Гарачая пара стартавала

Общество

Большасць гаспадарак раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу: па даных дыспетчарскай службы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні па стане на 13 ліпеня ўбраны 467 гектараў, ці 17 працэнтаў ад неабходнага. Намалочаны 463 тоны масланасення рапсу, сярэдняя ўраджайнасць складае 9,9 цэнтнера з гектара.

У мінулым годзе ўвосень рапс у раёне быў пасеяны на плошчы 4200 гектараў. Больш чым трэцяя частка пасеваў загінула зімой падчас моцных маразоў, асабліва пацярпелі палеткі ў ТАА “Тарасава”, КСУП “Пяршаі-2014” і ААТ “Агра-Дубінское”. Значную шкоду нанесла і працяглая засуха – яна паўплывала на вегетацыю пасеваў: з-за недахопу вільготнасці расліны не змаглі своечасова разгалінавацца і ўтварыць добрыя стручкі. У выніку ўбіраць аграрыям давядзецца 2757 гектараў. Самыя большыя плошчы азімага рапсу ў ТАА “Тарасава”: 474 гектары; па 300 гектараў – у ААТ “Агра-Дубінское”, “Лоск”, КСУП “Пяршаі-2014”.

Самую вялікую ўраджайнасць атрымліваюць у СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”: па 17,3 цэнтнера з гектара, па 16,7 цэнтнера маюць у КСУП “Пяршаі-2014”. У астаніх гаспадарках ледзьве дацягваюць да 9 цэнтнераў з гектара.

У дзяржаўныя засекі, а менавіта на ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі” сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна паставіць 1000 тон масланасення рапсу, з іх 170 тон – ТАА “Тарасава”, па 110 тон – ААТ “Агра-Дубінское”, “Лоск”, КСУП “Пяршаі-2014”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий