Жывёлавод па прызванні

Таццяна Сяргееўна ГАСЦІЛОВІЧ аператар машыннага даення МТФ “Седлішча” ААТ “Лоск”.

Сціплую жанчыну, старанную працаўніцу цэняць у гаспадарцы. Безадказная, працавітая, не цураецца ніякай работы, незаменная ў крытычнай сітуацыі – такімі характарыстыкамі надзяляюць калегі. Яна не адразу вызначылася з прызваннем. Хоць з дзяцінства дапамагала маці, якая ўсё жыццё шчыравала на ферме, пасля школы зрабіла спробу змяніць вясковыя клопаты на гарадское, больш камфортнае жыццё – пэўны час працавала на заводзе “Спутнік” у Маладзечне. Але ж асабістае шчасце знайшла з забрэзскім хлопцам, таму вярнулася ў родныя мясціны. Яе муж – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Аляксандр Генадзьевіч Гасціловіч. Разам выгадавалі чатырох сыноў, і, трэба адзначыць, нашчадкі паспелі папоўніць працоўную дынастыю Гасціловічаў. Старэйшы Саша працуе галоўным аграномам, Міхаіл – механізатар (яго жонка таксама ў складзе сямейнай каманды – эканаміст), Яўген – студэнт, будучы аграном. І толькі малодшы Мікіта пакуль вучыцца ў школе, аднак ніколі не адмаўляецца ад дапамогі бацькам па гаспадарцы і на поўным сур’ёзе разглядае магчымасць набыцця сельскагаспадарчай прафесіі. У жанчыны ўласны погляд на вясковы побыт. Яна за традыцыйнасць. Усё павінна быць так, як вядзецца спрадвек – дагледжаны агарод, жыўнасць у хляве і, як вынік, мінімум прадуктаў з магазіна.

Шмат гадоў Таццяна Сяргееўна непарыўна звязана з вытворчасцю малака. Хоць яе прафесія зараз гучыць інакш, тым не менш, сама сябе называе даяркай. Упэўнена: якія б тэхналогіі ні прымяняліся ў працэсе, сутнасць яго нязменная. Статак з 240 галоў неабходна падаіць, а якім чынам – гэта ўжо акалічнасці. У бягучым годзе аператар адзначана падзякай і каштоўным падарункам ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу як лепшая ў галіне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars