Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

За першае паўгоддзе ў раёне нарадзіліся 130 немаўлят (60 хлопчыкаў і 70 дзяўчынак). За гэты ж тэрмін зарэгістраваны 76 шлюбаў і скасаваны 12, устаноўлена бацькоўства ў 19 выпадках, у 6 зафіксавана змена прозвішча альбо імя ці імя па бацьку. 329 чалавек рознага ўзросту пайшлі з жыцця.

     Для параўнання: за шэсць месяцаў мінулага года ў раёне з’явіліся на свет 168 хлопчыкаў і дзяўчынак, а з жыцця пайшлі 347 чалавек. Зарэгістраваны 72 шлюбы, а скасаваны ўсяго 7, бацькоўства ўстаноўлена было ў 21 выпадку. 5 дзяцей сёлета нарадзіліся ў замежных грамадзян, іх бацькі маюць грамадзянства Расіі, Украіны, Азербайджана, Ірана, Егіпта. У адной сям’і на Валожыншчыне нарадзілася шостае дзіця, у другой – сёмае.

Сярод імёнаў дзяўчынак па колькасці названых лідзіруюць Дар’я і Ксенія, на другой і трэцяй пазіцыях – Лізавета, Мілана, Сафія і Ганна, а таксама даволі рэдкае імя Васіліса. Сярод імён, якія можна аднесці да рэдкіх, – Аглая, Герда, Мілада, Беата, Караліна, Еўфрасіння. Штогод у нас з’яўляюцца Ясеніі. У хлопчыкаў бясспрэчны лідар – Арцём, на другім месцы імёны Аляксандр, Арсеній, Кірыл, Максім, на трэцім – Глеб, Іван, Цімафей, Мікіта. У той час у раёне з’явіліся Гектар, Даніэль, Дамінік, Люцый, Савелій.

 

Аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства на працягу года – і ўжо не першы год – харчуе працаўнікоў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і “Данпрода”. Для апошняга гатуюць больш за ўсё абедаў і падвячоркаў – да 90.

Пачынаючы з пасяўной кампаніі, сыравіну для гатавання ежы на ўласных катлапунктах – свініну, мяса птушкі, кілбасы і іншыя прадукты – райспажыўтаварыства адпускае для працаўнікоў КУП “Сівіца”, ААТ “Лоск”, КСУП “Сакаўшчына” і КСУП “Падбярэззе”.

 

У другія выхадныя ліпеня на аграсядзібе “Бацян” у нашым раёне ў дзявяты раз прайшоў злёт Бацяноў. І хаця на гэты раз субота была аб’яўлена рабочым днём, сустрэчу сваякоў, суседзяў, сяброў з аднолькавым прозвішчам Бацян вырашылі не адмяняць і не пераносіць. Зразумела, што далёка не ўсе жадаючыя сабрацца здолелі здзейсніць гэту задуму. Прыехалі Бацяны з Валожына, Барунаў, Ашмянаў, Вішнева, Сакаўшчыны, Мінска.

Для гасцей гаспадары падрыхтавалі не толькі сваю фірменную страву – клёцкі з мясам, але і розныя конкурсы і забавы. Уладзімір Бацян правёў майстар-клас па вырабе сувенірных валёнкаў велічынёй з карабок для запалак. Іх можна выкарыстоўваць як асвяжальнік паветра ў машынах. Вырабілі таксама хадулі, якія адарваны ад зямлі на 70 сантыметраў, усе жадаючыя змаглі паспрабаваць пахадзіць на іх. Былі арганізаваны танцы, хараводы, конкурсы. За размовамі, абменам навінамі, што адбыліся на працягу года, час праляцеў непрыкметна.

 

     8 ліпеня народны інструментальны ансамбль “ArsLonga” Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў прыняў удзел у фестывалі “Дукорская брама”, які праходзіў у Дукорскім маёнтку Магілёўскай вобласці. На фестывалі ансамбль паказаў вялікую і разнастайную праграму і набыў новых прыхільнікаў сваёй творчасці.

 

     У першы месяц лета ў напружаным рытме давялося папрацаваць работнікам Валожынскай дзіцячай бібліятэкі: амаль штодня яе наведвалі ўсе гарадскія летнікі, што працавалі на базе школ і гімназіі.

Была праведзена экалагічна-пазнавальная гульня “Я дружу с букашкой, птичкой и ромашкой”, аформлена выстава-падарожжа “Акіянскія прыгоды: рэальныя і літаратурныя”, да Міжнароднага дня сяброў – гульнёва-забаўляльная праграма “Што даражэй за золата”, экалагічны турнір “Загадкі ў лесе на кожным кроку”. У Дзень кнігі “Хто нам кніжку напісаў” прайшла сустрэча з кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, членам Саюза пісьменнікаў В. Ф. Гіруць-Русакевіч “А ці ведаеце вы…”, таксама ў бібліятэцы былі аформлены выставы кніг пісьменнікаў-юбіляраў, падрыхтаваны прагляд літаратуры беларускіх аўтараў. На працягу двух дзён – 21 і 22 чэрвеня – работнікі раённага краязнаўчага музея праводзілі ўрок-памяць “Вогненныя трагедыі вёсак Валожыншчыны”.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars