Галерэя мастака

На Свяце горада па-сапраўднаму сімвалічным стала мерапрыемства, што адбылося ў цэнтральнай раённай бібліятэцы – адкрыццё мастацкай галерэі жывапісца Уладзіміра Сайко. Ураджэнец Валожына, чыя першая персанальная выстава (яшчэ ў школьным узросце) прайшла тут жа, перадаў у дар роднаму гораду каля 20 пейзажаў, партрэтаў, выяў бытавых сцэнак. Большасць работ выканана алеем. Радуюць вока гледачоў і невялікія, але запамінальныя акварэлі.  

Урачыстасць значылася першым пунктам у праграме свята. Каб вітаць аўтара цудоўных карцін, кожная з якіх увабрала прыгажосць Валожынскай зямлі, шчодрасць душы яе жыхароў, на другім паверсе ўстановы культуры сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, работнікі РЦК, ЦРБ, родныя і сябры мастака. Са словамі павагі і ўдзячнасці да майстра звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Адамовіч, дырэктар краязнаўчага музея Наталля Лоўчая, дырэктар ЦРБ Ірына Зянько. Было ўзгадана мноства слаўных імён, якімі сёння ганарыцца Валожынскі край. Сярод іх – майстры выяўленчага мастацтва Юзаф Брэкман, Фердынанд Рушчыц, Пётр Скарынка, Фелікс Янушкевіч, Алесь Квяткоўскі. З павагай вымаўлялі землякі і імя маладога прадаўжальніка іх справы У. Сайко.

У адрозненне ад сваіх калег, многія з якіх былі самавучкамі, Уладзімір атрымаў выдатную адукацыю. Ён – выпускнік Мінскага каледжа мастацтваў, Беларускай акадэміі мастацтваў, Сурыкаўскага інстытута ў Маскве. Зараз выкладае ў Бараўлянскай дзіцячай школе мастацтваў і адначасова – свабодны мастак. Супрацоўнічае з мастацкімі галерэямі сталіцы і іншых гарадоў Беларусі. Шмат разоў выстаўляўся ў Расійскай Фэдэрацыі, мае там прыхільнікаў, з’яўляецца членам Саюза мастакоў Расіі.

Уладзімір працуе ў розных жанрах. З задавальненнем бярэцца за батальныя сцэны. У нацыянальным гістарычным музеі прайшла прэзентацыя гістарычнага палатна “Сібірскія стралкі”. Уклад мастака ў патрыятычнае выхаванне моладзі адзначылі шаноўныя госці – старшыня беларускага грамадскага аб’яднання “Русь” Іван Корда і старшыня Мінскага ваенна-патрыятычнага цэнтра “Бацькаўшчына” Андрэй Валер’евіч Тапаз. Шчыра і пранікнёна прагучалі словы аднаго са шматлікіх вучняў, а сёння мастака і калекцыянера Сяргея Махнача. Прэзентуючы свае творы, аўтар падкрэсліў, што кожная з работ, якія ўвасабляюць краявіды Валожыншчыны, зроблена з натуры. Прысутных уразілі палотны “Партрэт бацькі”, “Дубок. Вёска баркі”, “Стары човен”, “Вясна”, “Дарога да дому”. Моцнае ўражанне выклікалі і акварэлі “Куток Бярэзіны”, “Пад вечар”, “Колер вечаровы на хвалях возера”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Галерэя-мастака-1

Галерэя-мастака-2

Галерэя-мастака-3

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars