Край як аб’ект краязнаўчай дзейнасці бібліятэчных устаноў

У апошнія дні чэрвеня прайшоў рэгіянальны семінар бібліятэчных работнікаў Дзяржаўнай установы культуры “Ашмянская раённая бібліятэка” Гродзенскай вобласці і Дзяржаўнай установы “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка”. Тэмай семінара была абрана краязнаўчая дзейнасць бібліятэк, і абедзве стараны падрыхтавалі даволі насычаную праграму.

27 чэрвеня бібліятэкары Валожынскага раёна наведалі Ашмянскую зямлю. Адкрыла семінар Людміла Антонаўна Каханоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, якая расказала пра асноўныя прыярытэты развіцця культуры Ашмяншчыны. З бібліятэчнай сістэмай раёна калег пазнаёміла дырэктар ДУК “Ашмянская раённая бібліятэка” Марына Рамуальдаўна Белавус. Вопытам работы па экалагічным краязнаўстве падзяліліся работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі.

У сельскай бібліятэцы аграгарадка Мураваная Ашмянка бібліятэкары Валожыншчыны наведалі музейны краязнаўчы пакой, у сельскай бібліятэцы аграгарадка Гальшаны – музей Дугі Струве. Удзельнікі семінара таксама наведалі помнік прыроды – валун “Нявесцін камень” і руіны Гальшанскага замка.

Завяршыўся семінар на барунскай зямлі. Пасля экскурсіі па Барунскім базыльянскім комплексе бібліятэчныя работнікі накіраваліся ў сельскую бібліятэку аграгарадка Баруны.

29 чэрвеня сустракалі гасцей бібліятэкары ўстаноў Валожыншчыны. Першай кропкай у праграме стала наведванне Вішнеўскай сельскай бібліятэкі. Галоўны напрамак дзейнасці ўстановы – краязнаўства, і гэта невыпадкова: у розны час на Вішнеўшчыне нарадзіліся і працавалі Сымон Будны, Уладзіслаў Чарняўскі (музей памяці якога давялося таксама наведаць у рамках праграмы семінара), Канстанцыя Буйло, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (жонка Янкі Купалы), Пятро Бітэль, Хведар Чэрня. Бібліятэкар Алена Генадзьеўна Жвірко пазнаёміла ашмянцаў з гісторыяй Вішнеўскага краю і правяла фотаэкскурсію “Шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзідэнцкую вуліцу ў Іерусаліме” ў пакоі памяці, прысвечаным Шымону Пэрэсу – 9 прэзідэнту Ізраіля, які нарадзіўся ў Вішневе.

Затым удзельнікі семінара накіраваліся ў гарадскі пасёлак Івянец. Загадчык бібліятэкі Ірына Бярнардаўна Бурачэўская пазнаёміла калег з дзейнасцю ўстановы, пасля наведалі касцёл Святога Міхаіла Арханёла, дзе Ігар Аляксандравіч Солтан – бібліятэкар установы – правёў экскурсію і расказаў пра гісторыю касцёла, манастыра манахаў-францысканцаў і ўвогуле гарадскога пасёлка Івянец.

Наступнай была Дорская сельская бібліятэка – інфармацыйны і культурны цэнтр аграгарадка, гаспадыня якой – Ганна Іванаўна Афоніна – ветліва сустрэла гасцей і падзялілася вопытам сваёй работы. Затым бібліятэкары наведалі Валожынскую дзіцячую бібліятэку і Валожынскую цэнтральную раённую бібліятэку – даведаліся пра дзейнасць бібліятэк па выкарыстанні гісторыка-культурнага патэнцыялу раёна ў бібліятэчным краязнаўстве.

Завяршыўся семінар круглым сталом у Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч пазнаёміў гасцей са станам і перспектывамі развіцця культуры і гісторыка-культурным патэнцыялам Валожынскага раёна, дырэктар галоўнай бібліятэчнай установы раёна Ірына Міхайлаўна Зянько – з сучаснымі тэндэнцыямі і перспектывамі развіцця бібліятэк Валожыншчыны.

Пры падвядзенні вынікаў удзельнікі семінара падзяліліся асабістымі ўражаннямі і прапановамі аб далейшай рабоце бібліятэчных устаноў у краязнаўчым кірунку, выказалі меркаванні, што такія сумесныя мерапрыемствы садзейнічаюць росту прафесійнага майстэрства, павышэнню эфектыўнасці работы з чытачамі.

Настасся ПАХОЛКА,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Валожынскай

цэнтральнай раённай бібліятэкі

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars