Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

За чэрвень ад нападзення кляшчоў у раёне пацярпелі 44 чалавекі, з іх 13 дзяцей. У 20-і выпадках прысмоктванне кляшча адбылося пры наведванні лясных масіваў, у 24-х – на прысядзібных ці дачных участках. Дарэчы, летась за чэрвень у медыцынскія ўстановы з-за ўкусаў кляшча звярнуліся 53 чалавекі, сярод якіх былі 15 дзяцей.

Цікава, што ў 2017 годзе было планава даследавана 40 кляшчоў, сабраных на тэрыторыі нашага раёна. У 5 асобін выяўлены ДНК хваробы Лайма, у 1 – вірус клешчавога энцэфаліту, у 8 выпадках – ДНК клешчавога рыкетсіёзу, у 13 – ДНК анаплазмозу, 11 – ДНК монацэтарнага эрліхіёзу чалавека.

У першы месяц лета адпаведнымі службамі праведзена апрацоўка ад кляшчоў 2 гектараў паляны адпачынку “Міхалова”, дзе звычайна праводзяцца турыстычныя злёты, а таксама па 0,2 гектара тэрыторый летнікаў на базе Вішнеўскай, Сакаўшчынскай СШ і Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната, стацыянарнага лагера “Палачанка” на тэрыторыі раёна. Варта пастаянна помніць пра меры перасцярогі пры наведванні лесу: правільна апранацца, надаваць увагу сваёй амуніцыі, карыстацца спрэямі супраць кляшчоў, трымаць у парадку прысядзібныя ўчасткі – скошваць траву, не назапашваць там смецце і г. д.

 

У апошнія дні чэрвеня на базе Вілейскага вадасховішча прайшоў турыстычны злёт “Мы – за актыўнае даўгалецце” ў рамках сацыяльнага праекта “Зорка надзеі”, накіраванага на паляпшэнне якасці жыцця пажылых людзей, якія пражываюць у Вілейскім раёне. Праект гэты рэалізуецца ў рамках праграмы “Месца сустрэчы – дыялог” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня”.

Вілейскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва запрасіў да ўдзелу ў злёце каманды пенсіянераў, што наведваюць дзённыя аддзяленні для пажылых людзей, нашага і Смаргонскага раёнаў. Самі гаспадары выставілі дзве каманды. У праграме злёту былі візтоўка каманд-удзельніц, турыстычная эстафета, конкурс турыстычнай песні, спаборніцтвы па шашках і інш. Каманда нашага цэнтра пад назвай “СССР” у складзе 10 чалавек, якія прадстаўлялі клубы “Залатая восень” і “Лэдзі”, выступіла вельмі добра, заняўшы другое месца. Дадому жанчыны вярнуліся з дыпломамі і падарункамі. А галоўнае, што з карысцю правялі на прыродзе час і набылі новых сяброў.

 

У хуткім часе ў сталічным выдавецтве “Каўчэг” павінна выйсці з друку новая кніга жыхаркі райцэнтра, члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Галіны Уладзіміраўны Марцінкевіч.

Шостая па ліку кніга аўтара будзе называцца “Наталяю душу”. Там сабраны новыя вершы паэткі, ёсць настальгічныя нататкі ў прозе.

 

У мінулым месяцы амаль з тыдзень у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Польшчы – Вроцлаве – праходзіў Крэсовы фестываль, у якім брала ўдзел вакальнае трыа Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў “Biedroneczki” (кіраўнік Юлія Скурко).

Юныя вакалісты выконвалі творы на беларускай і польскай мовах у лепшых канцэртных залах Вроцлава, таксама выступалі ў гарадах Шчаўна-Здруй і Мерашуў.

 

Салісты РЦК і Падбярэзскага сельскага цэнтра культуры, удзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” з канцэртнай праграмай “Вам – нашы вершы, песні, сэрцы” выступілі перад жыхарамі пасёлка Беразінскае Маладзечанскага раёна.

Беразінцы цёпла прымалі кожны нумар праграмы, шчыра апладзіравалі, дарылі кветкі салістам Валянціне Далговай, Іосіфу Сухавецкаму, Веры Лявіцкай, Карыне Кашырскай, Вользе Дзядзюль, Дзмітрыю Завацкаму, сямейнаму дуэту Святлане і Ігару Гурбанам, Ліліі Маразоўскай. Свае вершы чыталі Марыя Шакун, Надзея Агіевіч, Галіна Гражынская.

 

Па ініцыятыве свайго прафкама работнікі Маладзечанскага медыцынскага каледжа пазнаёміліся з гісторыяй нашага раёна, дзякуючы вандроўцы “З гісторыяй, з культурай, з намі”.

Яны пабывалі ў найбольш знакавых месцах Валожыншчыны, пазнаёміліся з гістарычнымі помнікамі і храмамі, звычаямі і абрадамі. Прыемна, што ў Год малой радзімы праект выходзіць за межы раёна, ён цікавіць і нашых суседзяў.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars