Супраць эпідэміі – вакцынацыя

    Медыцынскія работнікі раёна рыхтуюцца да правядзення кампаніі па імунізацыі насельніцтва супраць грыпу, якая пачынаецца з 1 верасня бягучага года. РУП «Мінская Фармацыя» прапануе наступныя вакцыны:

«Грыпол плюс» вытворчасці ТАА «НВА Петравакс Фарм», РФ;

«Ультравак» вытворчасці ФГУП «НВА Мікраген» Міністэрства аховы здароўя Расіі, г. Іркуцк, РФ;

«Інфлювак» вытворчасці «Abbot Biologicals B. V.», Нідэрланды;

«Ваксігрып» і «Ваксігрып Тэтра» вытворчасці «Sanofi Pasteurs S. A.», Францыя.

З вышэйпералічаных «Ультравак» – жывая вакцына, якая ўводзіцца праз распыляльнік у насавыя хады, астатнія вакцыны – інактываваныя і ўводзяцца ін’екцыйна. Прычым «Ваксігрып» і «Ваксігрып Тэтра» адносяцца да спліт-вакцын, гэта значыць, у сваім складзе ўтрымліваюць вонкавыя і ўнутраныя часцінкі віруса грыпу. «Грыпол плюс» і «Інфлювак» – субадзінкавыя вакцыны, гэта значыць, утрымліваюць толькі вонкавыя часцінкі віруса грыпу. Спліт-вакцыны і субадзінкавыя вакцыны могуць прымяняцца з 6-месячнага ўзросту, у іх вельмі нізкая верагоднасць развіцця пабочнай рэакцыі.

Прапанаваныя вакцыны «Ультравак», «Інфлювак», «Ваксігрып» з’яўляюцца трохвалентнымі вакцынамі, у іх склад уваходзяць антыгены вірусаў грыпу А (H1N1 і H3N2) і В. Вакцына «Ваксігрып Тэтра» – чатырохвалентная, змяшчае антыгены вірусаў грыпу А (H1N1 і H3N2) і двух ліній віруса грыпу В.

Усе вышэйпералічаныя найменні зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і маюць багаты вопыт прымянення ў нашай краіне і за мяжой.

Вакцыны супраць грыпу бяспечныя ва ўжыванні, а вакцынацыя – гэта асноўны метад прафілактыкі грыпу і скарачэння маштабаў эпідэмій. СААЗ рэкамендуе штогадовую вакцынацыю перад пачаткам сезона грыпу для медыцынскіх работнікаў, а таксама для асоб, якія ў найбольшай ступені схільныя да рызыкі развіцця цяжкіх ускладненняў грыпознай інфекцыі: пажылых людзей, пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, цяжарных жанчын і дзяцей ранняга ўзросту.

Таццяна ТУРПАКОВА,

урач-імунолаг

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars