Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Лета – гарачая пара для аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства. Патрэбна напоўніць паліцы магазінаў свежай садавінай і агароднінай, зрабіць закладку агародніны на ўвесь зімовы перыяд. Асноўная нагрузка кладзецца на плечы чатырох штатных нарыхтоўшчыкаў, два з якіх працуюць у Валожыне, а таксама ў Івянцы і Ракаве. Некаторыя віды сыравіны прымаюць і магазіны раёна. Можна здаваць свежую прадукцыю непасрэдна на гароднінную базу райспажыўтаварыства.

Думаю, што са мной пагадзяцца ўсе пакупнікі: як ніколі добра спрацавалі нарыхтоўшчыкі з клубніцамі. Ды і па цане дастойна вытрымалі канкурэнцыю на рынку. Дастаўлялі ягаду з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, і від у яе сёлета быў тавары, і цана прымальная. Пры плане 3 тоны гэтай ягады нарыхтавалі 4 тоны 200 кілаграмаў і ўсю рэалізавалі праз рознічную гандлёвую сетку. Гэтымі днямі паспяхова вядзецца нарыхтоўка агуркоў. Пры даведзеным заданні 45 тон на 12 ліпеня нарыхтавана ўжо 40,7 тоны. А сезон агуркоў фактычна толькі пачаўся. Поўным ходам ідзе нарыхтоўка чырвоных і чорных парэчак. Калі летась чырвоных парэчак нарыхтавалі 5,6 тоны, то цяпер ужо 12 тон, а таксама 700 кілаграмаў чорных. На паліцах магазінаў у поўным асартыменце прадстаўлена агародніна новага ўраджаю: цыбуля і беларускі часнок, ранняя бульба, морква, капуста, буракі.

 

За першае паўгоддзе дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога была аказана 605 жыхарам раёна. Для яе выплаты выкарыстана з раённага бюджэту 202 тысячы 237 рублёў. У тым ліку бясплатнае харчаванне атрымалі 48 дзяцей да двух гадоў.

За шэсць месяцаў 28 сем’ям раёна выдадзены пасведчанні мнагадзетнай сям’і. Напомнім, што мнагадзетнай у Беларусі лічыцца сям’я, дзе выхоўваюцца тры і больш дзяцей. У Ракаўскім сельсавеце такія пасведчанні атрымалі 8 сем’яў, у Валожыне – 4, у Івянцы і Івянецкім сельсавеце – 3. За адзначаны час за налічэннем сямейнага капіталу ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звярнуліся 25 сем’яў.

 

Працягваецца арганізаваны адпачынак школьнікаў падчас канікулаў. Тры групы дзяцей выехалі за мяжу ў Германію па лініі Хрысціянскага саюза дарослых і маладых. Адпачынак там працягваецца 21 дзень. З 27 чэрвеня аздараўленне ў Германіі праходзяць 12 школьнікаў з Вішнеўскага НПК плюс адзін суправаджаючы, з 2 ліпеня і 4 ліпеня ў Германіі адпачываюць 7 багданаўскіх школьнікаў і 10 сакаўшчынскіх плюс адпаведна адзін і два суправаджаючыя. Раней, праўда, гэтыя лічбы былі ў дзясяткі разоў большыя. Па розных прычынах перасталі запрашаць на аздараўленне дзяцей з іншых школ. Згубілася супрацоўніцтва з чарнобыльскімі арганізацыямі ў Японіі, Іспаніі, Італіі, Польшчы, якія раней плённа займаліся аздараўленнем дзяцей Валожыншчыны.

Затое самы розны адпачынак прапаноўваюць мясцовыя летнікі. На мінулым тыдні завяршыў работу лагер “Патрыёт”, дзе былі сабраны 40 дзяцей, сярод якіх 7 дзяўчынак, што патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. Лагер традыцыйна быў арганізаваны на базе воінскай часці, хлопчыкі і дзяўчынкі жылі ў казарме. Было наладжана цеснае міжведамаснае супрацоўніцтва: у рабоце бралі ўдзел работнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, БРСМ, ДТСААФ, РАНС. Дзеці таксама наведвалі басейн, кінатэатр. На базе адукацыйна-аздараўленчага цэнтра турызму ў пасёлку Ратамка працуе летнік “Парус”, дзе арганізаваны тры змены для дзяцей нашага раёна. Усяго там адпачнуць 108 школьнікаў. На дзве змены выязджаюць вучні Ракаўскай СШ, і адна змена будзе зборнай. У гэтым летніку кожны дзень напоўнены самымі разнастайнымі экскурсіямі: на завод “Кока-Кола”, у конна-спартыўную школу ў Ратамцы, у Заслаўль, на кацеры па Мінскім моры і інш.



Добавить комментарий