, яны праявілі выдумку і фантазію, а пасля на працягу ўсяго мерапрыемства фарсілі ў вырабленых уборах. На заканчэнні гуляння вяночкі былі пушчаны на ваду возера.

Упрыгажэннем свята стаў конкурс “Парад дзіцячых калясак”, у якім прынялі ўдзел дзесяць сямей з Валожына. Мамы і таты прадэманстравалі свае фантазію, творчасць і крэатыў. Дэфіле тэматычна аформленых транспартных сродкаў уразіла ўсіх прысутных. Прычым большасць з бацькоў не абмежаваліся толькі каляскамі, яны самі, дзеці і групы падтрымкі былі апрануты ў адпаведныя тэматыцы касцюмы. Назвы экіпажаў – “Кошык з кветкамі”, “Лялечны домік”, “Усходняя прынцэса”, “Экіпаж ДАІ”, “Папялушка”, “Вясёлы караблік”, “Цыганскі табар”, “Конік з карэтай” – гавораць самі за сябе. Мерапрыемства аказалася відовішчным і запамінальным. У жадаючых была магчымасць не толькі разгледзець удзельнікаў, але і пафатаграфавацца з імі.

Арганізатарам конкурсу выступіла раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын». Яе старшыня Г. Ф. Рай узначаліла журы. Галіна Фадзееўна прызналася, што было вельмі складана вызначыцца з пераможцамі, бо кожная сям’я дастойна вышэйшай узнагароды. Але вынікі былі падведзены, і лепшым прызналі экіпаж “У гасцях у Папялушкі” сям’і Віктара Міхайлавіча і Інгі Уладзіміраўны Макей. Другое месца заслужана заняла сям’я Паўла Уладзіміравіча і Таццяны Сяргееўны Кобзаравых, якія не толькі ператварылі каляску ў прыгожы караблік, але і самі ўвасобіліся ў піратаў. Трэцяе месца заняла сям’я Сяргея Анатольевіча і Алены Іванаўны Бражаловічаў, іх дачушка ехала ў карэце, запрэжанай двума коньмі. Не абышлося і без прызоў глядацкіх сімпатый. Асабліва спадабаліся прысутным вялікая сям’я Андрэя Валянцінавіча і Наталлі Сяргееўны Жамоздзікаў, што прадставіла сябе ў якасці цыганскага табару, і сям’я Віктара Міфодзьевіча і Марыны Вацлаваўны Кадырка з транспартным сродкам “Міліцыя”.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі граматы, памятныя падарункі і прыгожыя вазоны, якія прадаставіла кветкавая гаспадарка “Экафлора”. Таксама спонсарамі выступілі прадпрымальнікі з райцэнтра і кампанія “Mary Kay” у асобе Алены Харук.

А гулянне працягвалася. Дружнымі авацыямі прысутныя сустрэлі народны гурт народнай песні “Сваякі”. Падчас іх выступлення дзеці танцавалі, а дарослыя падпявалі і шчыра апладзіравалі.

Закончылася Купалле святочнай дыскатэкай, якую зладзілі работнікі раённага Цэнтра культуры.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Свята-агня-і-вады-1

Свята-агня-і-вады-2

Свята-агня-і-вады-3

Свята-агня-і-вады-4

Свята-агня-і-вады-5

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars